Ці ведалі вы, што ў Маскве з сярэдзіны кастрычніка пасажыраў без масак і пальчатак не пускаюць у грамадскі транспарт, нават калі яны ўжо аплацілі праезд? У Пружанах пакуль на такія радыкальныя меры не ідуць. Але што робіцца, каб засцерагчы людзей, і наколькі адказна пасажыры ставяцца да свайго здароўя?
Каб высветліць гэта, карэспандэнт газеты разам з супрацоўнікамі аўтапарка і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі адправіўся ў рэйд.
Першым пунктам нашага маршруту стаў не аўтобус, а будынак аўтастанцыі. І гэта невыпадкова: як тэатр пачынаецца з вешалкі, так аўтобусны маршрут — з білетных кас і залы чакання.
Як аказалася, касіры, кандуктары, абслугоўваючы персанал не толькі стараюцца абараніць ад інфекцыі сябе, але і ўласным прыкладам паказваюць пасажырам, што нашэнне маскі — не чыйсьці капрыз, а неабходнасць.

Згодна з патрабаваннямі Пастановы Міністэрства аховы здароўя, у перыяд рэгістрацыі COVID-19 усе супрацоўнікі транспартных арганізацый павінны быць забяспечаны сродкамі аховы органаў дыхання і выкарыстоўваць іх. Пра тое, як выконваюцца гэтыя патрабаванні, памочнік урача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Г.Р.Хмялеўская пацікавілася ў галоўнага інжынера філіяла “Аўтапарк №11 г.Пружаны” ААТ “Брэстаблаўтатранс” А.С. Бельскага.
Як расказаў Аляксандр Сямёнавіч, кожны кандуктар атрымлівае па дзесяць аднаразовых масак на два дні працы і забяспечваецца пальчаткамі. Ганна Рышардаўна таксама праверыла службовы пакой кандуктараў і ўпэўнілася, што ў ім маецца антысептык і вадкае мыла.
У зале чакання таксама ўсё ў парадку: усталявана ёмістасць з антысептыкам, а пасажыры выконваюць масачны рэжым і вытрымліваюць сацыяльную дыстанцыю. Каб забяспечыць яе, лавачкі яшчэ вясной, падчас першай хвалі каранавіруса, расставілі максімальна далёка.
Да касіраў таксама строгія патрабаванні: яны, нягледзячы на тое, што знаходзяцца за шклом, павінны працаваць у масцы і пальчатках. Напачатку змены ў іх вымяраецца тэмпература, якая фіксуецца ў адпаведным журнале.

Выходзім да платформ, куды пад‘язджаюць аўтобусы.
“Паважаныя пасажыры! З мэтай прафілактыкі вострых рэспіраторных інфекцый, а таксама каранавіруснай інфекцыі неабходна выкарыстоўваць маску”, – даносіцца голас з дынаміка аўтастанцыі. Аляксандр Сямёнавіч тлумачыць, што такое апавяшчэнне ўключаецца і ў салонах аўтобусаў, у чым мы пераканаліся асабіста. Бягучыя радкі на табло ў грамадскім транспарце, шматлікія аб’явы, лістоўкі і плакаты таксама нагадваюць пра неабходнасць захавання масачнага рэжыму. Спецыяльна распрацаваныя плакаты размешчаны на пяці гарадскіх аўтобусах.
Але ці прытрымліваюцца мер прафілактыкі пасажыры?
Якраз пад‘ехаў аўтобус маршруту Хвалава-Пружаны. Абсалютна ўсе людзі, што выходзілі з яго, былі ў масках. Масачны рэжым захоўваў і вадзіцель. Тое ж самае аказалася і ў маршрутцы Брэст-Гродна.
Г.Р.Хмялеўская пацікавілася ў вадзіцеля гэтага рэйса, ці не ўзнікае праблем. Як расказаў мужчына, калі яго пасажыры раптам забываюцца пра сродкі індывідуальнай абароны, ён ветліва нагадвае ім пра гэта. А вадзіцель прыгарадных маршрутаў А.І.Вайцяховіч, калі ў салоне аўтобуса няма гучнагаварыцеля, асабіста чытае людзям папярэджанне пра захаванне масачнага рэжыму.
Тым часам з сёмай платформы вось-вось павінен адправіцца бадай самы папулярны ў нас рэйс – Пружаны-Аранчыцы. На гэты раз у салоне нешматлюдна і ўсе экіпіраваны правільна.

Падыходжу да сям’і Ванюкоў з Шарашэва. “Мы едзем да дачкі ў Брэст. Вядома ж, у дарогу ўзялі некалькі масак. Я працую ў школе, таму да абавязковага нашэння маскі ўжо прывыкла”, – кажа Алена Юр’еўна. “У нас на працы таксама стараемся быць у масках. Гэта ж уласнае здароўе і здароўе іншых!” – дапаўняе жонку Мікалай Віктаравіч. “І я абавязкова надзяваю маску ў грамадскіх месцах. Думаю, што яна абараняе ад хваробаў”, – зазначае школьнік Вадзім.

Пасля нашага “палявання” на парушальнікаў масачнага рэжыму галоўны інжынер аўтапарка прапануе на свае вочы паглядзець, якую дэзапрацоўку абавязкова праходзіць аўтобус, калі вяртаецца з лініі. Адбываецца яна ў некалькі этапаў: спачатку на прахадной аўтапарка салон дэзынфіцыруюць генератарам халоднага туману, затым транспарт мыецца звонку і ўнутры, а завяршае апрацоўку прыбіральшчыца, якая мые аўтобус з прымяненнем сродкаў дэзынфекцыі.
Якія вынікі рэйда? Калі гаварыць у цэлым, то пружанскія пасажыры парадавалі. Людзі без масак амаль не сустракаліся, хаця варта канстатаваць: ёсць і тыя, хто не вельмі адказна ставіцца да ўласнага здароўя. У адной з маршрутак Ганна Рышардаўна ўбачыла мужчыну без маскі. Пасажыр патлумачыў, што маску зняў толькі што, каб крыху “нармальна падыхаць”. Памочнік урача-гігіеніста патлумачыла, што рабіць гэта лепш на вуліцы, у месцы, дзе няма вялікай колькасці людзей.
Не забывайце надзяваць маску і вы, паважаныя чытачы. І не толькі ў аўтобусе, а ва ўсіх грамадскіх месцах. Толькі такім чынам вы зможаце засцерагчы сябе і навакольных ад каранавіруснай інфекцыі.
Уладзіслаў Шпарла.
Фота аўтара.