Воскресенье, 14 июля 2024

Калі заасфальтуюць вуліцу і завулкі Казіміра Марача? Па адказ мы звярнуліся ў аддзел архітэктуры

468

У сярэдзіне лютага ў райвыканкам паступіў калектыўны зварот жыхароў вуліцы Казіміра Марача, а таксама 1-га і 2-га завулкаў Казіміра Марача г. Пружаны па пытанні асфальтавання гэтых участкаў дарожнай сеткі.

«Мы звяртаемся з нагоды стану пясчана-жвіровага пакрыцця праезнай часткі нашай вуліцы і завулкаў. Яно ўяўляе сабой сапраўдную «пральную дошку» з перападамі — купіна-ямка — да 20 сантыметраў, якія перыядычна заліваюцца вадой. Дарожнае пакрыццё пераўвільгатняецца і становіцца цяжкапраходным. Стан дарогі пагаршаецца тым, што вуліца К.Марача і частка 2-га завулка знаходзяцца ў нізіне. Гэта робіць грэйдаванн на дадзеным участку неэфектыўным.

Мы бачым, што за два гады ў Пружанах праводзіліся работы па рамонце асфальтавага пакрыцця дарогі ад кальца ў бок Ружан да павароту ў горад, хоць стан дарожнага палатна, на наш погляд, рамонту не патрабаваў. Таксама лічым, што ўладкаванне дарожнага кальца па вул. Леніна і вул. 8 Сакавіка не зусім актуальнае», – гаварылася ў лісце.

Якія работы ўжо праведзены ў рамках звароту, расказвае начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксандр Бушук:

— Пры выездзе на месца і візуальным аглядзе тэхнічнага стану праезнай часткі пазначаных вуліцы і завулкаў было ўстаноўлена, што прыведзеныя ў звароце довады заяўнікаў справядлівыя.

Ужо выкананы работы па прафіліроўцы вул.Казіміра Марача, 1-га і 2-га зав. Казіміра Марача. А ў трэцім квартале 2022 года (пры наяўнасці дастатковага фінансавання) плануецца правесці там выбарачную падсыпку дарожнага палатна.

Што да ўладкавання асфальтабетонных пакрыццяў вызначаных участкаў вулічна-дарожнай сеткі, якога патрабуюць заяўнікі, то яно адносіцца да віду інвестыцыйнай дзейнасці. І ажыццяўляецца за кошт сродкаў раённага бюджэту ў межах выдзеленых бюджэтных асігнаванняў на чарговы фінансавы год. Аднак, як і раней, так і цяпер, фінансаванне добраўпарадкавання недастатковае.

Кальцавая развязка на скрыжаванні вул. Леніна, Шашэйнай, 8 Сакавіка.

У першачарговым парадку фінансавыя сродкі размяркоўваюцца на ўтрыманне і бягучы рамонт існуючага добраўпарадкавання (ямачны і бягучы рамонт вуліц, іх грэйдаванне, устаноўку і абнаўленне дарожных знакаў і іншае).

Акрамя таго, мы працуем згодна з Перспектыўным планам развіцця тэрыторый Пружанскага раёна (зацверджаным рашэннем раённага Савета дэпутатаў ад 28.02.2013 № 161). Ён уключае больш за 18 км вуліц і завулкаў г. Пружаны, якія не маюць асфальтабетоннага пакрыцця, і вызначае чарговасць работ.

1 чарга — вуліцы, па якіх пракладзены ўсе інжынерныя камунікацыі (водаправод, каналізацыя, газаправод) і ёсць распрацаваная праектна-каштарысная дакументацыя на асфальтаванне;
2 чарга — вуліцы, па якіх пракладзены ўсе інжынерныя камунікацыі, але праектна-каштарысная дакументацыя на асфальтаванне не распрацоўвалася;
3 чарга — вуліцы, па якіх не пракладзены ўсе інжынерныя камунікацыі і праектна-каштарысная дакументацыя на асфальтаванне не распрацоўвалася;
4 чарга — вуліцы, па якіх неабходна распрацаваць праектна-каштарысную дакументацыю на добраўпарадкаванне і пракласці інжынерныя сеткі.

Вуліца і завулкі Казіміра Марача ў г.Пружаны былі ўключаны ў 2-ю чаргу перспектыўнага плана.

Указаць канкрэтныя тэрміны выканання гэтых відаў работ на перспектыву, тым больш з улікам устаноўленай чарговасці асфальтавання аб’ектаў дарожнай сеткі (толькі ў першую чаргу ўваходзіць 16 аб’ектаў працягласцю 4,642 км), немагчыма.

Таксама заўважу, што будаўніцтва кальцавой развязкі на скрыжаванні вуліц 8 Сакавіка, Шашэйнай і Леніна ў г. Пружаны (якое абазначана заяўнікамі ў звароце як «неактуальнае») ажыццяўлялася філіялам КУП «Брэстаблдарбуд» Пружанскае ДРБУ-140 ў мэтах падтрымання бяспекі дарожнага руху ў рамках праекта «Квартал шматпавярховай забудовы па вул. г. Пружаны» за кошт сродкаў абласнога бюджэту.

А асфальтаванне вул. Пушкіна ў г. Пружаны, якая адносіцца да дарог рэспубліканскага значэння, ажыццяўлялася філіялам РУП «Брэстаўтадар» ДЭУ-25 у рамках пераўладкавання кальцавога перасячэння аўтамабільнай дарогі Р-85 Слонім-Высокае км 85 за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Падрыхтавала Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік