
Працаваць на зямлі спрадвеку лічылася ганаровым і высакародным заняткам. А заставацца жыць і працаваць там, дзе нарадзіўся і вырас — прэстыжна ўдвая. Ведаць патрэбы мясцовых жыхароў, іх радасці і трывогі, умець размаўляць з імі на адной мове, бязмерна любіць свой край. Усім гэтым валодае стараста в. Юндзілы Васіль Куця, які можа хутка і якасна вырашаць надзённыя пытанні, дапамагаць аднавяскоўцам, быць добрым прыкладам для іншых.
На пасадзе старасты Васіль Кірылавіч ужо 18 гадоў. Родам з в. Кавалі, якая плаўна пераходзіць у Юндзілы, жыве і працуе ён тут усё сваё жыццё. Пасля заканчэння Пружанскага тэхнікума пачынаў у далёкім 87-м брыгадзірам паляводчай брыгады, а праз 30 гадоў назначылі спецыялістам эканамічнай службы па кормавытворчасці. У 2007 годзе дадаліся яшчэ абавязкі старасты, з якімі, мяркуючы па выніках, ён выдатна спраўляецца.
— Жадання з’ехаць з родных мясцін ніколі не было, тут пусціў карані, стварыў сям’ю, нарадзіў сына. Жонка мая, Галіна Міхайлаўна, таксама адгэтуль, да пенсіі працавала ў Калазубах поварам, і заўсёды падтрымлівала мяне ў жаданні жыць менавіта тут. Раней, вядома, абедзве вёскі былі вялікія, моладзь заставалася на месцах. Памятаю, як у наш сельскі клуб у Кавалях прыязджалі на танцы нават з Гродзенскай вобласці. А зараз моладзі няма, як паехалі вучыцца ў горад, там і аселі. Цяпер у Юндзілах усяго 80 жыхароў, па мерках мінулых часоў — вельмі мала, ды ўсім далёка за 50. Як бы там ні было, для мяне асабіста — гэта любімы край, маленькая радзіма, якую хочацца зрабіць утульнай і прыгожай, — з гонарам кажа стараста.
Падчас нашай сустрэчы Васіль Кірылавіч выпадкова абмовіўся, што быў удзельнікам вайны ў Афганістане. Яшчэ зусім юным хлапчуком амаль на два гады апынуўся ў Кабуле. Вучэбку прайшоў у Самаркандзе, пасля чаго трапіў у войскі сувязі. Жахі «чужой» вайны памятае ўсё жыццё, і як на вачах губляў блізкіх таварышаў, і як на «дэмбель» вяртаўся з брушным тыфам, які падхапіў у горнай вадзе, атручанай душманамі. Ужо дома перажыў складаную аперацыю, тры месяцы ў бальнічных палатах і доўгідоўгі шлях аднаўлення ад фізічных і душэўных траўм. Адсюль і трапяткое стаўленне да жыцця, да блізкіх і да роднай зямлі.
Шпацыруючы па цэнтральнай вуліцы Кірава падчас нашай гутаркі, Васіль Кірылавіч паказаў мноства пустых старых хат, так званыя «адмоўнікі», якімі па розных прычынах не скарысталіся наследнікі. Ужо лепш пад бульдозер, растлумачыў стараста, і няхай расце зялёны лужок, чым зарослая хмызняком нечая сумная гісторыя, на якую без болю ў сэрцы глядзець немагчыма. Дамы тут купляюць неахвотна, паколькі Юндзілы знаходзяцца амаль за 62 км ад райцэнтра. На выхадныя ездзіць далёка і не выгадна, вось і пакідаюць іх за непатрэбнасцю. За некалькі гадоў ужо 15 дамоў пайшлі пад знос.
Старасту з такім вопытам хвалюе ўсё: і пустыя хаты, і абразанне дрэў, і парадак на могілках, нарыхтоўка дроў, акультурванне помніка воінам-вызваліцелям і многія іншыя пытанні. У яго баліць душа за кожную дробязь, вось і звяртаюцца да яго мясцовыя жыхары па любым пытанні, ці нават проста пагаварыць, што таксама немалаважна. Абсалютна просты, сумленны, шчыры і адкрыты — такое ўражанне стварае стараста пры першым знаёмстве, а што ўжо казаць аб доўгіх зносінах.
На любыя просьбы Васіля Кірылавіча адгукаюцца вяскоўцы, бо яны бачаць, што ён стараецца аднолькава для ўсіх. Сем месяцаў за год з раніцы да позняга вечара Васіль знаходзіцца ў полі на нарыхтоўцы кармоў. Ды яшчэ знаходзіць час і сілы на грамадскую нагрузку. Стараста разам з «групай падтрымкі» часцяком уладкоўвае суботнікі: зграбаюць, мятуць, фарбуюць, косяць, абразаюць, вывозяць смецце… У такія дні вёска проста ажывае, тады і душа спявае, і справа спорыцца.
Ірына Велясевіч.
Фота аўтара
