Воскресенье, 15 марта 2026

Калі ёсць жаданне працаваць

685

Згодна з заканадаўствам, дэпутаты рэгулярна робяць справаздачу аб сваёй дзейнасці перад парламентам і выбаршчыкамі.


Што робіцца на карысць роднай краіны? Гэта законапраектная і грамадска-палітычная дзейнасць, удзел у рабоце мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў усіх ступеняў улады. Наведванне выбарчых акруг, сустрэчы з працоўнымі калектывамі, грамадскімі аб’яднаннямі, грамадзянамі па месцы іх жыхарства. Таксама разглядаюцца звароты, абавязковы выступленні ў сродках масавай інфармацыі рознага ўзроўню. Як бачна, робіцца шмат, каб нам прывольна і спакойна жылося, была цвёрдая ўпэўненасць у заўтрашнім дні. І для таго, каб словы пацвердзіць справай, мы пагутарылі аб працоўных буднях з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрыем Наркевічам.

Юрый Іосіфавіч, што было зроблена за мінулы год Палатай прадстаўнікоў восьмага склікання?

— Спачатку былі сфарміраваны рабочыя органы першай сесіі, створана 14 пастаянных камісій. У перыяд дзейнасці Палаты прадстаўнікоў было праведзена 24 пасяджэнні, у тым ліку парламенцкае слуханне на тэму «Развіццё лічбавага права ў Рэспубліцы Беларусь». Дэпутацкім корпусам прынята 64 законапраекты, сярод іх 37 — аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў і пагадненняў. Таксама правялі 15 пасяджэнняў Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве, старшынёй якой я з’яўляюся, падрыхтавалі шэсць праектаў законаў.

— Канечне, не ўпускаеце з-пад увагі і работу ў выбарчай акрузе

— Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — гэта не толькі прадстаўнік на ўзроўні парламенту, але і актыўны ўдзельнік у жыцці сваіх выбаршчыкаў. Мы прадстаўляем інтарэсы людзей, якія за нас галасавалі, а таксама садзейнічаем рашэнню іх праблем. Я актыўна ўдзельнічаю ў распрацоўцы і абмеркаванні законапраектаў, якія могуць паўплываць на жыццё грамадзян, уважліва сачу за станам спраў у сваёй выбарчай акрузе, аналізуючы сацыяльна-эканамічную сітуацыю, патрэбы людзей, і на аснове атрыманай інфармацыі ўношу прапановы па ўдасканаленні заканадаўства ў розных сферах.

— Работа са зваротамі — важная частка дзейнасці дэпутата…

— Несумненна. Яна фарміруе ў насельніцтва думку аб уладзе, кіраўніках і ў цэлым аб краіне. Таму нам неабходна быць вельмі скрупулёзнымі, так як няўважлівыя адносіны, раўнадушша да праблем людзей здольны перакрэсліць любыя дасягненні. На мой погляд, прамыя тэлефонныя лініі і прыёмы грамадзян — важнейшы элемент зваротнай сувязі, якая дазваляе скарэкціраваць большасць пралікаў у рабоце.

За справаздачны перыяд мною арганізавана і праведзена 15 асабістых прыёмаў для жыхароў вашага раёна і часткі Бярозаўскага, які ўваходзіць у Пружанскую выбарчую акругу № 9, 14 прамых тэлефонных ліній, 85 сустрэч у працоўных калектывах і з насельніцтвам па месцы жыхарства, прынята 77 грамадзян, разгледжана 93 звароты. Падчас работы ў акрузе прымаў удзел у пасяджэннях выканаўчых камітэтаў, Саветаў дэпутатаў названых раёнаў.

— Юрый Іосіфовіч, ці была аказана рэальная дапамога людзям?

— Пачнём з таго, што ніводны зварот не быў пакінуты без увагі.

Многія пытанні вырашаліся адразу, дзякуючы канструктыўнаму, зладжанаму і цеснаму ўзаемадзеянню з мясцовымі органамі ўлады і адпаведнымі службамі. Нявырашаныя праблемы браліся на дэпутацкі кантроль. Чым дапамог? Тлумачыў заканадаўства па розных накірунках жыццезабеспячэння, станоўча было вырашана пытанне газіфікацыі па вул. Маладзёжнай у в. Калазубы, выканана падсыпка шчэбнева-пясчана-гравійнай сумессю грунтавога ўчастка па вул. Палявой у в. Вялікія Якавічы, спрафіліраваны аўтамабільная дарога Галены-Папялёва, адкрыты новы магазін у Роўбіцку. Некаторыя звароты грамадзян насілі асабісты характар. Для рашэння асобных мною былі падрыхтаваны запыты ў Міністэрствы аховы здароўя, абароны, сувязі і інфарматызацыі, архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, Пружанскі і Бярозаўскі райвыканкамы і г.д. Ні адзін зварот не застаўся па-за ўвагай, а некаторыя знаходзяцца на кантролі і сёння.

— Слова таксама мае сілу?

— Для аператыўнага інфармавання выбаршчыкаў аб маёй дзейнасці пастаянна працуе персанальны сайт Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (https://narkevich.house.gov.by/ru/), размяшчаецца інфармацыя ў Тэлеграм-канале «Наркевіч Ю.І.».

У ходзе сустрэч з працоўнымі калектывамі даводзіў да грамадзян актуальную інфармацыю аб дзяржаўнай палітыцы, прынятых законах, мерах па вырашэнні праблемных пытанняў, выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Галоўная задача, якую я як парламентарый стаўлю перад сабой, — вывучыць праз больш глыбокі аналіз праблемы акругі ў цэлым, выпрацаваць прапановы, якія знойдуць сваё адлюстраванне ў адпаведных рэгіянальных мерапрыемствах па рэалізацыі Дзяржаўных праграм і своечасовым унясенні змяненняў у дзеючае заканадаўства.

Таксама актыўна ўдзельнічаў у правядзенні Адзіных дзён інфармавання, з гэтым пабываў у арганізацыях, на прадпрыемствах, ва ўстановах адукацыі і аховы здароўя Пружанскага раёна.

— Маніторынг цэн таксама ў Вашай кампетэнцыі?

— Гэта важны складнік работы дэпутата, ён праводзіцца на сістэмнай аснове. Галоўная мэта маніторынгу — не дапусціць неабгрунтаванага росту цэн на харчовыя і прамысловыя тавары, а таксама кантраляваць асартымент прадукцыі на прылаўках гандлёвых аб’-ектаў, каб людзі маглі ў поўнай меры забяспечыць сябе ўсім неабходным. Наведаў магазіны «Март Інн», «Еўраопт», «Капеечка», крамы «Белкаапсаюза». Там, дзе пабываў, на пастаяннай аснове праводзяцца акцыі па зніжэнні цэн на вызначаныя групы тавараў, дзейнічаюць сацыяльныя скідкі для пенсіянераў, шматдзетных сем’яў і інвалідаў. Аднак існуе праблема з недахопам кадраў, на што патрэбна звярнуць увагу кіраўніцтву.

— Моладзь — гэта ж наша ўсё…

— Ніхто і не аспрэчвае. Мы павінны ў кожным маладым чалавеку бачыць асобы, дапамагаць хлопцам і дзяўчатам знайсці сябе ў жыцці. З гэтым і сустракаўся з членамі маладзёжнага парламента Пружанскага раённага Савета дэпутатаў трэцяга склікання. Разам абмеркавалі мэты і задачы, акцыі і мерапрыемствы. А яшчэ ўнёс прапанову аб удзеле маладых парламентарыяў у выязных прыёмах грамадзян у выбарчай акрузе, прамых тэлефонных лініях. Дадзеная ініцыятыва была падтрымана.

Лічу не лішнім абмяркоўваць з маладымі людзьмі пытанні ўзаемадзеяння з дэпутатамі, спосабы рэалізацыі праектаў і ініцыятыў. Заўсёды гатовы адказаць на пытанні асабістага характару. Важна закранаць тэму замацавання маладых спецыялістаў, асабліва ў сельскай мясцовасці. Не пакідаць нікога сам-насам з бядой, заўсёды трэба быць гатовым падтрымаць моладзь, падказаць выйсце з цяжкай сітуацыі. Ім жа будаваць у далейшым шчаслівую Беларусь і жыць у ёй.

— Ці застаецца час, Юрый Іосіфавіч, на грамадска-палітычныя акцыі, масавыя мерапрыемствы?

— У маі мінулага года прыняў актыўны ўдзел ва ўшанаванні Дня Перамогі на тэрыторыі Пружанскага раёна, паўдзельнічаў ва ўрачыстым мітынгу ў райцэнтры, дзе выступіў з віншавальнай прамовай перад людзьмі. Не застаўся па-за ўвагай Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 80-годдзе вызвалення роднай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзельнічаў у экалагічным фестывалі «Спораўскія сенакосы-2024» у в. Высокае Бярозаўскага раёна, дзе выступіў па праблеме зарастання балот і захавання многіх відаў раслін і птушак. Пачатак навучальнага года сустрэў у ДУА «Сярэдняя школа № 5 г. Пружаны», дзе расказаў аб ролі сямейнага выхавання падрастаючага пакалення. Здароўе нацыі — клопат кожнага. Вельмі прыемна, што ва УАЗ «Пружанская цэнтральная раённая бальніца» адкрыўся новы корпус прыёмнага аддзялення з апаратам камп’ютарнай тамаграфіі. Усяго і не пералічыш, але тут галоўнае — жаданне быць з людзьмі, чуць іх, радавацца разам з імі дасягненням рэгіёнаў і краіны ў цэлым.

— Што б Вы пажадалі ўсім па заканчэнні гутаркі?

— Перш хачу выказаць шчырую падзяку кіраўніцтву Пружанскага і Бярозаўскага раёнаў і ўсім работнікам раённых выканаўчых камітэтаў, дэпутацкаму корпусу раённых Саветаў дэпутатаў, кіраўнікам і працоўным калектывам, грамадскім арганізацыям, усім маім выбаршчыкам за ўзаемаразуменне, супрацоўніцтва, давер і падтрымку. Ваша актыўная пазіцыя і ўдзел у жыцці акругі і па сёння натхняюць мяне на далейшую стваральную працу. Няхай у нас усё атрымаецца. Мы, беларусы, заслужылі таго, каб жыць у спакойнай, квітнеючай краіне! Міру, дабра і здароўя жадаю ўсім! Мы моцныя, калі адзіныя

Гутарыў
Вадзім Раўнейка