Вторник, 21 января 2025

Калі кветкі — хобі сямейнае! Ларыса Панасевіч з Пружан пра сваё прыгожае захапленне

387

На Пружаншчыне жыве нямала дбайных, руплівых гаспадароў, якія надаюць увагу не толькі ўраджаю, але і добраўпарадкаванню свайго ўчастка. Адзін з такіх утульных домікаў стаіць на вуліцы Альшэўскага ў райцэнтры, дзе прыгажосць наводзіць Ларыса Панасевіч.

Ветлівая жанчына з абаяльнай усмешкай родам з Бярозаўскага раёна. У бацькоўскай хаце, што знаходзіцца ў невялікай вёсцы Вясневічы, заўсёды было шмат кветак.

— Мама захаплялася кветкамі. Гледзячы ў дзяцінстве на яе запал, я яшчэ зусім маленькай пачала цікавіцца гэтай справай. Шчырую маміну любоў да прыроды заўважыў і родны брат, які таксама вырошчвае кветкі. Таму можна сцвярджаць, што гэта наша сямейнае хобі, — усміхаецца Ларыса Мікалаеўна.

Да любімага занятку жанчыны з прыхільнасцю ставіцца і ўласная сям’я: муж, двое сыноў, унучкі.

— Родныя падтрымліваюць маё захапленне кветкамі, любяць, калі навокал прыгожа, дапамагаюць, калі ў тым ёсць патрэба: зямлі прывезці, штосьці цяжкае перанесці — ніколі не пакідаюць мяне адну, — дзеліцца кветкавод.

Адзінства сям’і сапраўды адчуваецца. Прынамсі, гэта бачна па ўладаннях Панасевічаў: яго дагледжанасць — агульная сямейная справа. На тэрыторыі знаходзіцца альтанка, у якой сваякі збіраюцца на абеды, розныя фігуркі, якія ўпрыгожваюць участак і надаюць яму пэўную адметнасць. Галоўнае ж — сапраўдны гонар гаспадыні — кветкі, у якіх патанае дом.

— На продаж кветкі не вырошчваю, займаюся іх развядзеннем толькі для свайго задавальнення. Мне здаецца, што я і не змагла б іх прадаць. Як можна развітацца са сваімі гадаванцамі? — здзіўляецца Ларыса Панасевіч, хобі якой патрабуе адказнасці і адданасці на працягу ўсяго года: не падумайце, што кветкі трэба даглядаць толькі ў вясенне-летні перыяд.

— Каб кветкі радавалі прыемным выглядам, трэба паклапаціцца пра гэта яшчэ да наступлення цёплага надвор’я. Грунтоўная падрыхтоўка да сезона традыцыйна адбываецца загадзя, — адзначае Ларыса Мікалаеўна.

Асноўныя правілы догляду кветак жанчына пераняла ў маці, якая актыўна дзялілася сваімі ведамі і цікава выкладала «кветкавую» навуку.

— Мама навучыла збіраць насенне, падрыхтоўваць глебу, выбіраць парасткі, дзялілася рознымі сакрэтамі. Па сутнасці, я нічога асабліва новага ў гэтыя маніпуляцыі не ўводжу. Аддаю перавагу традыцыйным кветкам, яшчэ тым, што так любіла матуля, — дзеліцца жанчына. — Ведаеце, цяпер усё значна лягчэй. Узнікла пытанне — адразу перанакіроўваеш запыт у інтэрнэт. У мінулыя ж часы працэс паглыблення ў свет батанікі ішоў больш складана.

У «арсенале» Ларысы Панасевіч шмат сартоў кветак: бягоніі, бальзаміны, петуніі, пеларгоніі, герані, вербены, фіялкі, глаксініі, драцэны, фікусы — і гэта далёка не ўсё! Жанчына кажа, што на вуліцы ёй падабаецца трымаць расліны, якія цвітуць, а дома — зялёныя, больш стрыманыя віды.

— У мяне няма нелюбімых кветак: яны ўсе цудоўныя, кожная мае свае непаўторныя асаблівасці, — кажа суразмоўца. — Усім патрэбны якасны догляд, але шмат чаго залежыць і ад самой прыроды: як шкада, калі частка кветак гіне з-за неспрыяльных умоў надвор’я… На жаль, нічога не зробіш: натуральны адбор.

Сям’я Панасевічаў, дарэчы, трымае і дачу з агародам. Там, апроч карысных вітамінных пладоў, таксама вырошчваюцца кветкі.

— Бывае, што ахопіць кепскі настрой або проста моцна стомішся. Выйдзеш на вуліцу палюбавацца на кветачкі — і непрыемныя пачуцці як рукой здымае, на душы становіцца лягчэй. Вось такая тэрапія, — усміхаецца Ларыса Мікалаеўна.

Па меркаванні жанчыны, кветкі адчуваюць, як да іх ставіцца чалавек. Яны ж таксама жывыя істоты, якім патрэбны цяпло і ўвага з боку іншых: нездарма Ларыса Панасевіч размаўляе з кветкамі. Несумненна, яны ўсё чуюць, а таму і дораць столькі радасці сваёй гаспадыні і яе гасцям.

Юлія Янушка. Фота аўтара