Воскресенье, 7 июня 2026

Калі ёсць пытанне, трэба яго задаваць

423

На мінулым тыдні ў Мінску адбылася сустрэча Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай са старшынямі мясцовых Саветаў дэпутатаў абласнога і базавага ўзроўняў.

У мерапрыемстве прыняў удзел і старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец.

Як адзначыў Мікалай Пятровіч, Наталля Качанава ведае праблемы, якія хвалююць людзей на месцах. Яна акцэнтавала ўвагу прысутных на асноўны накірунак у рабоце дэпутатаў усіх узроўняў — бачыць і чуць кожнага чалавека. Асабістыя прыёмы і Адзіныя дні прыёмаў выбаршчыкаў, сустрэчы ў працоўных калектывах і на сходах грамадзян у сельскай мясцовасці — усё гэта дае магчымасць валодаць сітуацыяй, якая складваецца ў асобна ўзятай вёсцы і ў цэлым у раёне.

Падчас сустрэчы Мікалай Пятровіч ініцыяваў унясенне змяненняў у Жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь у частцы замацавання магчымасці захавання за наймальнікамі, якім арэнднае жыллё дадзена на перыяд працоўных (службовых) адносін, жылых памяшканняў у выпадку спынення працоўных (службовых) адносін у сувязі з устанаўленнем інваліднасці 1 або 2 групы, а таксама працаўладкаваннем па накіраванні дзейнасці ў іншую бюджэтную арганізацыю на тэрыторыі населенага пункта па месцы знаходжання жылога памяшкання.

Другім пытаннем, якое агучыў старшыня райсавета, было ўтрыманне і абслугоўванне дарог і вуліц сельскіх населеных пунктаў, так як жыхары раёна часта падымаюць праблему стану дарожна-транспартнай сеткі. У 2024 годзе ад пружанцаў паступіла 36 такіх зваротаў.

На Пружаншчыне 226 км вясковых вуліц. Фінансаванне на ўтрыманне і абслугоўванне апошніх на 2025 год складае 348 тысяч рублёў. Мікалай Пятровіч папрасіў перагледзець працэнтныя суадносіны на фінансаванне дарог і вуліц.

Падчас сустрэчы вопытам работы дэпутацкага корпуса Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў з насельніцтвам г. Мінска падзяліўся яго старшыня Арцём Цуран, аб практыцы стварэння і функцыянавання органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання расказала старшыня Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Пруднікава.

Ці карысны такія сустрэчы? Канечне. Гэта добра, калі праблемы грамадзян вырашаюцца на месцах, але часам здараецца так, што дапамога патрэбна і на ўзроўні рэспублікі. А яе лішняй ніколі не бывае.

Вадзім Раўнейка