Понедельник, 9 декабря 2024

Калі не ў полі, то дакладна ў гаражы. 18 гадоў працуе ў ААТ «Мурава» механізатар Андрэй Улезла

1 516

Пры першых жа сімптомах віруснай інфекцыі нам раяць звяртацца да ўрача. А што рабіць, калі пачала барахліць машына? Работнікі ААТ «Мурава» таксама дакладна ведаюць, да каго звяртацца. Андрэй Улезла працуе механізатарам ужо 18 гадоў, і за гэты час тэхніка стала ладам яго жыцця.

Калі не ў полі, то дакладна ў гаражы — так кажуць пра мужчыну калегі. Андрэй Улезла заўсёды гатовы «падлячыць» машыны. Вось і заканчэння сельгассезона ён чакае не для таго, каб адпачыць, а каб разабрацца з тэхнікай і падрыхтаваць яе для добрай работы ў годзе наступным. Але ж і з палявымі заданнямі механізатар спраўляецца выдатна. Так, сёлета, па словах галоўнага агранома Сяргея Сцяпанава, менавіта Андрэй Улезла спрэсаваў 70% усёй саломы. Быў задзейнічаны і на азімай сяўбе, правёў яе больш чым на 800 га, сеяў травы і зерневыя культуры.

Сам механізатар прызнаецца, што з палявых работ больш за ўсё любіць менавіта сяўбу. Праўда, веснавую.

— Гэта ж цэлае мастацтва! Спачатку ты сееш, пасля назіраеш за тым, як культуры даюць усходы, вырастаюць, наліваюцца каласы. А затым убіраеш ураджай, у якім ёсць часцінка і тваёй працы. У тым ліку за гэта я люблю сваю работу і застаюся верным сельскай гаспадарцы на працягу столькіх гадоў, — кажа Андрэй Міхайлавіч.

А ці магло быць па-іншаму? Сам мужчына – мясцовы, пасля школы закончыў курсы аўтаслесараў у Брэсце, якія і далі пуцёўку для работы ў гаспадарцы. З доляй настальгіі ўспамінае механізатар свой першы трактар «МТЗ-80», затым быў «Беларус-1221». Агрэгат, на якім працуе зараз – «Беларус-3022» – атрымаў 12 гадоў таму. Акрамя сяўбы і прэсавання, з яго дапамогай механізатар праводзіць культывацыю, працуе на ворыве. Кажа, што хоць тэхніка і не новая, падводзіць не вельмі часта. Калі ж такое здараецца, адпраўляецца ў рамонтныя майстэрні, каб як мага хутчэй выправіць паломку, бо сельская гаспадарка прастояў не даруе.

Дарэчы, тут жа, у майстэрнях, працуе і жонка механізатара Алёна Генадзьеўна. Жанчына выдатна разумее спецыфіку работы мужа, асабліва ў час сяўбы ці жніва. А ці пойдуць дзеці па бацькоўскім шляху?

— Казаць пакуль ранавата, — прызнаецца Андрэй Улезла. Старэйшай Ксеніі — 15, Даніілу — 12 гадоў.

Нягледзячы на занятасць на працы, час для сям’і і мама, і тата стараюцца знаходзіць. А ў халодны сезон Андрэй Міхайлавіч выбіраецца на рыбалку. Кажа, што быў на Сяльцы, Гуце і Зэльве. Сёлетняй зімой, калі пашанцуе, мяркуе парадаваць жонку і дзяцей добрым уловам…

— Насамрэч, многім нашым работнікам, у тым ліку Андрэю, трэба сказаць вялікі дзякуй, — кажа галоўны аграном Сяргей Сцяпанаў. – Так, не ўся тэхніка новая, але ў людзей ёсць галоўнае — жаданне працаваць, быць карыснымі сваёй гаспадарцы і роднай зямлі.

Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара