Зусім нядаўна сусвет адзначыў Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх лагераў.

Як вядома, 11 красавіка 1945 года адбылося паўстанне вязняў у Бухенвальдзе. У гонар гэтай даты ААН вырашыла ўвекавечыць дзень у памяці народнай. Кожны год у Бухенвальдзе, як і ва ўсім свеце, праходзяць жалобныя мерапрыемствы ў гонар паўстанцаў. У сам лагер смерці прыязджаюць прадстаўнічыя дэлегацыі з розных краін. Сёлета арганізатары вырашылі не запрашаць на мерапрыемства толькі прадстаўнікоў Расіі і Беларусі. Дрэнна з памяццю стала? Нашы дзве краіны па праву заслужылі павагу да сябе, бо ў складзе Савецкага Саюза мы зламалі хрыбет фашыстам. У Беларусі кожны трэці загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. А колькі на нашай тэрыторыі было створана гета і лагераў смерці… Ну ладна, не запрасілі, быццам бы зняважылі. Нічога, перажывём. А вось як пасмелі памяняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь на калабаранцкі? Гэта ўжо вельмі сур‘ёзна. Такая знявага да краіны цягне на міжнародны скандал. Так, пасол Германіі пасля вінаваціўся, прасіў прабачэння. Але ўчынак адбыўся. Пад бел-чырвона-белым сцягам калабаранты здзекваліся над беларусамі, праводзілі карныя мерапрыемствы. Каму арганізатары хацелі дагадзіць, збеглым змагарам? Толькі распісаліся ў сваім бяспамяцтве.
У Еўропе, а яшчэ больш у нашых суседзяў-украінцаў, стала вельмі, як ім думаецца, добрай звычкай ваяваць з помнікамі. Зносіць іх, агіднымі надпісамі размалёўваць, апаганьваць месцы пахаванняў савецкіх воінаў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Нядаўна знеслі бюст маршалу Жукаву, разбурылі мемарыял. Столькі гадоў прастаяў неапаганеным помнік савецкаму воіну з дзяўчынкай на руках у Трэптаў-парку Берліна. Ноччу з’явіліся абразлівыя надпісы.
З помнікамі ваяваць — самая ганебная справа. Што пакінем нашым дзецям, унукам, якую памяць? А ніякай. Вельмі добра, што ў нашай любімай Беларусі гістарычнай памяці надаецца значная ўвага. Нават 2022 год стаў Годам гістарычнай памяці. У нас рэстаўруюцца помнікі, прыводзяцца ў парадак гістарычныя месцы, ушаноўваюцца ветэраны. Памяць пра страшэнныя гады акупацыі і подзвіг савецкіх салдат мы пранясём праз стагоддзі, беражліва перададзім яе дзецям, унукам, каб тыя эстафетай перадалі сваім нашчадкам. І гэта правільна, так павінна і быць. Калі ў народа забіраюць яго гістарычнае мінулае, то гэта ўжо не народ, а так, нейкі статак, які вельмі лёгка гнаць на бойню.
Віктар Ільюшчанка