Пры Савецкім Саюзе ўсіх дармаедаў, якія не хацелі працаваць, адпраўлялі далей ад сталіцы — «за 101-ы кіламетр». Хачу сказаць, што ў гэтым была свая логіка.

Зразумела, што ў тыя часы былі і свае перагібы, якія маглі паламаць чыйсці лёс. Але па большай частцы прынятыя меры мелі рацыю. Было вельмі сорамна, калі цябе называлі дармаедам, людзі спяшаліся пазбавіцца гэтага кляйма. Зараз жа — па-іншаму. Каштоўнасці, прыярытэты памяняліся. Цяпер у многіх вызываюць павагу тыя, хто нідзе не працуе, а грошы аднекуль бярэ. Такія не прыносяць карысць не толькі дзяржаве, але і блізкім, родным, ды і сабе. Аднак жа на ўзроўні з усімі карыстаюцца льготамі па аплаце камунальных паслуг, медыцынскім абслугоўваннем і многімі іншымі «смачнымі» дадаткамі, якія дае дзяржава. Паклаўшы руку на сэрца, можна б было зразумець, калі чалавек не працуе з-за таго, што няма куды ўладкавацца. Аднак, як паведамілі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, па стане на 8 чэрвеня зарэгістраваны 33 беспрацоўныя, а вакансій ажно 482. Як бачыце, розніца ў суадносінах вельмі вялікая.
У сельскую гаспадарку патрэбны трактарысты, вадзіцелі, жывёлаводы, аператары машыннага даення, паляводы, ветэрынарныя фельчары… Прапаноўваецца даволі важкая заработная плата. Так, яе сапраўды прыйдзецца зарабіць, а не проста атрымаць толькі за тое, што прыйшоў адбыць час. Але некаторыя лічаць, што лепш бадзяцца па завуголлях у пошуках паўлітроўкі, цыгарэты. У такіх адна турбота — выпіць. Нямала сярод іх і жанчын, чый выгляд далёкі ад жаноцкасці.
І што б там ні казалі, у чым бы ні вінавацілі школу, грамадскасць, дзяржаву, але ўсё пачынаецца з сямейнага выхавання. Любоў да працы, прывітая з маленства, суправаджае нашчадкаў усё далейшае жыццё.
«Нічога не пашкадуем, — кажуць бацькі, — але вышэйшую адукацыю дзеці атрымаюць». І не шкадуюць. І вось сын альбо дачка навучаецца ў інстытуце. Але як навучаецца? Цягне з грахом папалам. За яго нехта «вучыцца», выконвае кантрольные работы, курсавыя, практыкумы, дыпломныя. Выцягваюць «за вушы» на экзаменах, абы скончыў. Такі спецыяліст і атрымоўваецца. Каму ён патрэбен? Многія з выпускнікоў навучальных устаноў гатовы заплаціць грошы, але не заставацца на адпрацоўку. І паляцела дыпламаванае ўчарашнее дзіця ў свет, як у капейку. Добра, калі стане чалавекам. А калі не?
Нядаўна чуў добрую навіну, што будзе скарачацца колькасць платных месцаў для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, а бюджэтных — павялічвацца. Праявіў ты сябу ў ведах, здаў добра ўступныя экзамены — вучыся. Мала таго, ніхто трымаць ужо не будзе тых, хто ў працэсе вучобы паказаў нездавальняючыя вынікі. Так было ў ранейшыя часы, да гэтага ж прыходзім і зараз.
Падводзячы вынікі свайго невялікага аналітычнага роздуму, скажу: калі хочаце, каб вашыя нашчадкі былі шчаслівыя, а вы самі ў старасці дагледжаныя, з малых гадоў прывучайце дзяцей да працы, дапамагайце ім сваімі добрымі парадамі. І не прымушайце рабіць прафесійны выбар так, як вам хочацца. Тады карысць будзе ўсім — і дзецям, і вам, і грамадству.
Віктар Ільюшчанка