У Беларусі кожны метр зямлі паліты крывёю воінаў, партызан, мірных жыхароў — ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Напамінам пра гэта служаць шматлікія помнікі, брацкія магілы, асобныя пахаванні вызваліцеляў, тых, хто аддаў жыццё за свабоду і незалежнасць краіны. Беларусь памятае, беларусы ніколі гэтага не забудуць.
Набліжаецца святое для кожнага сапраўднага беларуса свята — Дзень Перамогі. 79 гадоў таму фашысцкая Германія капітулявала. Закончылася кровапралітная Вялікая Айчынная вайна, у якой загінуў кожны трэці беларус, 27 мільёнаў жыхароў СССР, а агульныя страты ў свеце ў выніку Другой Сусветнай вайны ацэньваюцца лічбай больш чым у 70 мільёнаў чалавек (пра што ў многіх краінах імкнуцца забыць).
Дарэчы, і гэтая лічба загінулых — неканчатковая. Кожны год знаходзяцца безыменныя магілы як воінаў, так і мірных жыхароў. Аддаць даніну павагі кожнаму — наш святы абавязак. Гэта мы павінны рабіць пастаянна: утрымліваць у належным стане пахаванні, помнікі, святыя для кожнага з нас месцы, расказваць моладзі пра подзвігі нашых дзядоў, прадзедаў, а для многіх ужо і прапрадзедаў, каб нашы сыны і дочкі, унукі і ўнучкі перадавалі гэтую памяць далей.
9 мая нашы вуліцы напоўняцца святлом, музыкай Вялікай Перамогі, шэсцямі, мітынгамі. Традыцыйна ў гэты дзень будзе праводзіцца акцыя «Беларусь памятае. Памятае кожнага». Так што ўсе, хто жадае, можа пранесці ў парадным шэсці партрэт свайго блізкага чалавека, які загінуў на франтах Вялікай Айчыннай вайны або вярнуўся з яе, але не дажыў да 9 мая 2024 года. Мы пройдзем з імі ў адным страі. Дапамагчы павялічыць фатаграфію да партрэта і раздрукаваць яе зможа раённы камітэт грамадскай арганізацыі «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Вы можаце прынесці ў райкам БРСМ фотакартку ў арыгінале ці ў электронным варыянце з указаннем прозвішча, імя і імя па бацьку героя, пажадана таксама звання, гадоў нараджэння і смерці, калі такія звесткі ёсць. Добрая прапанова. Раю скарыстацца гэтай магчымасцю.
Яшчэ ў рамках гэтай акцыі моладдзю будуць ускладацца кветкі да помнікаў, абеліскаў на брацкіх магілах. Гэта вельмі добра, калі маладое пакаленне перахоплівае эстафету памяці, якая ніколі не павінна згасаць.
Паклонімся вялікім тым гадам…
Віктар Ільюшчанка
Фота Кацярыны Масік, з архіва