Вторник, 14 января 2025

Калонка галоўнага рэдактара. І гэта яшчэ мяккая зіма: якія краіны ўжо церпяць ад супрацьрасійскіх санкцый

187

Даволі непрыемныя вынікі ад супрацьрасійскіх санкцый на тое ж самае паліва не прымусілі сябе доўга чакаць.

Асабліва на сваёй скуры гэта адчулі не толькі прамыслоўцы, але і жыхары большасці краін Еўрапейскага саюза. Далёка хадзіць не будзем, возьмем нашы краіны-суседкі. Тую ж Польшчу. Як паведамляе сайт polsatnews.pl, жыхары польскага гарадка Петркув-Трыбунальскі пратэстуюць супраць павышэння цэн на паліва. Натоўп незадаволеных жыхароў сабраўся перад будынкам муніцыпалітэта. Прычына — узрастанне тарыфаў на ацяпленне. Рахункі ўжо павялічыліся, і, па далейшых прагнозах, у маі жыхары будуць плаціць да 200 працэнтаў за цяпло. «Калі людзям даводзіцца плаціць столькі за жыллё, за цяпло, становіцца вельмі дрэнна», — гаворыць адзін з пратэстуючых. Жыхары вінавацяць мясцовае самакіраванне і ТЭЦ у высокіх цэнах. Па словах людзей, цэны былі павялічаны ў два разы, хутка скончацца грошы на пражыццё. Пачынаюцца чалавечыя трагедыі. Многія вымушаны адмаўляцца ад ежы, каб плаціць за жыллё, цяпло, вываз смецця. Яшчэ нядаўна за арэнду плацілі 480 злотых, а зараз амаль 900.

Па дадзеных гэтага ж самага выдання, акрамя цэн на камунальныя паслугі, падраслі цэны і на прадукты харчавання.

Не лепшае становішча і ў краінах Прыбалтыкі. Што казаць пра простых людзей, калі вядомы палітык Віліс Крыштопанс, які ў 90-я гады быў Прэм’ер-міністрам Латвіі, скардзіцца на тое, што ў кватэры тэмпература паветра не перавышае 12 градусаў. На тое, што вельмі холадна, энергетычнай кампаніі ўсё роўна. Рахунак за снежань прыйшоў салідны — 1400 еўра. За студзень плацёжкі яшчэ не было, але ёсць падазрэнні, што лічбы ў ёй будуць вышэйшыя. І гэтая зіма была яшчэ даволі мяккай. А калі б цісканулі маразы?..

Памятаю, як уступіў у спрэчку ў сацыяльнай сетцы з адным даволі свядомым грамадзянінам нашай краіны наконт узроўню жыцця ў Беларусі і краінах Прыбалтыкі. Мой апанент ледзь не з пенай на губах даказваў, што ў Прыбалтыцы гэты ўзровень значна вышэйшы, што там зарплаты не зраўнаваць з нашымі. Калі я прывёў лічбы статыстыкі, якая была афіцыйна апублікавана на сайтах Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшы, колькі там людзям даводзіцца плаціць за «камуналку», медыцынскія паслугі, страхоўку і іншае і колькі застаецца на пражыццё, то аргументы у суразмоўцы скончыліся. Засталося ў адказ толькі кінуць, маўляў, сам дурань… Хто б здзівіўся. Так спрацоўвае ахоўная рэакцыя, калі няма чаго сказаць у адказ.

Чаму яшчэ трымаюцца тры былыя рэспублікі СССР і адна — Варшаўскага дагавора? Калі Еўрасаюз адключыць ад кропільніцы ўлівання грошай у крывяносныя сістэмы Прыбалтыкі і Польшчы, эканоміка абваліцца даволі хутка. Толькі на такой падпітцы і выжываюць.

Памятаю, мой сябра, які родам з Украіны, гадоў з дзесяць таму сказаў, што грошы добра зарабляць у Беларусі, а закупкі рабіць ва Украіне. Гэтак жа і ў адносінах да нашых краін-суседзяў. Можа, там і добра грошы зарабляць, але жыць, харчавацца, рэгулярна прымаць душ і грэцца ўсё ж лепей дома — у Беларусі.

Віктар Ільюшчанка