Среда, 19 февраля 2025

Какой квас самый вкусный и полезный? Конечно же Пружанский!

717

Многіх пружанцаў у спякотныя летнія дні выратоўвае ад смагі квас. Як расказвае дырэктар камбіната кааператыўнай прамысловасці П.М.Феранец, за мінулагодні цёплы сезон было рэалізавана каля 30 тон пеннага напою. Гэта азначае, што кожны жыхар раёна выпіў больш чым паўлітра «жывога» прадукту. Чаму «жывога»? Менавіта так і называюць квас, які выпускае цэх безалкагольных напояў: у ім няма кансервантаў, падсалоджвальнікаў, араматызатараў ці вуглякіслага газу для падаўжэння тэрміну захоўвання — толькі натуральныя інгрэдыенты. Дзякуючы гэтаму, у 2014 годзе пружанскі квас быў прызнаны лепшым у рэспубліцы і адзначаны ў спецыяльным буклеце «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь у 2014 годзе».
Дарэчы, нядаўна пружанскія вытворцы квасу разам з калегамі з суседніх раёнаў прынялі ўдзел у своеасаблівым эксперыменце, у рамках якога жыхарам некалькіх раённых цэнтраў Брэсцкай вобласці прапанавалі на выбар розныя віды гэтага пеннага напою. І пружанскі рэцэпт атрымаў ад спажыўцоў большую колькасць галасоў, дакладней, удзячных усмешак з пенай на вуснах. З-за гэтага цяпер калегі з іншых раёнаў пастаянна звяртаюцца з просьбай падзяліцца сакрэтам вырабу такой якаснай прадукцыі.
Як расказвае Павел Мікалаевіч, звычайна продаж каштоўнага напою пачынаецца з першых майскіх дзён. Сёлета адкрыццё сезона адбылося падчас майскіх святкаванняў. І ў мінулым месяцы, у тым ліку дзякуючы і надвор’ю, былі пераадолены мінулагоднія рэкорды: за май рэалізавана 11 тысяч літраў квасу. Прычым магчымасцю паспытаць пенны і параўнальна недарагі напой карыстаюцца не толькі пружанцы, але і жыхары г.п.Ружаны, а таксама Лінова і Аранчыц разам з тымі, хто прыязджае на чыгуначны вакзал. Такіх пунктаў рэалізацыі квасу магло быць і больш, але пакуль не хапае прадаўцоў, у пошуку якіх прадпрыемства нават звярнулася да навучэнцаў аграрна-тэхнічнага каледжа, у якіх хутка пачнуцца канікулы: з улікам павышанага попыту ў спякотныя летнія дні сярэднямесячны заробак абяцае быць неблагім.
Хапае і спецыялізаваных ёмістасцей або па-народнаму квасных бочак, колькасць якіх летась папоўнілася яшчэ дзвюма новымі адзінкамі з асаблівым афармленнем, дзякуючы чаму ў месцах масавага збору людзей іх можна ўбачыць здалёк. Сёлета пры вырашэнні кадравага пытання будзе набыта яшчэ адна.
Даведка «РБ»:
Здаўна квас лічыўся сімвалам дабрабыту, таму ў
кожнай хаце яго спажывалі штодзённа. Гэта амаль адзіны напой, які з задавальненнем пілі як сяляне, так і шляхта. Карысць гэтага прадукту становіцца відавочнай, калі ведаць, што ў ім утрымліваецца каля дзясятка самых карысных для чалавека вітамінаў. А яшчэ ён вельмі добра наталяе смагу ў спякотнае надвор’е, а дзякуючы ўтрыманню малочнай і воцатнай кіслот, дапамагае страваванню і падтрымлівае апетыт.
Паводле медыцынскіх назіранняў, напой аказвае таксама спрыяльны ўплыў на сардэчна-сасудзістую сістэму, стабілізуе абмен рэчываў у арганізме, дзякуючы чаму з яго выкарыстаннем распрацавана нямала відаў дыет, у тым ліку і лячэбных.

На здымку: паспытаць свежага квасу прапануе прадавец кропкі на вул. Тармасава Марыя Міхайлаўна Сёмуха.
Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *