Воскресенье, 20 апреля 2025

Калі знаходка можа стаць крадзяжом? У міліцыі растлумачылі

393

На лавачцы ў парку знайшоў мабільны тэлефон. Знаёмыя папярэдзілі, каб нават не дакранаўся, бо адразу стану злодзеем. Ці сапраўды знаходка можа стаць крадзяжом?

Са званка ў рэдакцыю.

Як расказвае намеснік начальніка райаддзела міліцыі Аляксандр Семаковіч, згодна з палажэннем арт.228 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пра знаходку рэчы, якую нехта згубіў, закон абавязвае неадкладна паведаміць гаспадару або іншым асобам ці ўстановам, што маюць права атрымаць знойдзенае. Словам, нельга прысвойваць згубленае, а варта, наадварот, прыняць усе намаганні па высвятленні ўладальніка.

Лепш заявіць пра знаходку ў аддзел унутраных спраў. Калі ж гэта немагчыма, то пакінуць ў бліжэйшай адміністрацыйнай
установе — магазін, банк, аўтастанцыя і нават школа. Гэта звязана з тым, што гаспадар можа звярнуцца ў міліцыю з заявай пра страчаную рэч. Магчыма, ён падазрае, што яе ўкралі. Тады заява ўносіцца ў рэгістрацыйны часопіс і праводзяцца пэўныя мерапрыемствы па пошуку. І калі страту знойдуць у іншага грамадзяніна, то ў дачыненні да яго можа быць узбуджана крымінальная справа за крадзеж. Пагадзіцеся, пытанне: «А чаму вы не паведамілі нікому пра знаходку?» — у такой сітуацыі будзе справядлівым. Падобны ўчынак можа быць адміністрацыйным правапарушэннем па арт.11.4 КоАП РБ (штраф да 5 базавых велічынь), а можа і злачынствам па арт.205 КК РБ (зняволенне да 3 гадоў).

Падрыхтаваў Алег Сідарэнка