Пятница, 11 июля 2025

Калі «зайграюць» па-сапраўднаму пружанскія муралы з выявай зубра

649

Мастацкія выявы на сценах дамоў трывала ўвайшлі ў наша жыццё. Гэта даўно не з’яўляецца нечым новым і незвычайным. Сёлета і да свята «Вытокі» муралы размясціліся на дамах нашага горада.

«Муралы з зубрамі, намаляванымі на сценах па вул. Савецкай, сталі сапраўдным месцам паломніцтва як для турыстаў, так і для мясцовых жыхароў. Толькі праблема — да канца ўсё не прадумалі. Падысці да зуброў, каб дакрануцца да стылізаваных рагоў і капыт, можна толькі па газоне. Можа, «Камунальнік» зразумее, што ўжо час пракласці невялікія дарожкі ці зрабіць на гэтым пятачку месца адпачынку з лавачкамі, ліхтарамі…»

З ліста ў рэдакцыю

Безумоўна, стрыт-арт мастакі вельмі пастараліся навесці прыгажосць на сценах дамоў. Іх відаць здалёк, і гэта добры дызайн да агульнага добраўпарадкавання горада. Многія спыняюцца, фатаграфуюць, робяць сэлфі, дзеляцца ўражаннямі ад убачанага ў сацыяльных сетках.

Муралы зуброў, як адметнасці нашага краю, прыцягваюць увагу сваім 3D-эфектам. Справа ў тым, што рогі і капыты вылучаюцца сваёй аб’ёмнасцю з агульнай панарамы. Зробленыя з металу, яны нібы знаходзяцца ў руху, і здаецца, што зубр сапраўдны — такая задумка аўтараў. Са з’яўленнем малюнка гэта месца стала культавым, людзі адразу адзначылі яго і пачалі дакранацца да рагоў і капыт, як да чагосьці чароўнага і незвычайнага, загадваць жаданні, а галоўнае, у гэта верыць. Але вось магчымасці зрабіць гэта культурна няма ніякай. Толькі пратаптаная на газоне сцежка гаворыць аб тым, што месца гэта прывабнае і вельмі запатрабавана.

Як гаворыцца, хто будаваў, той і шукае шляхі вырашэння. Па каментарый мы звярнуліся да намесніка дырэктара КУВП «Камунальнік» Віталія Казлова. Ён растлумачыў, што, каб зрабіць дабротную зону адпачынку, неабходны пэўныя фінансавыя ўкладанні.

Да канца 4-га квартала будзе фармавацца бюджэт на наступны год, у якім будуць прадугледжаны неабходныя выдаткі, у тым ліку і на добраўпарадкаванне тэрыторыі ля зуброў на Савецкай.

Ірына Велясевіч.

Фота Кацярыны Масік і аўтара