Калі хочаш, каб цябе абдурылі, гэта абавязкова адбудзецца. Бо як інакш растлумачыць факты актыўнасці махляроў розных сартоў і павелічэння колькасці ашуканых?
На гэты раз я не буду філасофстваваць наконт тэлефонных махляроў і іх ахвяр, кіберзлачынцаў. Размова пойдзе пра тых, хто на розных прэзентацыях набывае рэчы, якія ну не так нам і патрэбны, ды яшчэ і па вельмі завышаным кошце. Добра, калі пакупкі працуюць, прыносяць хоць нейкую карысць. А калі не? Што з гэтым усім рабіць? Грошы ж заплачаны і немалыя, здараецца, што і крэдыт аформлены. З банкам жа праз месяц трэба пачынаць разлічвацца.
Нядаўна ў рэдакцыю патэлефанаваў даволі паважаны пружанец, які сябруе з газетай і раз-пораз звязваецца з намі, выказваючы розныя пажаданні і слушныя прапановы. Расказаў ён нам такую гісторыю. Не так даўно ў Пружанах прайшла прэзентацыя масажных крэслаў. Арганізатары, перш чым правесці такога роду прэзентацыі, тэлефануюць жыхарам населенага пункта, бліжэйшых вёсак з прапановай прыйсці, аздаравіцца, паслухаць лекцыі. Акрамя гэтага, могуць нават запэўніць суразмоўцу, што яму пашанцавала і ён выйграў прыз, засталося толькі прыйсці на мерапрыемства і забраць яго. Гэта адна з пастак, умела расстаўленых арганізатарамі. Хто не любіць падарункі, тым больш калі скажуць, што гэта, напрыклад, пыласос? Вось многія і ідуць, не адчуваючы падвоху.
На самой прэзентацыі праходзіць ледзь не рэгістрацыя ўдзельнікаў. Сустракаюць ветлівыя, прыгожыя дзяўчаты, элегантныя, галантныя мужчыны. І адразу пачынаецца ахмурэнне. Падыходы да кожнага розныя, але мэта адна — пазбавіць грошай. Вас будуць усаджваць ва ўтульныя масажныя крэслы, уключаць музыку. Вы будзеце атрымліваць асалоду ад усяго працэсу. Пасля і не заўважыце, як аформіце крэдыт ці, калі ўзялі з сабой, аддасце свае заробленыя грошы. Дадому адправіцеся з кучай рэчаў, якія вам зусім не патрэбны.
Так было і з нашым сябрам рэдакцыі, пенсіянерам, паважаным чалавекам. Ён аформіў крэдыт на значную суму — больш за 4 тысячы рублёў на масажную накідку на крэсла. Скажу па сакрэту, што самая дарагая накідка каштуе крыху больш за 700 рублёў, ёсць і танней. Зараз чалавек не ведае, што рабіць, спрабуе даказаць, што яму прадалі няякасны тавар. Паўтаруся, чырвоная цана накідкі 300-500 рублёў, але не 3-4 тысячы. Ды людзі аддаюць. Арганізатары такіх шоу валодаюць прыёмамі нейралінгвістычнага праграмавання (НЛП), яны добрыя псіхолагі, ведаюць падыходы да людзей, якія стрункі душы можна закрануць, каб тыя развіталіся са сваімі грашыма.
Наш падпісчык, трапіўшы на вуду НЛПістаў, ачуняў праз некаторы час і вырашыў падаць на ашуканцаў у суд. Што ж, паспрабаваць можна, але, звычайна, у большасці выпадкаў нічога з гэтага не атрымоўваецца. Тавар быў прададзены, прыбор працуе, цэны прадавец сам устанавіў, а пакупнік, аддаўшы свае кроўныя, з гэтам пагадзіўся. Праўда, ёсць выпадкі, калі пацярпелыя выйгравалі суды.
Можна і далей хадзіць на іншыя прэзентацыі: даражэннага посуду, цудадзейных прыбораў і мінералаў, лячэбных коўдраў і падушак, але паслухайцеся парады: ніколі не бярыце з сабой грошы і пашпарт. Адпачніце і не станьце радаснымі ашуканымі.
Віктар Ільюшчанка