Понедельник, 16 февраля 2026

Калі выратавальнік пераўтвараецца ў памочніка камбайнера? Ведае вадзіцель ПАВП з Кабылаўкі Аляксандр Жабрун

456

У паўсядзённым жыцці выратавальнікі — звычайныя людзі, якія клапоцяцца пра сям’ю, сябруюць з суседзямі, дапамагаюць бацькам. А некаторыя ў час адпачынку яшчэ і працуюць на народную гаспадарку. У райаддзеле нямала работнікаў, якія штогод прымаюць актыўны ўдзел у жніве, пра што неаднаразова мы расказвалі ў раённай газеце.

Аляксандр Жабрун.

Менавіта так сёлета вырашыў правесці свой адпачынак і вадзіцель пажарнага аварыйна-выратавальнага паста аграгарадка Кабылаўка прапаршчык Аляксандр Жабрун. У бягучай уборачнай кампаніі ў філіяле «Айчына» ААТ «Белавежскі» ён прымае ўдзел у якасці памочніка камбайнера. Сезон разам з напарнікам Паўлам Гарбарам пачаў на ўборцы азімага ячменю, нарыхтоўвалі рапс, а зараз шчыруюць на палетках трыцікале. У гэтым сезоне экіпаж намалаціў ужо больш за 200 тон.

Безумоўна, праца ў поле не з лёгкіх. Дадому Аляксандр вяртаецца разам з зоркамі і вельмі стомлены. Але задаволены: яшчэ адзін дзень адпрацаваў на ўборцы хлеба.

— Работа такая прыносіць толькі прыемныя эмоцыі, — сцвярджае Аляксандр Мікалаевіч. — І хаця від дзейнасці іншы, аднак усё роўна дапамагаем людзям, клапоцімся не толькі пра іх спакой, але і дабрабыт.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік