Ёсць такая катэгорыя людзей, якія пры любой уладзе будуць трымацца ў апазіцыі. Іх прынцып, што б іншыя ні зрабілі, – гэта ўсё роўна дрэнна.

З такімі ў маім жыцці давялося кантактаваць не аднойчы. Ім усё крыва. Сусед жыве заможна, значыць, штосьці крадзе, бедна – няўдачнік. Унікнуць жа ў абставіны, паспрабаваць разабрацца ў прычынах – гэта не. А навошта? Галоўнае, што таварышам нязгодным вывад зроблены. Усё астатняе яго не тычыцца. Паветра ўскалыхнуў, плётку пусціў, скаргу куды трэба ці не трэба накіраваў – і задаволены сваёй дзейнасцю. Як цяпер гавораць, абы хайп злавіў. Такіх людзей няшмат, але яны існуюць побач з намі. Радуюцца няўдачам, атручваюць жыццё не толькі навакольным, але і сабе. Бо жоўць, якая выдзяляецца ад іх дзейнасці, разбурае арганізм і ім самім.
Існуе і катэгорыя нязгодных, якія за сваю «дзейнасць» атрымліваюць грошы. За пераробку «мухі ў слана» спонсары кідаюць ім кавалкі. Але працадаўцы патрабуюць ад работнікаў, якіх кормяць са сваіх рук з мікрапакрыццём свабоды, рэгулярных справаздач, пажадана хоць крыху пераканаўчых. Трэба ж, каб хоць хтосьці паверыў, каб хоць у некалькіх душах пасеяць зерне абурэння, нязгоды, усяліць дух барацьбіта за справядлівасць. Таму і сталі з’яўляцца як грыбы пасля дажджу своеасаблівыя старонкі ў сацыяльных сетках, Telegram-каналах. Назвы розныя, некаторыя сцвярджальныя, маўляў – «не ваш горад».
А чый? Можа, гэта горад двух соцень удзельнікаў Telegram-канала? А астатнія жыхары – ні пры чым? Ці не занадта птушкі, якія фэйкуюць у канале, высока паляцелі? Можна і крылы абсмаліць, ды і з вышыні вельмі балюча падаць. Некаторыя яшчэ ўчора нічога з сябе не ўяўлялі, а тут пераўтварыліся ў палітыкаў, эканамістаў, «барацьбітоў» за народнае шчасце. Спрабуюць наймаць такіх жа рэкрутаў, як самі, абяцаючы добрыя грошы. За чый кошт банкет, не падкажаце? А рэкруты рады старацца, навыперадкі кінуліся разпаўсюджваць розныя фэйкі, заклікі, накшталт: «не адпускайце сваіх сыноў на вайну». А хто іх туды кліча, каму яны там патрэбны? Спытай пра гэта ў такіх фэйкамётаў, дык яны і самі не ведаюць адказу. Пасля таго, як іх выявілі, стаяць перад прадстаўнікамі органаў правапарадку, шмыргаюць носам, выціраюць кракадзілавыя слёзы, пачынаюць скавытаць: больш не буду, не ведаў, мяне папрасілі… А да гэтага уяўлялі сябе Пяроўскімі і Жалябавымі. На самай жа справе — няўдачнікі, якія не змаглі сябе рэалізаваць на Радзіме, спрабуюць на чужыне. Там яны толькі для такога кшталту дзеянняў і патрэбны.
Любяць яшчэ сусветна нязгодныя маніпуляваць лічбамі. То ў іх выдаткі на рамонтныя работы ажно 86 тысяч рублёў (затым крыху паменшала — да 67600). І так яны ад гэтага пакутуюць, стогнуць: лепей бы гэтыя грошы на штосьці патрэбнае пайшлі. А што для іх патрэбнае, і самі не ведаюць.
Выклікаюць сапраўдную павагу тыя, хто бачыць праблему, звяртае на яе ўвагу, не толькі сваю, але і навакольных, выносіць яе на ўсенароднае абмеркаванне, прапануе шляхі вырашэння. Жыццё складаецца з пытанняў, праблем. Каб усяго гэтага не было, не цікава было б. Самазаспакоіліся б, заплылі тлушчам. Тут наўспамін прыйшоў дзіцячы фільм часоў СССР «Отроки во Вселенной». Дык вось, у ім на адной з планет уладу захапілі біяробаты. Усё насельніцтва яны зрабілі бесклапотным, правялі так званае «ашчасліўліванне». Людзі ад гэтага ператварыліся амаль у планктон, які нічога не хацеў, нічым не цікавіўся. А навошта? Ні праблем, ні турбот не існуе. І ў выніку — амаль зніклі.
Праблемы прымушаюць нас мабілізавацца, трымаць сябе ў тонусе, страпянуцца і адшукаць разам тое ці іншае выйсце. Калі мы згуртоўваемся, прымушаем нервавацца і рабіць памылкі прафесійных «нязгодных» або «неверагодных». Тых, хто прымацаваў на твар маскі барацьбітоў за светлае жыццё ўсіх і кожнага. Насамрэч яны непакояцца толькі за свае карыты, каб корм там не знікаў, бо гэта іх засмучае.
Яны вельмі прагнуць быць «ашчасліўленымі»…
Віктар Ільюшчанка