Праблема дзяржавы — гэта праблема асобна ўзятага чалавека. Менавіта дадзеная фраза агучана Прэзідэнтам нашай краіны падчас аднаго з выступленняў. Яна добра адклалася і ў памяці чалавека, які па волі лёсу штодзень сутыкаецца з пэўнымі выпрабаваннямі, але кожны раз пераконваецца ў тым, што сказаныя вышэй словы працуюць і на справе.

Генадзь Шаўчэнка ўжо больш за 20 гадоў перамяшчаецца на інваліднай калясцы. Нягледзячы на гэта ён — чалавек актыўны, імкнецца ўвесь час быць у руху, але на працягу ўсіх гадоў яго выпрабаванні пачыналіся пры выездзе са свайго дома. Каб апынуцца на вуліцы, неабходна пераадолець уздым адразу за варотамі, а гэта зрабіць самому на грунтовай дарозе складана. Таму мужчына неаднойчы прасіў людзей, якія праходзілі міма, аказаць яму дапамогу.
— Хацеў бы падзякаваць усім людзям, хто не заставаўся раўнадушным. Усіх у твар не памятаю, вас было вельмі шмат, гэта сведчыць пра тое, наколькі добрыя і спагадлівыя людзі жывуць у нашай краіне, — адзначае Генадзь Рыгоравіч.
Але праблему варта было вырашаць кардынальна. І нядаўна Генадзь Шаўчэнка звярнуўся да старшыні Пружанскага райвыканкама Міхаіла Грышкевіча з просьбай дапамагчы зрабіць на схіле асфальтавае пакрыццё.

— Літаральна на наступны дзень каля майго дома пачаліся работы. Быў прыемна ўражаны: ужо праз тыдзень я маю выдатную асфальтавую сцежку, па якой перамяшчаюся самастойна. Ужо даваў у газету падзяку ўсім, хто дапамог вырашыць мне гэтае пытанне. Хачу падзякаваць яшчэ раз: кіраўніцтву Пружанскага райвыканкама, работнікам ДЭУ-25, магазіну «Стройка», а таксама членам валанцёрскага атрада «Дабрыня» Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.
Як бачым, словы Прэзідэнта знаходзяць сваё ўвасабленне ў канкрэтных справах. Галоўная каштоўнасць і рэсурс нашай дзяржавы — гэта чалавек.
Руслан Басак.
На здымках: ідуць работы па ўкладцы асфальту.
Фота Кацярыны Масік