Гэты матэрыял доўга чакаў свайго часу. Пісаць пра людзей — заўсёды няпроста. Тым больш пра тых, хто ў прамым сэнсе слова змагаўся за кожны крок, за права жыць і радавацца гэтаму свету. Пра тых, хто спрабаваў падмануць боль і адчай, тых, хто паказвае, што многія жыццёвыя цяжкасці можна пераадолець… Галоўнае — вера і падтрымка тых, хто побач. І, канечне, любоў. Гэтая гісторыя якраз пра такую дзяўчыну.
Падстава для сустрэчы — пост у сацсетках
У адзін з зімовых дзён мінулага года я праглядаў старонкі ўстаноў культуры раёна ў сацыяльных сетках. Пост на старонцы Мураўскага СДК у «Аднакласніках» запрашаў наведаць выставу работ Марыны Маркечка. На двух фота была адлюстравана вялікая колькасць работ. Няўжо ўсё гэта зрабіў адзін чалавек?
Тэлефанаванне кіраўніку ўстановы культуры Ірыне Кузьміч дало станоўчы адказ на гэтае пытанне. А каб адказаць на іншыя, Ірына Іванаўна прапанавала сустрэцца з Марынай і яе мамай Наталляй Канстанцінаўнай асабіста.
Пакуль мы з Ірынай Іванаўнай любаваліся выставай — аказалася, што гэта цэлы сусвет, ад карцін да дэкаратыўных вырабаў — у Дом культуры зайшлі маці і дачка.
І кожны дзень — як барацьба
На тварах Наталлі Канстанцінаўны і Марыны Маркечкаў сёння ўсмешкі, хаця ў куточку сэрца дагэтуль жыве боль, нібыта напамін пра той страх і адчай, пра пустату і расчараванне, з якімі неаднойчы даводзілася сутыкацца ў жыцці.
Наталля Канстанцінаўна і Аляксандр Іванавіч — эканаміст і намеснік дырэктара ААТ «Мурава» — вельмі чакалі нараджэння дачушкі, рыхтаваліся да яго, выбіралі імя. Здавалася, нічога не абяцала бяды, але… аднойчы бацькі і ўрачы заўважылі, што ў малой дрэнна працуе правая ручка. Кансультацыя, чаканне і несуцяшальны дыягназ — дзіцячы цэрэбральны параліч.

— Першым пачуццём быў, не, не страх. Ён прыйшоў пазней. Спачатку быў усё ж адчай: як дапамагчы дачушцы? Як забяспечыць ёй неабходнае лячэнне? Як зрабіць так, каб у Марыны з‘явіўся шанец на паўнацэннае жыццё? — успамінае падзеі больш як дваццацігадовай даўніны Наталля Канстанцінаўна. — Як аказалася, свет сапраўды не без добрых людзей.
Такімі людзьмі на шляху сям’і Маркечка сталі перш за ўсё медыкі. Жыццё мамы і дачкі ў першыя гады жыцця Марыны выглядала так: два месяцы — дома, трэці — у брэсцкім рэабілітацыйным цэнтры. Частымі гасцямі яны былі і ў неўралагічным аддзяленні Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы. Зараз з цеплынёй успамінаюць спецыялістаў ад Бога, што працуюць там, — неўролага Марыю Лукашэвіч і загадчыка аддзялення Міхаіла Бусько.
— Нягледзячы на ўсе цяжкасці, у год і чатыры месяцы Марынка пачала хадзіць. Калі трапілі на чарговую кансультацыю да Міхаіла Міхайлавіча, які ведаў Марыну з нараджэння, і ён убачыў, што дзяўчынка робіць самастойныя крокі, то не змог стрымаць слёз. Яшчэ адзін падобны выпадак быў, калі дачушцы зрабілі МРТ: урач здзівіўся, калі пасля яго Марына села на дзіцячы веласіпедзік і… паехала. Вельмі ўдзячны мы нашаму мясцоваму неўролагу Але Барысаўне Гук — за прафесіяналізм і чалавечую падтрымку. З ёй пазнаёміліся, калі малады ўрач толькі прыйшла працаваць у ЦРБ. Увесь гэты час цікавіцца станам здароўя Марынкі, яны з ёй нібыта добрыя сяброўкі, — кажа Наталля Канстанцінаўна.
Жыццёвыя абставіны прымусілі жанчыну быць моцнай і ніколі не здавацца. А яшчэ заўсёды дзякаваць. Самая надзейная падтрымка — любімы муж — заўсёды быў побач. Менавіта Аляксандр Іванавіч кожную раніцу запрашае сям‘ю на каву, зараджае пазітывам. Дзякуючы яму кожны дзень у доме Маркечкаў пачынаецца з усмешкі.
Не ўсё атрымлівалася адразу. На сваёй жыццёвай дарозе Марыне, на жаль, даводзілася сутыкацца і з непаразуменнем, і з тым, што зараз мы называем булінгам. Але менавіта людзі, іх добрае слова і шчырая дапамога, а яшчэ малітва, дапамаглі пераадолець адчай і страх, усялілі веру ў тое, што ўсё будзе добра. Вельмі значную дапамогу сям’і ў свой час аказалі дырэктар ААТ «Мурава» Пётр Білецкі, старшыня шарашэўскай суполкі ГА «Беларускі саюз жанчын» Раіса Бульчук, суседзі, шматлікія сябры.
Жыццё = творчасць
А вось тое, што дапамагае не здавацца зараз, — гэта творчасць. У свой час далучыцца да дзяцей, якія займаюцца ў гуртку дэкаратыўна-прыкладной творчасці пры Мураўскім СДК, Марыну запрасіла яго дырэктар Ірына Кузьміч.
Наталля Канстанцінаўна прызнаецца: для яе гэта было трывожна, але ў той жа час жанчына разумела, што дачцы нельга замыкацца ў чатырох сценах, што інваліднасць — гэта не прыгавор, што патрэбна знайсці сяброў і справу па душы.
— Ірыну Іванаўну мы ведаем вельмі даўно, яшчэ з тых часоў, калі яна працавала выхавальніцай у нашым садку. Менавіта да яе ў групу хадзілі і Марынка, і яе брацік Ягор. Таму мы вырашылі прыслухацца да яе парад, — успамінае Наталля Канстанцінаўна.
Сёння ў арсенале Марыны Маркечка адразу некалькі тэхнік і дзясяткі работ.
— Люблю размалёўваць карціны па нумарах, рабіць карціны з бісеру, навучылася майстраваць вырабы са шпагату, але найбольш падабаецца працаваць у тэхніцы алмазнай вышыўкі. Раней займалася ёю толькі дома, цяпер жа на другім паверсе Дома культуры абсталявалі цудоўны кабінет з вялікім сталом. Там сапраўды ёсць дзе развярнуцца! Дзе бяру матэрыялы? Дапамагае заказваць у інтэрнэце брат Ягор або прывозіць непасрэдна з Брэста, дзе зараз працуе, — расказвае Марына.

А Ірына Іванаўна не без гонару адзначае: у будынках СДК і праўлення сельгаставарыства, бадай, няма ніводнага кабінета, які б не ўпрыгожыла карціна ці іншы выраб аўтарства Марыны Маркечка. Нават у Сухопальскай амбулаторыі, у стаматалагічным кабінеце, месціцца карціна «Здаровы зуб», зробленая ў тэхніцы тарцавання.
— Уласна для выставы работ Марыны, мы збіралі яе вырабы літаральна па ўсім раёне. Вось такая яна ў нас: любіць не атрымліваць, а дарыць падарункі. Ведаеце, у Марыны і я, і мая калега Ірына Асаніна вучымся вельмі многаму. Перш за ўсё, цярпенню і вытрымцы. Калі Марына робіць свае творы і штосьці не атрымліваецца, яна ніколі не здаецца, скрупулёзна працягвае работу. На гэта звяртаем увагу дзяцей, якія наведваюць гурткі ў нашым Доме культуры. На прыкладзе Марыны праводзім паралель з жыццём: у ім можна пераадолець амаль усё, нават самыя цяжкія і складаныя сітуацыі, — упэўнена Ірына Іванаўна.
Свет, дзе пануе любоў
Што і казаць, творчасць — тое, што стала жыццём Марыны. Дзякуючы свайму захапленню яна знайшла новых сяброў, а яе рукі не ведаюць суму. Але ж гэта не адзінае, чым займаецца дзяўчына. Яна — матуліна і бабуліна памочніца. Стараецца дапамагаць на прысядзібным участку, дзе жывуць нямецкая аўчарка Рэкс, свінні, курачкі, а ў планах — завесці індыкоў. Умее гатаваць ежу, на «ты» з тэлефонам.
Яшчэ вельмі любіць бавіць час з роднымі і блізкімі, адчуваць іх любоў, а ўзамен дарыць ім сваю. Любіць родную Мураву, даражэй якой, прызнаецца Марына, няма на ўсім свеце: толькі тут яна адчувае сябе па-сапраўднаму шчаслівай.
— Калі б шчасце можна было намаляваць на карціне, што б на ёй было? — пытаюся ў Наталлі Канстанцінаўны і Марыны. Апошняя крыху губляецца, таму ёй дапамагае мама:
— Мы абедзве з Марынкай нарадзіліся ў маі, таму, безумоўна, многа кветак і блакітнае неба. Побач са мной — дачка-прыгажуня, разам з намі — тата і сын. Ва ўсіх людзей — моцнае здароўе, усе жывуць радасна, з усмешкай і пазітывам. Няма ніякіх хвароб, суму і болю. Няма грубых слоў і нянавісці, зла і крыўды. Ёсць толькі любоў, гэта самае галоўнае ў свеце, яна натхняе, дае веру і надзею. Мабыць, у гэтым і заключаецца сапраўднае шчасце…
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік