Воскресенье, 18 января 2026

Калонка галоўнага рэдактара. Чаму б не скарыстацца?

443

У працяг тэмы пра летні адпачынак нашых дзяцей давайце паразважаем менавіта пра яго арганізацыю. Ці проста ўсё гэта?
Не буду падрабязна расказваць аб тым, як вядзецца работа па арганізацыі летняга адпачынку дзяцей. Скажу адно, пачынаецца яна адразу, як скончыліся ўсе змены ў аздараўленчых лагерах. Раней яны называліся піянерскімі.

Памятаеце фільм «Калі ласка, або пабочным уваход забаронены» («Добро пожаловать, или посторонним вход запрещен»)? Сюжэт не буду пераказваць, сэнс і мараль кінастужкі таксама. Скажу адно: патрабаванні да бяспекі адпачынку дзяцей, санітарнага стану тэрыторый, памяшканняў засталіся амаль аднолькавыя. Толькі ў наш час яны сталі яшчэ больш жорсткімі. Усё прапісана ў так званым «СанПіне», як яго ў народзе называюць, а дакладней гэта «Санітарныя правілы і нормы». Акрамя гэтага, ёсць свае патрабаванні ад Міністэрства па надзвычайных сітуацый і іншых кантралюючых органаў. Яно і зразумела, хлопчыкі і дзяўчынкі перад новым навучальным годам павінны добра адпачыць, набрацца сіл, прыбавіць у вазе і вярнуцца да дому радаснымі і шчаслівымі. Таму і праводзяцца рознага кшталту інспекцыйныя праверкі, прыязджаюць камісіі па прыёмцы лагераў, турбаз, летніх школьных пляцовак і інш.

Гледзячы на арганізацыю вольнага часу нашых дзяцей у дні школьных канікулаў, не толькі летніх, я задаюся пытаннем, чаму ў свой час не карыстаўся такімі магчымасцямі, а праводзіў усё лета за доглядам хатняй гаспадаркі, на прысядзібным участку, корпаючыся на градах, на бульбяных палетках у барацьбе з пустазеллем, каларадскімі жукамі і інш? А яшчэ мы з сябрамі, якія таксама не адправіліся ў піянерскія лагеры, ганялі ў «казакі-разбойнікі», «разрыўныя ланцугі», «хованкі» і іншыя дваровыя гульні, якія самі прыдумвалі ці прывозілі аднекуль. Эх, зараз бы той час, дзе былі вечарыны ля вогнішча, піянерскія атрады, страявыя песні, спаборніц-твы, вячэрнія дыскатэкі пад модныя ў тыя гады групы. А першае няёмкае каханне, калі душа вельмі сціскалася ад усведамлення, што твая «каралевішна» зараз у суседнім пакоі, што паспрабуеш яе запрасіць на танец падчас дыскатэкі і яна не адмовіцца. Нехта скажа, маўляў, ты ж там не быў, а нешта панясло на ўспаміны. Быў. Адзін раз. І гэта незабыўнае. Але аб чым я?

У тыя далёкія часы 70-х – пачатку 80-х гадоў мы адпачывалі як сапраўдныя дзікуны. Не ва ўсіх лагерах былі такія шыкоўныя туалетныя пакоі, як зараз, у асноўным на вуліцы, рукамыйнікі таксама, як і душавыя кабінкі. Ніхто не хварэў, калі і здаралася такое, то стараліся хутка паправіцца, а не ляжаць у ізалятары. Дзецям было весела. Не хацелі нават раз’язджацца. Бо тут набывалі новых сяброў, з якімі пасля вялі перапіску не смс-камі, а лістамі ў канвертах. Чакалі адказу з нецярпеннем. Эх, школьная пара!

Як казаў вышэй, зараз вядзецца самая сур’ёзная падрыхтоўка школьных лагераў да сустрэчы дзяцей. Усё падрыхтавана, адрамантавана, абеззаражана. Толькі, хлопчыкі і дзяўчаткі, набірайцеся сіл, не хварэйце, для вас створаны ўсе ўмовы. Але ж і вы цаніце гэту працу. Няхай і мамы з татамі, бабулямі і дзядулямі гэта цэняць, без усялякіх: «Зараз прыеду і тут вас усіх прымушу пад дудку скакаць». Маўляў, мала здзімалі парушынкі з майго дзіцяці. Цяплічныя ж умовы не развіваюць імунітэт для будучага жыцця. А яно ж можа быць розным і далёкім ад цяплічнага. Ці не так?

Віктар Ільюшчанка