А гэта каму як. Таму, хто радуецца памерлай суседскай карове, грэе. Многім, на каго накіравана ананімка альбо плётка, псуе.
Я не супраць таго, каб выкрываліся выпадкі безгаспадарнасці, карупцыі, непрыстойных паводзін, нават калі пра іх паведамілі адпаведным органам ананімна. Але ў большасці такога роду паведамленні, пісьмовыя, па тэлефоне, электроннай пошце, накіраваны на тое, каб зганьбаваць чалавека, зрабіць яму кепска і парадавацца гэтаму.
Ананімныя паведамленні ніколі не ўхваляліся ў грамадстве. Успомніўся яшчэ савецкі фільм «Казка аб страчаным часе». Хто глядзеў, той узгадае, як чараўнік, пераўтварыўшыся ў хлопчыка, укідваў у паштовую скрыню ананімныя даносы. Іх было так шмат, што скрыня распухла і пачала выкідваць усе гэтыя лісты з пасквілямі. Яшчэ ўзгадаю анекдот, калі мужчына, атрымаўшы добрую зарплату, паклаў яе ў кішэню і адправіўся да хаты. Па дарозе трапіў пад моцны дождж і прамокнуў да ніткі, купюры таксама. Дома ён расклаў іх для прасушкі. Да яго заглянуў сусед і, убачыўшы раскладзеныя грошы, спытаў: «Чаму яны так ляжаць?». А гаспадар адказаў, што маўляў, толькі надрукаваў, сохнуць. Праз паўгадзіны прыйшлі міліцыянеры. На пытанне, дзе станок, на якім грошы друкаваў, сказаў, што суседу аднёс, гэта яго рэч. Міліцыянеры — да суседа, а той у гэты час гнаў самагон. Тут яго і прыкрылі. Мараль: не капай яму іншаму, сам туды можаш трапіць.
Нярэдка і да нас у рэдакцыю прыходзяць ананімныя лісты, паведамленні. Многія не адпавядаюць рэчаіснасці, некаторыя слушныя і праўдзівыя. Магчыма, аўтары асцерагаюцца праследавання з боку аб’екта скаргі. Можна і гэта зразумець. Аднак я ўсё ж прытрымліваюся думкі: калі з’яўляешся барацьбітом за праўду, хварэеш усім сэрцам за справядлівасць, хочаш дапамагчы, будзь паслядоўным да канца, а не як герой Савелія Крамарава ў фільме «Вялікі перапынак».
У адзін радок з ананімнымі пасквіля-пісцамі стаўлю плеткароў, якія распаўсюджваюць неправераныя весткі, чуткі. Такіх зараз модна называць «фэйкамётамі». Ім не дай паесці, толькі языком папляткарыць, абмыць косткі іншым, запусціць чутку, а ці адпавядае яна ісціне, справа іншая — рэпутацыя чалавека ўжо падпадае пад сумненне. Як ні дзіўна, у апошні час пальму першынства ў гэтым займаюць мужчыны. Драбнее моцны пол ці выраджаецца, нічога сказаць не магу. Але факт застаецца фактам. Ды Гасподзь ім — суддзя.
Што цікава, многія не вераць правераным звесткам, а чуткам і ананімкам — з радасцю. Як пісаў у свой час Уладзімір Высоцкі: «И поют друг другу шепотом ли, в крик ли. Слух дурной всегда звучит в устах кликуш. А к хорошим слухам люди не привыкли, почему-то говорят, что это выдумки и чушь». А яно ж так і ёсць. Можа, розум часцей трэба ўключаць?
Віктар Ільюшчанка
