На мяжы з Польшчай час ад часу знаходзяць памерлых, людзей, якія трапілі ў небяспечнае становішча, мігрантаў з краін, дзе носьбіты «дэмакратыі» ўсталявалі свае парадкі.

Людзі бягуць ад вайны, разрухі, бяды туды, дзе, на іх думку, райскае жыццё. Аднак трапляюць у жорсткія ціскі раўнадушша, чэрствасці, нават варожасці. І, што цікава, Польшча ім не трэба, яны спрабуюць трапіць у краіны з больш моцнай эканомікай. Там мігранты паспрабуюць атрымаць статус бежанца, а з гэтым і выгоды, напрыклад, грашовую дапамогу па беспрацоўі. Але ж Германія, Францыя, Англія і некаторыя іншыя дзяржавы, дзякуючы якім у Сірыі, Іраку, Йемене, Лівіі… зараз хаос, вайна, узрушэнні, не могуць ужо прымаць мігрантаў. Еўрасаюз той жа Польшчы выдаткаваў немалыя сродкі на тое, каб не прымаць бежанцаў, прымушаць рознымі спосабамі вярнуцца хоць куды, толькі не да іх. Таму і блукаюць гэтыя гаротныя людзі па Белавежскай пушчы, спрабуюць неяк перасекчы мяжу. Але на іх шляху – вялізны плот, які з польскага боку па-жывому перарэзаў рэліктавае старажытнае Белавежжа. Там гінуць не толькі жывёлы, але і няшчасныя людзі. На дапамогу бежанцам прыходзяць неабыякавыя валанцёры, медыцынскія работнікі, выратавальнікі, супрацоўнікі органаў унутраных спраў.
Неяк у інтэрнэце праглядаў публікацыі сродкаў масавай інфармацыі Польшчы – сайт газеты «Ведамасці» з Беластока. Там маю ўвагу прыцягнуў матэрыял пад назвай «Абарані маё дзіця і жонку». Пагранічнікі пастаянна перакідваюць людзей праз плот». У ім аўтар Марціна Бельска расказвае пра існаванне ў падвешаным стане няшчасных людзей. Пачынаецца артыкул так: «На працягу двух дзён пагранічнікі павінны былі выкінуць дзве сям’і з маленькімі дзецьмі з Польшчы ў беларускі лес. Першая – з Егіпта з дзецьмі 6 і 8 год і бацькам з кардыялагічнымі праблемамі – хавалася ў Белавежскай пушчы. Другая – з Ірака з дзецьмі 3 і 5 гадоў. Малодшы хлопчык і маці ўпалі з пагра-нічнай дамбы. Малы быў у непрытомнасці, яго маці перамяшчалася са зламанай нагой. Гэтую сям’ю валанцёрам удалося перавезці ў Мінск і выратаваць ад гібелі пры мінусавых тэмпературах, але многія групы замежнікаў дагэтуль начуюць у прыгранічных лясах, часта высылаюцца ў Беларусь польскімі службамі». Артыкул вялікі, без слёз яго немагчыма ўспрымаць. Але вось такія рэаліі.
Колькі будзе працягвацца пакутніцтва лю-дзей, невядома. Спрабаваць замацаваць свае каштоўнасці ў краінах з іншым менталітэтам, звычкамі, традыцыямі сродкамі бамбёжак, разбурэння гарадоў, войнамі немагчыма. Але гэта такі час, калі чалавечае жыццё страціла сваю каштоўнасць. На п’едэстал узведзены культ грошай, міждзяржаўнага эгаізму, расчалавечвання. Словы, якія Максім Горкі ўклаў у вусны Саціна з п’есы «На дне»: «Чалавек! Гэта гучыць… горда!», страцілі сваё значэнне. Вельмі шкада…
Віктар Ільюшчанка
