У гэтым маім разважанні размова пойдзе пра чалавечае жыццё, няхай і грамадзяніна іншай краіны, іншага веравызнання, менталітэту.
Зноў на межах Беларусі, Польшчы, Латвіі гінуць людзі… Іх, як смецце, перакідваюць праз плот, адтуліны, разлічаныя на пераход звяроў, на бок Беларусі. Адбываецца гэта даволі часта. Мы неаднойчы расказвалі нашым чытачам пра такія абуральныя факты.
Па паведамленні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, 24 кастрычніка былі выяўлены два целы бежанцаў на латвійска-беларускай мяжы. Усяго з пачатку гэтага года на мяжы з Латвіяй было знойдзена 10 трупаў. Польшча і Літва таксама працягваюць праводзіць жорсткую палітыку ў адносінах да мігрантаў. У свой час былі прыпынены дамовы аб рэадмісіі, прасцей кажучы — цывілізаваным кантролі над нецывілізаванай міграцыяй, і нашы суседзі зрабілі ўсё, каб адбыўся міграцыйны крызіс. Усяго з пачатку года на мяжы было выяўлена, па розных адзнаках, ад 21 да 23 мёртвых цел мігрантаў, перад смерцю людзі былі збітыя.
У той жа дзень, 24 кастрычніка, у Пружанскім раёне на мяжы з Польшчай беларускія пагранічнікі знайшлі пакалечаных бежанцаў з Афганістана і Бангладэш. Расследваннем інцындэнта займаецца Пружанскі раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Як расказваюць пацярпелыя, якія зараз знаходзяцца ў бальніцы, спачатку іх твары залілі нейкім спецсродкам, затым пачалі жорстка збіваць, аднаму з іх паламалі нагу. Затым людзей загрузілі ў аўтамабіль, адвезлі да мяжы і выкінулі праз маленькую брамку на бок беларускай мяжы. Мужчын выратавалі беларускія пагранічнікі. Абодвум ім яшчэ пашанцавала, засталіся жывымі…
Не стамлюся паўтараць: не было б такога міграцыйнага крызісу, каб не палітыка краін захаду па ўсталяванні ва ўсім свеце сваёй, толькі ім зразумелай дэмакратыі, якая насаджаецца вайной, крывёй, смерцю. Успомнім Ірак, Лівію, Афганістан, Емен, Судан, Югаславію, Украіну. Куды б ні прыйшоў так званы белы гаспадар ў коркавым шлеме са шклянымі каралямі, за ім ішла смерць, здзекі над карэннымі народамі. Дзе б ні ўзнікалі міжусобныя заварушкі, шукай след «гегемонаў». Яны тут нядаўна насіліся з пячэнькамі, абяцанкамі светлага жыцця і іншымі бонусамі. З іх рук карміліся тэрарыстычныя арганізацыі, якія затым падрывалі свет. Тая ж самая арганізацыя ХАМАС, якая нядаўна ўчыніла захоп заложнікаў і забойства жыхароў прымежных кібуцаў, — на чые грошы стваралася і кім да гэтых пор утрымлівалася? Адказ на яе дзеянні ад ізраільцян быў вельмі жорсткі — знішчыць баевікоў ХАМАС, а з імі, відаць, і ўвесь народ Палесціны. Зараз там ідзе жудасная вайна, дзе тысячамі гінуць мірныя людзі. Верагодна, хутка свет запоўняць бежанцы з Палесціны, якім не знайшлося месца на сваёй радзіме, на сваіх землях.
Як бачна, вайну арганізаваць вельмі проста. Няпроста прыйсці да міру, згоды, адкрыць свае сэрцы міласэрнасці, спачуванню і дапамозе.
Калі перастануць забіваць і калечыць мігрантаў? Ды тады, калі на іх землях будзе мір і спакой, калі не будуць ім навязваць свае каштоўнасці тыя, хто сам у такія каштоўнасці не верыць.
Віктар Ільюшчанка