У Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы выдатна ведаюць, што добрая тэарэтычная база заўсёды павінна падмацоўвацца практыкай. Навучэнцы каледжа пасля яго заканчэння звычайна адпраўляюцца на работу ў сельгасарганізацыі. Але там жа многія робяць першыя крокі ў прафесію яшчэ падчас вучобы. Больш за тое, працуюць памочнікамі камбайнераў на канікулах, атрымліваюць каштоўны вопыт, зарплату і… нават узнагароды розных узроўняў.
Падчас сёлетняга жніва ў сельгасарганізацыях працавала 16 навучэнцаў каледжа. Яны былі задзейнічаны на камбайнах, КЗС, адвозцы саломы і іншых работах. Амаль усе працавалі ў Пружанскім раёне, за выключэннем Дзмітрыя Гілеціча. Ураджэнец Жабінкаўшчыны шчыраваў у ААТ «Мацеевічы». Па выніках жніва будучы механік атрымаў заслужаную ўзнагароду.
А сярод тых, каго адзначылі на сцэне абласных «Дажынак», былі майстар вытворчага навучання Аляксандр Васільевіч Ніканчук і навучэнец спецыяльнасці «Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці» Ілья Ліцкевіч.
Тандэм майстра вытворчага навучання і навучэнца ўжо з’яўляўся на старонках «раёнкі». Напачатку сёлетняга лета Аляксандр Васільевіч Ніканчук і Ілья Ліцкевіч дзяліліся ўражаннямі ад паездкі на выставу «Белагра-2021», а яшчэ расказалі, што разам будуць працаваць на жніве.
Так яно і адбылося. Экіпаж можна было ўбачыць на ўборцы культур у ААТ «Жураўлінае». Для Аляксандра Васільевіча жніво стала 29-м па ліку і трэцім у якасці камбайнера. Ілья працаваў памочнікам упершыню. Хлопец прызнаецца: спачатку было даволі складана.
— Цяжка было ўстаць, як кажуць, разам з сонцам. Але хутка гэта ўвайшло ў прывычку, — кажа хлопец, які, акрамя таго, што старанна засвойвае навуку, з’яўляецца старастам групы і старшынёй самакіравання каледжа. – Рады, што давялося папрацаваць побач з Аляксандрам Васільевічам і многаму навучыцца.
Майстар вытворчага навучання падкрэсліў, што на «КЗС-12» яны ўбіралі самыя розныя культуры – ад траў да гароху. Працавалі старанна, і ў выніку Ілья атрымаў Грамату аблвыканкама за дасягнутыя поспехі на жніве сярод экіпажаў навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі вобласці. А сам Аляксандр Ніканчук адзначаны Граматай за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, выхаванне падрастаючага пакалення і дасягнутыя поспехі падчас уборачнай кампаніі.
Такой жа Граматай за подпісам старшыні аблвыканкама Юрыя Шулейкі ўзнагароджаны і выкладчык каледжа Юрый Аляксандравіч Шабуня. Гэтае жніво ён правёў у ААТ «Агра-Калядзічы», дзе працаваў памочнікам на камбайне «КЗС-10». Выкладчык расказаў, што жніво-2021 стала для яго ўжо адзінаццатым. У сярэднім за дзень намалочвалі па 30-40 тон, але было і больш за 100 тон збожжа за змену.
Паспяхова адпрацавалі на жніве яшчэ два навучэнцы – Алег Субота і Арцемій Анаційчук. Першы быў памочнікам камбайнера ў ААТ «Жураўлінае», другі – у «Ружанах-Агра».
Алегу пашчасціла працаваць разам з Аляксеем Ашмянкам на камбайне «КЗС-1218». Нагадаем, што летась экіпаж, у якім працаваў Аляксей Аляксандравіч, першым у раёне намалаціў тысячу тон збожжа. Навыкі, атрыманыя падчас працы з вопытным камбайнерам, канечне, будуць вельмі карыснымі для юнака.
«Глядзець за стратамі, сачыць за тым, каб бункер быў неперапоўнены, а камбайн спраўна працаваў», — расказвае пра свае абавязкі Арцемій. Юнак на выпускным курсе, таму ўжо гэтай восенню яго чакае размеркаванне. Куды адправіцца на работу, пакуль не ведае, але дакладна разумее, што тэхніку павінен ведаць ад «А» да «Я».
Яшчэ не скончыўся нават першы месяц новага навучальнага года. Наперадзе ў навучэнцаў і выкладчыкаў – заняткі, экзамены і залікі. Але некаторыя з тых, хто вучыцца на малодшых курсах, гледзячы на хлопцаў, ужо зараз задумваюцца пра работу ў сельгаставарыствах на жніве-2022.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара і Кацярыны Масік