Пракуратура раёна звярнулася ў суд з іскам у інтарэсах непаўналетняга, 2010 года нараджэння, у дачыненні да бацькі адносна пазбаўлення таго бацькоўскіх правоў.
Сацыяльнымі службамі было прызнана, што 13-гадовы падлетак знаходзіўся ў сацыяльна небяспечным становішчы. А прычынай таму стаў амаральны лад жыцця бацькі, які злоўжываў алкагольнымі напоямі, з-за чаго ў дачыненні да яго неаднаразова прымяняліся меры прафілактычнага ўздзеяння. У сям’і непаўналетняга адсутнічалі крыніцы пастаяннага даходу, таму што бацька доўгі час нідзе не працуе. Фінансаванне жыццядзейнасці адбывалася толькі за кошт выплат па страце кармільца на непаўналетняга, паколькі яго маці памерла. Жылое памяшканне, у якім пражывалі непаўналетні з бацькам, знаходзілася ў непрыдатным стане: антысанітарыя, у халадзільніку сапсаваныя прадукты харчавання, балкон захламлены пустымі бутэлькамі, а дарослы ў дадатак пастаянна курыў у жылых памяшканнях. Пры рэгулярных наведваннях прадстаўнікоў сацыяльных службаў і органаў пракуратуры ў сям’і ўсялякі раз адсутнічала прыгатаваная ежа, а яшчэ назбіралася запазычанасць па аплаце за камунальныя паслугі.
За перыяд рэалізацыі мерапрыемстваў па ўхіленні прычын і ўмоў, якія прывялі да ўзнікнення неспрыяльнай для непаўналетняга абстаноўкі, бацьку быў дадзены час на выпраўленне выяўленых недахопаў. Але той ніякіх намаганняў не прыняў, увогуле нават стаў адсутнічаць па месцы жыхарства. А ўмовы пражывання
падлетка засталіся ранейшыя. З-за чаго непаўналетняга на ўтрыманне ўзяла дарослая сястра, якая за свае грошы дапамагала брату вырашаць надзённыя пытанні, таму што бацька прапіваў і пенсію, якая была прызначана яго сыну па страце кармільца.
Падчас судовага пасяджэння адказнік не з’явіўся і пазіцыю па заяўленых іскавых патрабаваннях пракурора не выказаў. З улікам чаго судом раёна заява пракурора ў інтарэсах непаўналетняга К. аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў яго бацькі была задаволена.
Завочнае рашэнне не ўступіла ў законную сілу, можа быць абскарджана і апратэставана ў апеляцыйным парадку.
Лілія Буйніч, памочнік пракурора раёна