Суббота, 12 октября 2024

Калі лес становіцца лёсам

380

Надыходзячае прафесійнае свята для Пружанскага лясгаса сёлета супадае з яшчэ адной знакавай падзеяй: арганізацыя адзначае свой 80-гадовы юбілей. Ёсць яшчэ адно сімвалічнае спалучэнне — святкаванне лесаводаў праходзіць у Год якасці, у скарбонку якога работнікі лясной гаспадаркі робяць істотны ўклад.

Нашы задачы, якія ўключаюць захаванне, памнажэнне і эфектыўнае выкарыстанне галоўнага багацця краіны — лясоў, засталіся нязменнымі. Але разам з тым нароўні з паўсядзённай працай мы звяртаем увагу і на яе якасць. Нельга сказаць, што раней усе абавязкі пружанскімі лесаводамі выконваліся «па сярэднім паказчыку». Літаральна ў кіламетры ад кожнага населенага пункта раёна зараз шуміць здаровы лес, высаджаны нашымі рукамі. Карпатлівая праца леснікоў захоўвае зялёную прыгажосць Пружаншчыны. А яшчэ ў нашай працы няма «тэрміну годнасці», згодна з якім праз пэўны час трэба праводзіць чарговае «абнаўленне». Кожнае дзеянне, пачынаючы ад пасадкі ў глебу саджанцаў або насення да ляснога догляду, мы выконваем на стагоддзі. І вынікамі гэтай працы карыстаецца грамадства не 80 га-доў, а значна даўжэй, што пацвярджаюць цэлыя «лясныя» пакаленні, якія працавалі і працягваюць працаваць у Пружанскім лясгасе.

На здымку: вытворчыя пытанні дырэктар установы Віктар Карніенка абмяркоўвае (справа налева) з галоўным бухгалтарам Аляксандрам Кадзешкам і начальнікам лесапункта Аляксандрам Лапіцкім.

Сёння арганізацыйна Пружанскі лясгас складаецца з дзевяці лясніцтваў, 31 майстарскага ўчастка, 74 абходаў, дрэваапрацоўчага цэха. Агульная плошча лясгаса складае 81 тысячу гектараў, у тым ліку пакрыта лесам каля 74 тысяч га. Калектыў складаецца з 317 працаўнікоў. І для нас менавіта людзі лічацца найбольшай каштоўнасцю. Звязана гэта з тым, што выпадковыя ў нас не затрымліваюцца, у лясгасе працуюць работнікі, як кажуць, «з лясной душой». Менавіта такі калектыў атрымаўся ў нас, які адрознівае маналітнасць, адзінства ва ўсіх пачынаннях. Дзякуй вам за працу, за адказнае стаўленне да ўсіх вялікіх і малых спраў, за вернасць прадпрыемству і імкненне зрабіць яго яшчэ лепшым. Таксама нізкі паклон нашым ветэранам, якім жадаю лёгкасці на душы, трывалай упэўненасці, што іх праца не забудзецца разам з дасягненнямі, якія застануцца прыкладам для наступных пакаленняў лесаводаў. І, канешне, зычу ўсім хатняй утульнасці, павагі родных і сямейнага дабрабыту.

Віктар Карніенка, дырэктар дзяржаўнай лесагаспадарчай
установы «Пружанскі лясгас»

Ахова і аднаўленне лесу

Менавіта такія задачы ставіць перад сабой галоўны ляснічы Дзмітрый Козел (на здымку) і каманда падначаленых. У прыватнасці, ужо пабудаваны 6 новых цяпліц, дзе вырошчваецца маладняк для аднаўлення пружанскіх лясоў.

Таксама прынята рашэнне аб маштабным выкарыстанні метаду агароджвання шэрагу тэрыторый мясцовага ляснога фонду ад пашкоджання капытнымі. На сённяшні дзень такая практыка прадэманстравала сваю эфектыўнасць, устаноўлена больш за 70 км сеткі, якія абаранілі каля 700 га лесу.

Яшчэ адной важнай задачай пружанскіх лесаводаў з’яўляецца ахова лясоў ад пажараў. У гэтым накірунку праводзіцца вялікая работа: уладкаванне і догляд мінералізаваных палос, ліквідацыя несанкцыянаваных смеццязвалак, ачыстка лесу ад захламленасці, устаноўка дадатковых аншлагаў і шлагбаўмаў. Былі набыты фотапасткі і відэарэгістратары. Асабліва эфектыўна дзейнічае дыстанцыйная сістэма ранняга выяўлення пажараў «Лясны вартавы».

— Дрэва расце ў сярэднім 70-100 гадоў, так што сёння мы карыстаемся лясамі, створанымі нашымі папярэднікамі,— падкрэслівае Дзмітрый Мечыслававіч.— А тыя, хто прыйдуць нам на змену, будуць карыстацца плёнам нашай працы. Таму можна смела сцвярджаць, што ад нашай цяперашняй працы залежыць, якімі будуць лясы Беларусі праз 100 гадоў.

На дапамогу калегам

Пружанскія лесаводы пільна сочаць за парадкам на пададказнай тэрыторыі. Але калі іх дапамога становіцца патрэбнай, то адразу адпраўляюцца нават за межы вобласці.

Так атрымалася і сёлета, зараз брыгады нашага лясгаса дапамагаюць калегам на Гомельшчыне справіцца з наступствамі ўраганнай стыхіі, якая прайшла па тых мясцінах напрыканцы ліпеня. Як расказвае дырэктар установы, у першыя дні ў найбольш пацярпелыя Калінкавіцкі і Рэчыцкі лясгасы былі накіраваны шматаперацыйная тэхніка і работнікі. Брыгады ў складзе 30 чалавек працуюць вахтавым метадам, пры гэтым у камандзіроўках задзейнічаны леснікі з усяго Пружанскага раёна. За мінулы час яны ўжо ачысцілі ад ветравальна-бураломных пашкоджанняў больш за 50 гектараў, або трэць ад выдзеленых дзялянак.

У памяць ветэранаў

Пасля чарговай уборкі каля памятнага знака (злева направа) намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Ірына Раманюк, ляснік Бярозаўскага лясніцтва Аляксандр Несцярук, дырэктар лясгаса Віктар Карніенка і ляснічы Бярозаўскага лясніцтва Аляксандр Варчук.

Калектыў лясгаса з асаблівай павагай ставіцца да людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню лесу і ўнеслі неацэнны ўклад у захаванне і памнажэнне лясных багаццяў. У памяць аб тых, хто заўчасна пайшоў з жыцця, створаны асаблівыя ўчасткі з ляснымі культурамі. У тым ліку ў гонар галоўнага ляснічага лясгаса Валерыя Астапука, ляснічага Ліноўскага лясніцтва Віталія Пракаповіча, дырэктара Уладзіміра Панасевіча.

За гэтымі памятнымі мясцінамі вядзецца пастаянны догляд, тэрыторыі прыбіраюцца і абкошваюцца. А яшчэ сюды нярэдка прыязджаюць экскурсіі з бліжэйшых школ, дзякуючы чаму памяць аб заслужаных працаўніках лясгаса застанецца ў наступных пакаленнях.

Маладым леснікам ёсць у каго вучыцца

У свой час Алег Замулка (на здымку) лічыўся маладым работнікам, які вучыўся ў ветэранаў лясной справы. З таго часу мінула амаль паўстагоддзя, на працягу якога ён набываў уласны вопыт, а потым перадаваў яго новай моладзі. Лёс кідаў Алега Аляксандравіча амаль па ўсім Савецкім Саюзе: пачынаючы ад працы ў лясной гаспадарцы Краснаярскага краю і заканчваючы Белавежскай пушчай. У 1994 годзе ён перавёўся ў Пружанскі лясгас, дзе спачатку займаў пасаду галоўнага інжынера, а потым працаваў у іншых падраздзяленнях. Успамінае ветэран многае, былі і сумныя перыяды ў яго час. Вось толькі, як сцвярджае Алег Замулка, прыемнага было больш, таму наўрад ці пагадзіўся б мяняць што-небудзь у сваім лёсе. Тым болей што дзякуючы лясной гаспадарцы ён знайшоў сваё сямейнае шчасце.

Старонку падрыхтаваў Алег СІДАРЭНКА. Фота Кацярыны Масік