Пятница, 18 апреля 2025

Калонка галоўнага рэдактара. Калі ёсць за што любіць нашу Беларусь

183

Нядаўна пашчасціла пабываць у туры па Залатым кальцы Расіі. Вельмі прыемна было адчуваць, як да беларусаў адносяцца ў братняй краіне. Ды чаго там прыбядняцца, шмат дзе яшчэ.

Пабываць удалося не толькі ў вялікіх гарадах, такіх як Масква, Уладзімір, Яраслаўль, Кастрама, але і ў маленькіх: Суздалі, Растове Вялікім, Пераслаўлі Залескім, Сергіявым Пасадзе. Усюды нас прымалі вельмі добра, асабліва калі даведваліся, што мы з Беларусі. Адразу лагоднелі твары, на вуснах з‘яўлялася добрая ўсмешка. «Браты вы нашы, —гаварылі расіяне. — Дзякуй вам, што не кінулі нас у цяжкі час, падтрымалі!» І заўсёды прасілі перадаць прывітанне нашаму Прэзідэнту, як яны казалі «бацьку», а таксама ўсім беларусам. Было гэта і ў старажытным Суздалі, калі ў музеі драўлянага дойлідства прыцэньваўся да берасцяной чары, аздобленай самацветамі.

— Дык вы з Беларусі? — спытаў майстар. — Тады вам дам добрую скідку. І сфатаграфавацца з вамі хачу.

Сфатаграфаваліся. А ад прыгожага твора мастацтва да гэтага часу праменіць цеплыня майстра. Развітваючыся, ён пажадаў нам шчасця і берагчы нашага Прэзідэнта, бо дзякуючы яму Беларусь засталася невялікім астраўком чысціні, гонару і памяркоўнасці.

Было гэтак і ў Растове Вялікім, калі ўдалося трапіць на рэканструкцыю ўзяцця крэпасці стральцамі і перамогі над палякамі. Самі рэканструктары ў нацыянальных старадаўніх касцюмах запрашалі нас за свае сталы. Так было гасцінна і светла там.

Прыемна было чуць добрыя словы ў наш адрас і ад адміністратараў гасцініц, дзе мы спыняліся на начлег — ва Уладзіміры, Яраслаўлі і Растове Вялікім. А чаму ж і не? Паводзілі мы сябе спакойна, без усялікіх неверагодных запатрабаванняў, нумары пакідалі чыстымі, віталіся з усімі. І гэта было без акцёрства. Ну такія мы ёсць, код у нас такі, яго не перайначыш. Выхаванне і генетыка не дазваляе нам лічыць сябе тытульнай нацыяй, што менавіта ад нас пайшлі ўсе галінкі астатніх рас і нацыянальнасцяў. Але мы маем свой гонар, які не даў зламіць нас у гады вялікіх выпрабаванняў, а іх нам давялося зведаць ого колькі.

Нехта можа сказаць, што непрыгожа сябе расхвальваць, нясціпла гэта. Вось толькі добрыя словы ў адрас беларусаў можна чуць у сацыяльных сетках інтэрнэту, яшчэ так шчыра людзі гаварылі прама ў вочы. І гэтыя словы ішлі ад сэрца.

Зразумела, сустракаюцца і такія, хто спрабуе пакрыўдзіць нашу нацыю, абазваць рабамі. Але гэта робяць толькі тыя, хто ўсё гістарычнае жыццё спрабаваў перайначыць нас, перакадзіраваць наш менталітэт, культуру, звычкі, прыгнесці і зняволіць. Не ўдалося ім гэтае глупства, вось і шалеюць. Але гэтая злосць толькі руйнуе іх душы, атручвае арганізм, скарачае жыццё. Беларусы заўсёды імкнуліся людзьмі звацца. Яны заслужылі гэтае права, заслужылі незалежнасць, спакойнае жыццё, шчасце. Зараз мы ўсё гэта маем. Будзем захоўваць і несці на сваіх плячах з горда ўзнятай галавой і далей. Не лезьце толькі да нас са свінячымі рыламі, мы іх не пусцім у наш калашны рад. Мы вітаем толькі добразычлівых людзей, якія імкнуцца сябраваць, несці радасць і прыгажосць. Такім заўсёды мы рады. Калі ласка, да нас!

Віктар Ільюшчанка