Среда, 15 января 2025

Калі мара збылася. Аляксей Ільяшук з Муравы праходзіць тэрміновую службу ў 38-й Брэсцкай асобнай брыгадзе і мяркуе застацца працаваць па кантракце

1 222

У 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай Венскай Чырванасцяжнай дэсантна-штурмавой брыгадзе праходзіць службу гвардыі малодшы сяржант Аляксей Ільяшук.

Яго можна назваць узорным вайскоўцам: у гэтым чалавеку спалучаюцца якасці строгага, але справядлівага кіраўніка, каман-дзіра. Знайсці выйсце з любой складанай сітуацыі – гэта пра яго.

Аляксей родам з Пружаншчыны, з аг. Мурава. З юнацтва ён марыў служыць у праслаўленай брыгадзе. І, калі надышоў час прызыву, нічога не перашкодзіла яму стаць часткай гэтай дружнай сям’і.

— Мне хацелася служыць у 38-й брыгадзе, бо там выхоўваюцца сапраўдныя воіны, якія нічога не баяцца і гатовы справіцца з любымі задачамі, — кажа Аляксей. — Па характары я стрыманы, строгі, але ніколі нікому не адмоўлю ў просьбе. Мой дэвіз – рабі, як я!

Малодшы сяржант прафесійна займаўся валейболам і зараз працягвае заняткі спортам у брыгадзе.

— У арміі цяжка, але вельмі цікава, — прызнаецца Аляксей Ільяшук. — Тут я навучыўся многаму. Мне падабаюцца вучэнні, палявыя выхады, розныя заняткі, скачкі з парашутам, якія трэніруюць валявыя якасці. Хацелася б пасля тэрміновай службы застацца ў 38-й брыгадзе, працягнуць службу па кантракце. Словам, служыць на карысць нашай Радзіме!

Данііл Барысаў, намеснік камандзіра роты па ідэалагічнай рабоце, гвардыі лейтэнант