У размове падчас прызначэння Уладзіміра Пярцова намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што цяпер сродкі масавай інфармацыі адыгрываюць важную ролю ў развіцці Беларусі. Ідзе інфармацыйная вайна, перш за ўсё ў СМІ. Намі робіцца ўсё, каб зберагчы краіну ад вайны гарачай. І пакуль гэта ўдаецца.
Напомнім нашым чытачам, што раней Уладзімір Пярцоў узначальваў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, а яшчэ раней кіраваў МТРК «Мір у Беларусі». Як бачна, вопыт работы ў сродках масавай інфармацыі, ідэалогіі вялікі. У Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Барысавіч будзе кіраваць як ідэалагічнай работай, так і сродкамі масавай інфармацыі краіны.
Раней Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь адзначаў, што сіла СМІ раўназначна ядзернай зброі. Так яно і ёсць. Інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі набіраюць вялікія абароты. Яны ўздзейнічаюць на розумы людзей са страшэннай сілай. Аб гэтым можна меркаваць, аглядваючыся назад, на той жа 2020 год, калі некалькі смаркатых айцішнікаў паспрабавалі ўнесці даволі вялікую смуту ў наша жыццё, затуманіць галовы яшчэ ўчора адэкватным людзям, закадзіраваць іх на разбурэнне, гвалт, забойства. І гэта нас — памяркоўных беларусаў?!
Ад вялікай вайны тады выратавала моцная ўлада, мабілізацыя дзяржаўных СМІ. Але мы былі за крок ад вялікай бяды. Нашу пільнасць спрабавалі ўсыпіць абяцанкамі «райскага жыцця», як там, на Захадзе, што булкі з маслам і ікрой стануць самі нам у рот падаць. Гэтакія ружовыя акуляры многім прыйшліся да спадобы. Не сумняваюся, што такія людзі і да гэтага моманту жывуць побач з намі, мараць, што вось прыйдзе добры дзядзька з-за мяжы, зробіць жыццё салодкім і бестурботным.
Не сумняваюся, што падобныя носьбіты нябачных ружовых акуляраў дагэтуль «пасвяцца» ў месенджарах і на сайтах збеглых змагароў за «шчасце» беларускага народа. Там гэтыя «свядомцы» чаго толькі не абяцаюць, нават свае пашпарты выпусцілі, па якіх быццам бы можна раз’язджаць без віз па Еўропе. Тут адразу прыходзіць на ўспамін вядомы герой аднаго з музычных фільмаў, дзеянне якога разварочвалася ва Украіне, — Папандопула, які такіх паперак мог намаляваць колькі заўгодна. З гэтымі ксівамі толькі майстры катлет ды лахушкі з вячоркамі могуць ездзіць па розных фондах, накшалт сорасаўскага, і грошы клянчыць на прапаганду. Ім жа гаспадары на гэта валюту ўжо не даюць, прапануюць заняцца больш эфектыўнымі справамі, накшталт тэрору, дыверсійных дзеянняў і гарачай вайны. Вось тады і пасыплецца на іх дурныя галовы залаты дождж.
Каб папярэдзіць такія дзеянні, мы ўсе разам павінны мабілізавацца, быць напагатове і даць дастойны адпор збеглым гайдукам і іх панам. Таму і павінна мацнець ідэалогія з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі. Разам з нашымі доблеснымі воінамі — абаронцамі Айчыны, мы зможам даць па доўгай смаркатай сапатцы ўсім, хто паспрабуе яе сунуць у нашу незалежную, сінявокую Беларусь.
Віктар Ільюшчанка