Тэму для гэтага разважання падказала мне сустрэча падчас правядзення акцыі «Кветкі Вялікай Перамогі», дакладней, яе апошняя частка – канцэрт ВІА «Арлы над Бугам».
Пакуль шматлікія гледачы, большасць з якіх вучні школ раёна, заходзілі ў глядзельную залу, я выйшаў ва ўнутраны дворык Палаца культуры. Падышлі два хлопчыкі, як высветлілася, вучні гарадскіх школ, калі не памыляюся, №4 і №5. Зараз дзеці больш камунікабельныя, разняволеныя чым у мой час. Таму не здзівіўся, што адзін з хлапчукоў звярнуўся да мяне, спытаў дзе працую. Я сказаў, што ў раённай газеце. Рэакцыя пайшла імгненная. «Мая бабуля выпісвае газету, любіць яе, — распавядаў мне, як пасля прадставіўся, Іван Кулакоў. — Калі прачытае, перадае маім бацькам, яны таксама чытаюць». Я адказаў, што вельмі прыемна, калі «раёнка» карыстаецца папулярнасцю ў іх сям’і. «А вы можаце праз газету перадаць маёй бабулі прывет ад унука Івана?», — нечакана спытаў хлопчык. Я паабяцаў.
Так што, паважаная Ірына Рыгораўна Мурашка, перадаём вам прывітанне ад добрых хлопцаў Івана і Кірыла, які таксама далучыўся да сябра. Жывіце доўга і шчасліва, заўсёды выпісвайце нашы «Раённыя будні».
Ведаеце, невялічкая размова з хлопчыкамі замацавала думку, што пакрысе сталі мы набіраць абароты ў выхаванні сапраўднай моладзі, на якую будзе не страшна пакінуць нашу краіну. Яны не здрадзяць, не прададуць яе некаму дзеля толькі сваёй цяперашняй выгоды. Упэўнены, што акружаць яны сваім клопатам і бацькоў, калі тыя стануць старымі, нямоглымі, не адракуцца ад іх, не здадуць у дом састарэлых.
Давайце паразважаем, колькі ў нас адзінокіх людзей пры жывых сынах і дачках. Мне ў гэтым жыцці давялося з такімі сутыкнуцца не адзін раз. Бываючы па службе ў далёкіх вёсках, сустракаючыся з адзінокімі бабулямі, дзядулямі, дапытваўся, чаму родныя не дапамагаюць плот паправіць, печ адрамантаваць, пабяліць, пустазелле выдаліць, нейкі рамонт зрабіць? Заўсёды чуў у адказ: маўляў, занятыя дзеці, няма ў іх часу прыехаць, далёка жывуць, турбаваць не хочацца. А дзецям і добра жывецца, старыя не турбуюць, дзяржава ім павінна ўсё зрабіць, яшчэ могуць і паскардзіцца ў высокія інстанцыі на тое, што дзяржорганы не прыехалі, не адрамантавалі, не пабялілі, не пакасілі… А вы для чаго? Чаму не клапоціцеся аб тых, хто даў вам жыццё, працаваў, каб накарміць, апрануць, вывучыць, у свет выпусціць? Пагадзіцеся, такія асобы ёсць сярод нас. Яны могуць прыехаць да бацькоў, добра, калі раз на год, а то і радзей. Быццам бы нейкі абавязак выканалі, і на гэтым хопіць. Старыя ж не скардзяцца, наадварот, лічаць, што іх дзеці самыя найлепшыя. Зразумела, сваё, яно і застанецца такім. Добра, што зрэдку наведваюць.
Зараз значныя для нас святы змяняюць адно другое: Вялікдзень, набліжаецца Радаўніца, за ёй – Дзень Вялікай Перамогі. Успомніце пра сваіх родных і блізкіх, патэлефануйце ім, перадайце прывітанне, спытайце пра здароўе, а лепей — прыедзьце і дапамажыце чым-небудзь. Не сумняваюся, што яны маюць патрэбу ў гэтым. Заставайцеся людзьмі да апошняга ўздыху. Залішняга клопату не бывае.
Віктар Ільюшчанка