Пагадзіцеся, калі нешта альбо нехта перашкаджае ў жыцці, то і паўнавартасным, якасным такое жыццё цяжка ўявіць. Калі ж завышанае «эго» з’яўляецца перашкодай, то як да гэтага аднесціся?
Да чаго я ўсё гэта? Справа ў тым, што праглядваючы неяк адну з сацыяльных сетак, наткнуўся на Reels з прыгожымі відарысамі нашага Мінска, некаторых гарадоў краіны. Аднак агучка была ну зусім не такая. Я нават не пра голас, бо тут быў задзейнічаны штучны інтэлект, а пра сэнс слоў. Маўляў, нягледзячы на прыгажосць роднай прыроды, у нас вельмі дрэнна жывецца, нельга сябе рэалізаваць, самі беларусы ходзяць без энергічнага, аптымістычнага бляску ў вачах, панурыя, незадаволеныя, дарогі дрэнныя і гэтак далей. Слухаць такую лухту было немагчыма. Пагадзіцца ж толькі можна пра прыгажосць прыроды. Мяне зацікавілі каменты, як людзі адрэагуюць на такі пасквіль. Зразумела, аўтар роліка быў нейкі фэйкавы, старонка яго таксама. Ведаем мы пра такія. Ствараюцца яны дзеля некалькіх брудных укідаў, а пасля выдаляюцца. Сваю чорную работу зрабілі, намалявалі безнадзейнае жыццё ў краіне для тых, хто тут ні разу не быў. Знаходзяцца тыя, хто верыць у такую бязглуздзіцу. Вярнуся да каментаў. Дык вось, асноўная частка рэакцыі на гэты ўкід была негатыўная. Людзі абураліся фэйкавым ролікам, прыводзілі факты, як можна рэалізавацца ў краіне, якія добрыя ў нас дарогі, колькі будуецца жылля, вырабляецца тавараў, аказваецца паслуг, даецца ўсялякіх сацыяльных бонусаў і інш, але гэта для тых, хто таго сам жадае. Ждуноў манны нябеснай гэта не датычыцца. Як кажуць, пад ляжачы камень вада не цячэ. Чаму да нас не едуць усялякага роду бежанцы? Таму што ў нас працаваць трэба, а не халяўныя грошы атрымліваць ад дзяржавы, займаючыся дываннай дзейнасцю. Многія так прызвычаіліся да той самай халявы, што і не ўяўляюць сябе на працы, маўляў, не для таго мама ягадку гадавала… Такім муліць праца, неабходнасць не толькі нешта браць, але і аддаваць. Нельга сябе рэалізаваць у Беларусі? А спрабавалі? Калі пачынаеш больш дэталёва ўнікаць у такога тыпу спробы, то зноў сутыкаешся з тымі ж самымі ждунамі, якія не спрабавалі, не рабілі і не будуць спрабаваць.
Зноў звярнуся да ананімак, якія калі-нікалі прыходзяць у рэдакцыю. Добра, калі напісанае ў лістах пацвярджаецца фактамі, калі ўзнятыя праблемы слушныя і пры іх вырашэнні стане добра ўсім. Калі ж указваюцца імёны, мінулая дзейнасць людзей, якая ў лістах характарызуецца дрэнна, і вынікі такія ж, а праверыўшы, упэўніваешся, што гэта ўсё няпраўда, неяк прыкра становіцца. Ёсць такая катэгорыя людзей, якім муліць жыццё іншых, іх поспехі, дасягненні, здабыткі. Я вельмі шкадую такіх людзей. Іх нехта пакрыўдзіў. Можа тыя, на каго яны пішуць гэтыя ананімкі. Як жа такім дрэнна жывецца з чорнай зайздрасцю, якая атручвае душу і цела! Чорная жоўць разліваецца па арганізме, знішчаючы жывыя клеткі, мозг, псуючы кроў. Так і хочацца сказаць: «Ды схамяніцеся, прагуляйцеся па горадзе, зрабіце вылазку на прыроду, адпусціце ад сябе чорныя думкі, адганіце зайздрасць. Пабачыце, як жыццё заіс-крыцца каляровымі фарбамі, кожная раніца будзе сонечнай, вечар спакойным і ціхім. Жывіце самі, а не атручвайце жыццё іншым».
Прыемна атрымліваць лісты, тэлефанаванні, у якіх людзі дзякуюць работнікам рэдакцыі, другі раз і мяне, за добрыя, цікавыя матэрыялы, якія неаднойчы хочацца перачытваць, захоўваць на памяць, выказваюць удзячнасць мясцовай уладзе за прыгожы горад, за новыя працоўныя месцы, арганізацыю вольнага часу для ўсіх, святы, дарогі, якіх так нямала пабудавана і яшчэ пабудуецца. Што цікава, такіх людзей амаль нішто не муліць. Да нас жа звяртаюцца і інваліды, якія не маюць магчымасці рухацца на сваіх нагах, і вельмі хворыя чытачы сталага ўзросту. Нягледзячы на хваробы, нейкія чорныя палосы ў лёсе, яны не страцілі аптымізму, імпэту, вытрымкі, радуюцца кожнаму імгненню жыцця, кветачкам, спевам птушак… Яны жывуць, і ім не мулка. Ці не так?
Віктар Ільюшчанка
