Пятница, 23 мая 2025

Калі пачысцяць гарадское возера?

771

Сёлета лета выдалася надзвычай цёплае. Многія гараджане ратуюцца ад спякоты на гарадскім возеры. Я — не выключэнне. У Пружаны, на сваю малую радзіму, прыязджаю раз на год. На жаль, павінен зазначыць, што з кожным годам гарадское возера зарастае ўсё больш і набывае непрывабны выгляд: чарот ужо з двух бакоў расце, да буйкоў нават не даплыць.
Як так?! Возера — гэта такі ж твар горада, як, напрыклад, дарогі (тым больш, што знаходзіцца побач з трасай рэспубліканскага значэння). Расчыстка яго —таксама патрэбная справа, на якую трэба планаваць грошы ў бюджэце.
Юрый Аляксеевіч Пятроў.


Адказаць чытачу мы папрасілі начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама А.В.Бушука.
— Пружанскае возера сапраўды даўно не чысцілася, — згадзіўся Аляксандр Вячаслававіч, — бо трэба разумець, што на правядзенне гэтай работы патрэбны не проста вялікія — велізарныя сродкі: спусціць ваду, прыбраць іл, пачысціць дно, ізноў напампаваць ваду… Тым не менш на добраўпарадкаванне гэтага аб’екта адпачынку грошы выдаткоўваюцца: на возеры ёсць пляжная зона.
А.В.Бушук дадаў, што пытанне ачысткі возера трымаюць на кантролі раённыя эколагі.

Вось што паведамілі на гэты конт у раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
— Сёння рыхтуецца Дзяржаўная праграма «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў на 2021-2025 гады». Прапанова аб уключэнні ў яе Пружаншчыны таксама была накіравана, — расказаў галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя А.А.Гарус. — У прыватнасці, зроблены запыт на 230 тысяч рублёў, якія паступова павінны асвойвацца на водных аб’ектах раёна ў бліжэйшую пяцігодку.

Праўда, у выпадку, калі запыт задаволяць на вышэйшым узроўні, адпаведныя работы плануецца пачаць праводзіць з рэчак Мухавец і Муха. А гэта значыць, што ў любым выпадку ў наступным годзе гарадское возера адназначна чысціцца не будзе.

Падрыхтавала Марына Вакульская.