Суббота, 26 апреля 2025

Калі ж каля банкамата будзе чыста і суха?

338

Такое пытанне задаюць жыхары вуліц Будаўнічай і Інтэрнацыянальнай, ды і не толькі, наконт пляцоўкі, якая знаходзіцца з боку магазіна «Палявы», у раёне міні-рынку. Там у сырое надвор‘е амаль заўсёды збіраецца велізарная лужына.

Насамрэч, пасля дажджу, раставання снегу падысці да банкамата, які знаходзіцца тут і які абслугоўвае ААТ «Белаграпрамбанк», можна толькі па вадзе. Ды і да прылаўкаў, дзе прыватнікі гандлююць садавіной і агароднінай, трапіць таксама праблематычна.

Днямі мы пабывалі на гэтым «балоцістым» месцы і пагутарылі з прахожымі. Пакуль спрабавалі разабрацца з прычынамі з’яўлення лужын, жанчына, якая гандлявала на міні-рынку, адразу назвала адну з іх: «Ліўнёўкі трэба прачысціць альбо адрамантаваць. А падсыпку тут ужо не адзін раз рабілі».

З яе словамі пагадзіўся Леанід Пятровіч, які пад’ехаў да магазіна на ўласным аўтамабілі. «Засыпалі тут яміны неаднаразова, але, як бачна, усё гэта дарэмна, — расказвае мужчына. Агучыў і іншую праблему: — Жыхары дома № 6 па вуліцы Будаўнічай ужо 11 гадоў просяць пакласці асфальт на стаянцы ў сваім двары. Ужо і бардзюры належным чынам ляжаць, і падсыпку мы самі зрабілі. Але да асфальтавання справа так і не даходзіць. Магчыма, не дойдзе і сюды».

Раіса Аляксандраўна, пенсіянерка, мяркуе: «Тут вельмі нядобраўпарадкаванае месца. І ўжо даўно. Як бачыце, многа шматпавярховых жылых дамоў, шмат дзяцей пражывае, непадалёк садок. А менавіта ў гэтым месцы пастаянна назапашваецца брудная вада. Бачыце, нават сёння, хаця сапраўдных дажджоў даўно не было. У дождж тут не прайсці, не праехаць».

Марыя Мікалаеўна пражывае ў доме № 6 па вуліцы Інтэрнацыянальнай. «Да банкамата знайсці сцежку яшчэ можна, тым больш, што ён размешчаны на ўзвышшы, а вось да прылаўкаў міні-рынку — праблема. Шкада як пакупнікоў, так і тых, хто тут гандлюе. Трэба неяк адрамантаваць гэтую невялікую пляцоўку».

Па каментарыі мы звярнуліся да дырэктара КУВП «Камунальнік» Сяргея Бабрука.

Як паведаміў Сяргей Васільевіч, пасля ачысткі ліўнёвай каналізацыі камунальшчыкі пастараюцца гэтае месца заасфальтаваць як мага хутчэй. Але для такіх работ патрэбна добрае надвор‘е і трэба шукаць сродкі, так што вялікая верагоднасць, што асфальтаванне пляцоўкі будзе ажыццёўлена толькі ў наступным годзе.

Будзем сачыць за выкананнем гэтага абяцання.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік