Воскресенье, 19 января 2025

Калектывы адразу трох тэрытарыяльных цэнтраў вобласці прынялі ўдзел у фестывалі-конкурсе «Прыехала каляда» ў Пружанах (+многа фота)

335

Міжрэгіянальны фестываль-конкурс зімовых каляндарных абрадаў і свят «Прыехала каляда» адбыўся ў малой зале Палаца культуры. Удзел у ім прынялі калектывы тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з Пружан, Бярозы і Жабінкі.

Ацэньвала выступленні каманд журы на чале са старшынёй раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» Наталляй Чарэшка. Фестываль складаўся з дзвюх частак. Спачатку ўдзельнікам было неабходна паказаць фрагмент каляднага абраду. У другой частцы адзін з удзельнікаў каманды прадстаўляў калядны сувенір уласнага вырабу і расказваў пра яго.

Усе ўдзельнікі фестывалю выдатна справіліся з першай часткай конкурсу, падарыўшы прысутным у зале ўсмешкі на тварах і цудоўны настрой на ўвесь дзень. Было шмат прыгожых калядных песень, цікавых прыпевак і запальных танцаў. У захапленні ад падрыхтаванай праграмы былі і ўсе гледачы, у асноўным, людзі пажылога ўзросту, а ад некаторых можна было пачуць: «Нібыта вярнуліся ў дзяцінства».

Таксама прыемна здзівілі і майстрыхі, якія змаглі падрыхтаваць незвычайныя сувеніры. Яны захапілі сваёй прыгажосцю не толькі гледачоў, але і членаў журы. Пружанская каманда, напрыклад, прадставіла кампазіцыю з кветак, прысвечаную зімовым святам, якую вырабіла Ала Байко. Госці з Жабінкі намалявалі на шары будынкі свайго горада ў зімовы час. А ўдзельнікі фестывалю з Бярозы прадэманстравалі кампазіцыю «Калядны вярцеп».

З цудоўнымі песнямі выступіў перад прысутнымі фальклорны гурт з аграгарадка Лінова. А пакуль журы займалася падвядзеннем вынікаў, гледачоў здзіўлялі сваімі творчымі здольнасцямі навучэнцы пружанскай школы мастацтваў імя Р.Р. Шырмы.

У выніку ўзнагароду ў намінацыі «Самая згуртаваная» атрымала каманда «Зорачка» з Пружан. «Валачобнікі» з Жабінкі сталі пераможцамі ў намінацыі «Самыя творчыя». А «Бярозаўскія зорачкі» былі ўзнагароджаны ў намінацыі «Самая арыгінальная» каманда.

Руслан Басак.

Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_301018672 і https://ok.ru/budni/album/973737314440