Міжнародны Алімпійскі камітэт (МАК) ужо не той. Калі дакладней, то свае функцыі аб’яднальніка спартсменаў усяго свету ў адзіную кагорту гэтая арганізацыя страціла канчаткова.
Мяркуйце самі. Беларускім і расійскім спартсменам забаронены ўдзел у Алімпійскіх гульнях, якія будуць праводзіцца ў Парыжы ў наступным годзе. Афіцыйная фармуліроўка нядопуску расіян гучыць прыкладна так: «… Абмежавальныя меры супраць расійскіх спартсменаў сталі вынікам пачатку СВА расійскай арміяй падчас Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў у Пекіне-2022, што было парушэннем дзеючага ў гэты час перамір‘я і парушэннем алімпійскай Хартыі». На пытанне, чаму ж не маюць допуску да гульняў таксама і беларускія атлеты, функцыянеры ад МАК прамаўчалі. Тут, як кажуць, усіх пусцілі пад адзін грабеньчык. Маўляў, а не сябруйце з тымі, хто нам не даспадобы.
Разам з тым, МАК заявіў, што «ізраільскія спартсмены не нясуць адказнасці за дзеянні свайго ўрада». Як вам кульбіт? З падвывертам і не адзін раз. Бюракраты ад МАК сваім рашэннем і матывіроўкай растапталі прынцыпы алімпійскага руху, калісьці закладзеныя ў іх. Як меркаваў заснавальнік алімпізму П’ер дэ Кубертэн, гульні будуць аб’ядноўваць людзей незалежна ад нацыянальнасці, колеру скуры, веравызнання і іншых прычын, якія іх падзяляюць. МАК жа прадэманстраваў падвоеныя стандарты, якія ў апошні час даволі часта сустракаюцца ў дзейнасці гэтай міжнароднай арганізацыі.
Ні для каго не сакрэт, што спорт стаў полем для вырашэння палітычных пытанняў. Мала міжнародных санкцый, да якіх мы ўжо прызвычаіліся, стараюцца яшчэ прынізіць спартсменаў. Чаму ж не? Досыць заваёўваць сваімі талентамі, працай, здольнасцямі ўзнагароды вышэйшай пробы, дайце і іншым, напрыклад, мужчынам у жаночым адзенні. Ідэнтыфікуй сябе жанчынай, заяві, што вось так сябе адчуваеш, і бяры золата ў тым жа гіравым жаночым спорце ці спартыўнай гімнастыцы, лёгкай атлетыцы, плаванні. Каб сказаў пра такую бязглуздзіцу, якая стала зараз нормай, пару-тройку дзясяткаў гадоў назад, паглядзелі б, як на вар’ята.
Але свет пакрысе вар’яцее. Засталося некалькі астраўкоў захавальнікаў сваіх традыцый, веры, менталітэту, каштоўнасцей, сярод якіх Беларусь, Расія і яшчэ некалькі краін СНД. Ды і тых робяць спробу задушыць, знішчыць, альбо перакадзіраваць па-свойму. Не атрымаецца, панове, не на тых нарваліся. Як казаў генерал Івалгін: «А па сапатцы!»
Не застануцца нашы спартсмены без спаборніцтваў, аб гэтым даказалі і нядаўнія ІІ гульні краін СНД, у якіх сталі прызёрамі і хлопцы з нашага раёна. У будучых планах зрабіць альтэрнатыву Алімпійскім гульням, якія сябе дыскрэдытуюць з кожным разам усё больш і больш. Пакуль функцыянеры ад міжнароднай спартыўнай улады не схамянуцца, не перагледзяць свае адносіны да спорту, алімпійскі рух стане паралізаваным інвалідам. Без нашых расійскіх і беларускіх спартсменаў гэты рух падобен на непаўнацэнную істоту. Ці не так?
Віктар Ільюшчанка