Суббота, 15 февраля 2025

Калі адкрыюць мост праз рэчку Зяльвянка ў Пружанскім раёне?

304

У рэдакцыю паступіў званок ад жыхаркі вёскі Зіновічы, якая скардзілася на тое, што ў сувязі з рэканструкцыяй моста праз рэчку Зяльвянка, які злучае вёскі Зеляневічы і Зіновічы, быў адкрыты часовы пераход, які, паводле слоў грамадзянкі, не з’яўляецца бяспечным: ён занадта вузкі. А яшчэ па ім рухаецца сельскагаспадарчая тэхніка, якая перавозіць арганічныя ўгнаенні, што робіць мост вельмі брудным.

Каб даведацца, ці ёсць магчымасць палепшыць умовы перамяшчэння па часовым пераходзе, мы звязаліся з выконваючым абавязкі старшыні Зеляневіцкага сельвыканкама Леанідам Аўдзейчыкам. Ён патлумачыў, што пашырыць часовы пераход няма магчымасці, ды гэта і немэтазгодна. «Мост зусім хутка зробяць, зусім крыху пацярпіце», — кажа кіраўнік.

З пытаннем, калі завершацца работы, мы звярнуліся да дырэктара ДРБУ-140, якое займаецца рэканструкцыяй збудавання, — Аляксандра Суботы.

Аляксандр Васільевіч расказаў: «Праблема з часовым пераходам сапраўды існуе. Каб людзям было больш бяспечна хадзіць, намі дасягнута пагадненне з сельгасарганізацыяй, каб у дадзены момант трактары па гэтай дарозе не ездзілі. Мы ж, у сваю чаргу, плануем адкрыць рух да новага года».

На сённяшні дзень, як нам паведамілі з вёскі Зіновічы, па адной частцы моста рух ужо адкрыўся. Рэдакцыя працягвае сачыць за вырашэннем гэтага пытання.

Падрыхтаваў Руслан Басак