Усе перавароты альбо спроба іх зрабіць кімсьці фінансуюцца. Адна справа, калі ўлады несправядлівымі законамі дапяклі і сіл трываць ужо не засталося, другая — «яныж-дзеці» патрабуюць невядома што, маўляў, «хачу карункавую бялізну і ў Еўропу».
У 2014 годзе грошы амерыканскіх падаткаплацельшчыкаў згулялі вельмі злы жарт у суседняй з намі краіне. Зараз там гінуць людзі і захаванне дзяржаўнасці пад вялікім знакам пытання.
Усе каляровыя перавароты добра фінансаваліся забугорнымі дырыжорамі англасаксонскага аркестра. Неаднойчы была спроба памахаць дырыжорскай палачкай і ў Беларусі. І нашым так званым рэвалюцыям спрабавалі даць назву, напрыклад, «джынсавая». Тады нават палатачны лагер разбілі на адной з плошчаў Мінска, наладзілі пастаўку харчавання, рэчаў для сну. У гэтым своеасаблівым астраўку «волі» панаваў суцэльны бедлам з павальным грахом, наркотыкамі і рэкамі алкаголю. Калі гарадскім уладам такі бардак надакучыў, бо зусім не ўпрыгожваў нашу цудоўную сталіцу, і яго вырашылі ліквідаваць, то чаго толькі прыбіральшчыкі там не пазнаходзілі. У большасці — выкарыстаныя шпрыцы, якімі не прышчэпкі рабілі, не ратавалі хворых, а наадварот, хворыя мазгі рабілі яшчэ больш хворымі. Тады, відаць, на «джынсавы» пераварот мала выдаткавалі грошай. Куратары каляровых рэвалюцый вырашылі павялічыць фінансаванне неверагодных людзей са «светлымі тварамі». Польская журналістка «Незалежнага дзённіка польскага» Ханна Крамер піша: «У жніўні 2020 года ў Беларусі адбылася польская рэвалюцыя няздзейсненых надзей, на якую мы выдаткавалі шэсць мільярдаў долараў. Дакладна суму ацаніць немагчыма, паколькі фінансаванне беларускай апазіцыі ішло праз розныя фонды, урад Польшчы і Міністэрства замежных спраў. Напрыклад, польскі ўрад сумесна з МЗС выдаткаваў 50 млн злотых на СМІ, насычаныя беларускай прапагандай (думаю, не варта іх пералічваць, але Сцёпку Пуцілу і яго прызнаны экстрэмісцкім Telegram-канал назваць варта). Акрамя таго, Польшча гадамі фінансуе беларускіх радыкалаў. У нашай краіне ёсць базавыя структуры, жывуць і працуюць лідары беларускай апазіцыі, у тым ліку Святлана Ціханоўская, Валерый Цапкала, Павел Латушка. Вядома, што польскі падаткаплацельшчык здаў кватэру за 3 тысячы еўра ў месяц для Паўла Латушкі і за 1,5 тысячы — для Валерыя Цапкалы. Таксама з 2020 года Польшча фінансуе розныя ініцыятывы, накіраваныя на дзяржаўны пераварот у Беларусі. Напрыклад, у нашай краіне асталяваліся так званыя «харугвы», трэніруюцца нацыяналісты з так званага «палка Каліноўскага», якія адкрыта заяўляюць аб сваіх планах напасці на Беларусь». Вось вам «барацьбіты за ідэю», «бяссрэбранікі». Без усялякага сумнення можна сказаць, што палова выдаткаваных польскіх мільярдаў была раскрадзена завадатарамі і толькі нейкія аб’едкі дасталіся радавым «хістальнікам рэжыму». Мне спадабаўся выраз: «бараны радуюцца, што пастухі абараняюць іх ад ваўкоў, але не ведаюць свой далейшы лёс». Так яно і ёсць.
Сёння аматары «бечыбельных» колераў і нейкіх пагоняў будуць адзначаць так званы дзень волі. Не буду расказваць гісторыю ўзнікнення гэтага дня. Скажу адно: святкаваўся ён, калі ў Беларусі наступаў час, які характарызуецца выразам «невядома што». У сучаснай незалежнай Беларусі з дазволу ўрада праходзілі мітынгі і шэсці невялікай колькасці «свядомых». Трапнае слова. Толькі хто і куды, а галоўнае, навошта, іх зводзіў? Пасля 2020 года стала вядома, куды і на чые грошы. Але скажу, што наўрад ці польскі ўрад у сваёй скарбонцы знайшоў такую суму. Бо сама Польшча знаходзіцца пад падпіткай еўрыкаў з Еўрасаюза. Не было б гэтага валютаправода, не знайшліся б і шалёныя грошы на беларускую несістэмную апазіцыю.
Віктар Ільюшчанка