Четверг, 19 июня 2025

Калектыў філіяла РУП «Брэстэнерга» Пружанскія электрычныя сеткі з нядаўніх часоў сочыць за станам брацкага пахавання № 202 у вёсцы Заполле

280

На тэрыторыі Пружанскага раёна ёсць вялікая колькасць пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, якія заўсёды неабходна даглядаць. Таму за імі замацоўваюцца пэўныя арганізацыі, якія і выконваюць дадзеную місію. Але ёсць асобныя людзі, хто па ўласным жаданні ўзяў шэфства над адным з такіх аб’ектаў.

Гутарка ідзе пра калектыў філіяла РУП «Брэстэнерга» Пружанскія электрычныя сеткі, які з нядаўніх часоў сочыць за станам брацкага пахавання № 202 у вёсцы Заполле.

— Магчыма, галоўнай прычынай праяўленай ініцыятывы з’яўляецца тое, што, прымаючы ўдзел у розных мерапрыемствах, праязджаем праз некаторыя памятныя мясціны і бачым, як яны дагледжаны. І мы заўсёды задаваліся пытаннем: хто стаіць за гэтай чысцінёй? Аказалася, што некаторыя арганізацыі Пружанскага раёна, якія замацаваны за падобнымі аб’ектамі. Мы вырашылі ў калектыве што наша арганізацыя таксама павінна ўзяць шэфства над адным з падобных аб’ектаў і падтрымліваць там парадак, — падкрэсліў намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях РУП «Брэстэнерга» Пружанскія электрычныя сеткі Юрый Русецкі.

Энергетыкі звярнуліся з дадзенай просьбай у аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама, у якім ім прапанавалі падтрымліваць парадак на воінскім пахаванні ў вёсцы Заполле. Гэты адказ цалкам задаволіў калектыў, які, не адкладаючы справу ў доўгую скрыню, прыехаў і навёў чысціню на дадзеным месцы. У мерапрыемстве ўдзельнічала больш за дзесяць чалавек, якія прыбралі ўсю расліннасць каля пахавання, а затым абнавілі выгляд абеліска, пафарбаваўшы яго ў новы колер.

На гэтым месцы пахаваны восем чалавек, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне, сярод якіх трое мірных ахвяр, трое ўдзельнікаў супраціўлення, адзін невядомы вайсковец і старшы лейтэнант Пётр Максімаў, пра што сведчыць замацаваная на абеліску шыльда.

— За такія месцы баліць душа. Тут пахаваны нашы землякі. Яны аддалі сваё жыццё за наша мірнае неба, таму мы абавязаны падтрымліваць парадак на месцах падобных пахаванняў і шанаваць памяць людзей, дзякуючы ім за мір і спакой. Адметна, што актыўны ўдзел у акцыі па навядзенні парадку прыняла і наша моладзь, якая таксама па ўласным жаданні далучылася да мерапрыемства і выказала жаданне дапамагчы. У нашых планах і далей працягваць даглядаць аб’ект, які, шчыра кажучы, знаходзіўся, дзякуючы мясцоваму сельвыканкаму, у нядрэнным стане, а зараз стаў выглядаць яшчэ лепш, — падкрэсліў Юрый Тадэвушавіч.

Можа, такі цудоўны прыклад стане штуршком да падобных дзеянняў і для іншых арганізацый і прадпрыемстваў нашага раёна? Такое дастойна пашаны.

Руслан Басак. Фота прадастаўлена ўдзельнікамі акцыі