Гэты год вельмі багаты на юбілейныя даты. Пра многія мы ўжо неаднойчы расказвалі. Але ёсць адна, якая не зусім і выдзяляецца між іншымі. Спаўняецца 30 год інстытуту прэзідэнцтва.
Здаецца, гэта было ўчора. На палітычную арэну імкліва ўзышоў палітык новага фармату, рашуча настроены разварушыць балота беларускай так званай эліты, даць краіне новае дыханне. Гэта быў малады народны дэпутат, дырэктар саўгаса «Гарадзец» Шклоўскага раёна Аляксандр Лукашэнка. Ён быў сярод шасці кандыдатаў у першыя прэзідэнты маладой незалежнай краіны.
Памятаю тую прэзідэнцкую гонку вельмі добра. Я, 24-гадовы хлопец, толькі нядаўна прыехаў з Казахстана, дзе служыў у адной з вайсковых часцей сувязі. У тыя гады пятнаццаць рэспублік-сясцёр выпнулі жыць самастойна па сваіх незалежных кватэрах. Пасля вайсковай дысцыпліны, парадку мне стала крыху няёмка, калі ўбачыў, што стала з некалі вялікай дзяржавай.
А што яе грамадзяне? Некаторыя разгубіліся, некаторыя ўпіваліся паветрам свабоды, маўляў, зараз зажывём. Можа, каму і ўдалося нахапаць дармавога багацця і ён пачаў жыць добра, але не большасць беларусаў. Усе грошы, што адкладвалі на ашчадную кніжку (здавалася, нішто гэтым укладам не пагражала), у момант абясцэніліся і пераўтварыліся ў цукеркавыя фанцікі. Цэны адразу папаўзлі ўгору, паліцы ў магазінах апусцелі. Парушыліся трывалыя гандлёвыя сувязі, якія злучалі саюзныя рэспублікі паміж сабой.
У такіх умовах праходзілі першыя прэзідэнцкія выбары. Як разабрацца сярод шасцярых кандыдатаў? Ну, Кебіча з Шушкевічам ведалі ўсе. Адзін быў старшынёй урада, другі — былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі. Іменна на гэтыя кандыдатуры рабілі адміністрацыйны арыенцір.
Але… людзі прыслухоўваліся да смелых, рашучых слоў маладога кандыдата Аляксандра Лукашэнкі. Што толькі не рабілі, каб заглушыць гэты голас. Памятаю, як толькі маладому палітыку падыходзіў час выступаць па правадным радыё, раптам замест выступлення ўключалі ў мінскай студыі радыёстанцыю «Маяк». Але Лукашэнку ўсё роўна слухалі на ультракароткіх хвалях. Змог ён дастукацца да думак і сэрцаў людзей. У другі тур выбараў выйшлі Аляксандр Лукашэнка з 44,82% галасоў і Вячаслаў Кебіч — з 17,33%. Як казалі дасведчаныя людзі, насамрэч яшчэ ў першым туры Аляксандр Лукашэнка перамагаў з 54-56% галасоў. Але вельмі не хацелася былым функцыянерам дапусціць палітыка да кіраўніцтва краінай. Вельмі спалохаліся яго напору. У другім туры выбараў усё стала на свае месцы: Аляксандр Лукашэнка набраў 80,34% галасоў, Вячаслаў Кебіч — 14,17%.
Нялёгка было першаму Прэзідэнту ўздымаць краіну. Як казаў вышэй, усе сувязі паміж рэспублікамі парушыліся. Але, нягледзячы на гэта, Аляксандр Лукашэнка не дазволіў аддаць пад нож знішчэння заводы, не прадаў іх заходняму капіталу. Сельская гаспадарка была ў заняпадзе. Кіраўнік маладой незалежнай дзяржавы як сапраўдны гаспадар ведаў, што не выжыве Беларусь без сялянскай працы. Пакрысе, крок за крокам аграрны сектар пачаў адраджацца, аднаўляцца, запрацавала вытворчасць. Беларускія тавары заваявалі аўтарытэт і папулярнасць ва ўсім свеце. Неаднойчы чуў ад замежных сяброў: калі стаіць на ўпакоўцы адзнака «Зроблена ў Беларусі», значыць, гэты тавар трэба купляць.
Мяне ніколі не пакідала думка, што не так і важна: кіруе той ці іншай краінай Прэзідэнт, альбо Прэм’ер-міністр, тут самае галоўнае — асоба кіраўніка. Беларусі 30 гадоў таму з асобай пашанцавала. Цікава, ці могуць так сказаць у некаторых краінах-суседках? Наўрад ці.
Віктар Ільюшчанка