Пятница, 14 февраля 2025

Калонка галоўнага рэдактара. Ці маюць пах грошы?

594

Кожны чалавек дабіваецца свайго матэрыяльнага добрабыту, як умее. І важна, калі гэтае ўменне не пярэчыць закону. Але знаходзяцца тыя, хто лічыць, што грошы не маюць паху. Галоўнае, каб былі, а якім чынам яны з’явіліся, ім ўсё роўна.

Памыляюцца такія беспрынцыпныя таварышы. Грошы пахнуць, ды яшчэ і як. Яны могуць мець пах, напрыклад, крадзенай афарбаванай саляркі альбо бензіну, прыхопленага зерня альбо камбікорму, іншы раз — малака ад кароў грамадскага пагалоўя.

Слова «нясун» трывала ўвайшло ў наш лексікон яшчэ пры існаванні Савецкага Саюза. Так пагардліва называлі тых, хто нёс з месца работы ўсё, што, як ім думалася, дрэнна ляжала, а дома магло спатрэбіцца. Прайшоў час, але тэрмін не стаў анахранізмам, не згубіў сваёй сутнасці.

У звестках, якія падаюцца для друку райаддзелам міліцыі, даволі часта з’яўляюцца паведамленні, што ў механізатара якога-небудзь сельгаставарыства дома быў знойдзен запас афарбаванага паліва. Не сакрэт, што пэўны колер дабаўляецца ў салярку, альбо бензін, якія пастаўляюцца на патрэбы сельскагаспадарчай вытворчасці. Робіцца гэта для таго, каб не кралі. Аднак гэта не спыняе «несуноў». Крадуць і збываюць са зніжкамі аўтаўладальнікам. Пакупнікі крадзенага разважаюць: чаму б не купіць гаручае па меншай цане, чым прапануюць на заправачных станцыях? А «несунам» чаму б не падзарабіць? Для іх жа грошы не пахнуць. Не клапоцяцца яны, што, асабліва цяпер, падчас уборачнай кампаніі, кожны літр паліва павінен быць на ўліку.

Не толькі паліва цягнуць у свае схованкі «несуны», але і стараюцца засыпаць ва ўласныя засекі і крадзенае зерне новага ўраджаю. У іх спрацоўвае прынцып: «усё вакол — калгаснае, усё вакол — маё». Але з пункту гледжання закону гэты дэвіз не працуе. Пашчасціць «несуну» — міне яго каральная далонь. Не пашанцуе — і паліва, і зерне стануць не толькі залатымі, а нават брыльянтавымі па цане. Мала таго, што ўсё знойдзенае канфіскуюць, дык і давядзецца заплаціць немаленькі штраф, пазбавіцца працоўнага месца, а можа, і стаць фігурантам крымінальнай справы. Ці каштуе аўчынка вырабу? Думаю, што наўрад ці.

Аднак, колькі ні штрафуюць праваахоўнікі «несуноў», колькі ні прыцягваюць да адказнасці, тыя як кралі, так і крадуць. Магу толькі здагадвацца, чаму. Спадзяюцца на тое, што і на гэты раз не пападуцца, усё пройдзе гладка. Але не трэба на «авось» спадзявацца. Калі-небудзь не спрацуе ён.

Вельмі непрыемна, калі ловяць такога несуна, які крадзе, каб не дзецям нешта смачнае і карыснае купіць, а далёка не адыходзячы, прапіць грошы. Яшчэ большую агіду выклікаюць тыя, хто скупляе ў такіх асоб крадзенае. Ды яшчэ і ганарыцца: маўляў, як удала справу правярнуў, так танна тавар набыў. У такіх выпадках трэба прыцягваць да адказнасці не толькі злодзея, але яшчэ больш таго, хто займаецца скупкай крадзенага. Не будзе попыту — не стане і прапаноў.

Як кажуць, грошы не пахнуць, але іншым часам вельмі смярдзяць.

Віктар Ільюшчанка