Понедельник, 21 апреля 2025

Калонка галоўнага рэдактара. Нягледзячы на цяжкасці, мы — разам з чытачамі

279

У сярэдзіне гэтага тыдня ўдалося пабываць на сельскім сходзе ў аграгарадку Сухопаль.

Можна сказаць, што сам напрасіўся туды прыехаць. Старшыня Сухопальскага сельскага савета дэпутатаў Міхаіл Мартынаў быў не супраць, каб і супрацоўнікі рэдакцыі паўдзельнічалі ў сходзе, на якім разглядаліся надзённыя пытанні добраўпарадкавання аграгарадка. Але аб гэтым я падрабязней раскажу ў іншым матэрыяле.

Пасля абмеркавання праблем, якія так хвалююць сухопальцаў, я рызыкнуў звярнуцца і са сваім надзённым пытаннем. А якое яно ў рэдакцыі газеты на гэты час? Правільна: падпіска на наша раённае выданне.

З кожным годам падпіска ідзе ўсё цяжэй. Асабліва пасля таго, як пачаўся ў Пружанах эксперымент, які, мне здаецца, не жыццяздольны. Не, я не супраць новаўвядзенняў, якія вядуць да прагрэсу, але пакуль пераход на аўтадастаўку пошты ў горадзе сябе не апраўдвае. Спадзяюся, што ўсё наладзіцца. Але… Не буду ўдавацца ў падрабязнасці большых мінусаў, чым плюсаў, але скажу, што не хапае часу аўтадастаўшчыкам не толькі заходзіць да нашых пастаянных падпісчыкаў і афармляць абанемент на газету, але і своечасова дастаўляць карэспандэнцыю да адрасатаў.

Дзякуй Богу, пакуль такой праблемы ў сельскіх жыхароў няма. У Сухопалі Вольга Гарустовіч з’яўляецца і начальнікам аддзялення сувязі, і паштальёнам. У яе 61 чалавек выпісвае «раёнку». Але патэнцыял яшчэ ёсць. Таму мы і звярнуліся да ўдзельнікаў сходу з просьбай падтрымаць нашу газету і аформіць падпіску на IV квартал 2023 года, а там і далей працягваць сябраваць з газетай.

Людзі гаварылі, што газета цікавая, а зараз яшчэ і стала выходзіць з каляровымі фотаздымкамі, якія, на самой справе, сталі ўпрыгожваць наша выданне, але… крыху дарагаватая. Разумею, што вышукаваць са свайго бюджэту грошы яшчэ і на газету не кожны зможа. Але ж існуе льготная падпіска, якая на тры месяцы не такая ўжо і вялікая.
Спадзяюся, што на сходзе мы зразумелі адзін аднаго і колькасць падпісчыкаў крыху павялічыцца.

Пасля сходу, у краме, якая належыць індывідуальнаму прадпрымальніку, мы паразмаўлялі з некаторымі жанчынамі, якія засталіся вернымі роднай газеце і выпісваюць яе не адзін дзясятак гадоў. Расказвалі, што чакаюць кожны нумар з нецярпеннем і чытаюць ад першай да апошняй старонкі. Гэта вельмі прыемна.

Дарэчы, нягледзячы на тое, што газета стала выходзіць каляровай, мы не павысілі выдавецкую цану. Крыху ўзрасла падпісная цана, але не па нашай віне: падаражэлі паслугі паштовых сувязістаў, якія прывозяць газеты і дастаўляюць іх адрасатам.

Мы ўжо расказвалі аб заахвочванні грамадскіх распаўсюджвальнікаў, якія, спадзяёмся, будуць займацца падпіскай на прадпрыемствах, у арганізацыях раёна. Рэдакцыя будзе выплачваць грошы на тых умовах, пра якія мы расказвалі. Нагадаю іх. Грамадскаму распаўсюджвальніку, акрамя выплат ад пошты, будзе выдаткавана ўзнагароджанне і ад рэдакцыі: 1 базавая велічыня за падпіску на «раёнку» кожных 20% ад агульнай колькасці работнікаў арганізацыі (для ўстаноў з колькасцю работнікаў 50 і больш чалавек). Такім чынам, за 40%, падпісаных на «раёнку», выплата складзе 2 базавыя велічыні, і па такой прагрэсіі далей. Азначаны бонусы і для арганізацыі.

Калі распаўсюджвальнік паставіць рэкорд сярод іншых падобных актывістаў прадпрыемстваў (пры гэтым на «Раённыя будні» трэба падпісаць не менш за 20% ад агульнай колькасці работнікаў установы), то гэтай арганізацыі будзе дадзена магчымасць бясплатна заказаць тэматычную старонку ў газеце (увогуле ж такая старонка каштуе 600 рублёў). У гэтай публікацыі можна будзе павіншаваць ветэранаў, адзначыць лепшых работнікаў, расказаць пра навінкі прадукцыі і многае іншае. Думаю, прапановы слушныя і на іх трэба звярнуць увагу.

Прыемна, калі да старых сяброў далучаюцца новыя. Будзем разам.

З павагай, Віктар Ільюшчанка