“У адным з апошніх інтэрв‘ю з галоўным урачом Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы Віктарам Міхайлавічам Дараневічам, надрукаваным у “раёнцы”, прагучала, што ў нашай бальніцы ўстаноўлена і працуе шэраг камп’ютарных праграм, якія дазваляюць без прыходу ў рэгістратуру паліклінікі запісацца на прыём да ўрача. Адным словам, поўным ходам нібыта працуе інтэрнэт-рэгістратура. Але як яна працуе — іншае пытанне. Я неаднаразова спрабаваў загадзя заказаць талон — і безвынікова: то талонаў ужо няма, то ўвогуле немагчыма зарэгістравацца. Пра гэта я нават тэлефанаваў у паліклініку, на што атрымаў змястоўны адказ пра недапрацоўку распрацоўшчыкаў праграмы. Тады я выйшаў на распрацоўшчыкаў, і яны паведамілі, што ў іншых раёнах інтэрнэт-рэгістратура працуе без збояў. Дык што рабіць? Ісці зраніцы ў рэгістратуру, выстойваць чаргу і рызыкаваць пачуць звыклае, што талонаў няма? «
Уладзімір, жыхар г. Пружаны.
Адказвае галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ В.М.Дараневіч:
— Адной з асноўных прычын адсутнасці ў нашай рэгістратуры дастатковай колькасці талонаў з’яўляецца недахоп «вузкіх» спецыялістаў, такіх як акуліст, эндакрынолаг, оталарынголаг. Па-другое, трэба ўлічваць, што тыя ўрачы, што ёсць, акрамя прыёму хворых, штодня ўдзельнічаюць і ў прафаглядах, напрыклад, дзяцей і працаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. Аднаму спецыялісту вельмі складана справіцца з такім патокам людзей. Мы ўсімі магчымымі спосабамі стараемся вырашаць гэтую праблему. Дарэчы, на інтэрнэт-рэгістратуру сёння вы-дзяляецца да 20 % свабодных талонаў. Гэта значыць, калі ёсць 5 талонаў і болей, то 1 (і болей) можна заказаць на сайце talon.by. Іншая справа, што графік рэгістрацыі і выдачы “электронных” талонаў разлічаны на перыяд не большы за 1 месяц.
Запэўніваю, што сітуацыя з талонамі аптымізуецца да канца года. Зараз мы стараемся забяспечыць урачамі агульнай практыкі сельскую мясцовасць. Гэта пэўным чынам разгрузіць паліклініку. Таксама сёння праходзяць падрыхтоўку шэсць урачоў агульнай практыкі, якія будуць працаваць у Пружанах і змогуць вырашыць частку праблем «вузкіх» спецыялістаў. Спадзяемся і на маладых спецыялістаў.
Тэхнічны бок пытання пракаменціраваў інжынер-праграміст Аляксандр Курмыса, які адзначыў, што спраўнасць работы інтэрнэт-рэгістратуры залежыць ад агульнай працы інтэрнэт-сувязі.