Як выбраць смачны кавун? Адказ на гэтае пытанне, здаецца, ведае нават малое дзіця: агледзець «хвосцік» на прадмет сухасці, праверыць на слых, пастукаўшы па ягадзе. Але як выбраць кавун, які не пашкодзіць здароўю? Вызначыць наяўнасць і ўзровень утрымання нітратаў — соляў азотнай кіслаты — на вока немагчыма.
Самыя дасведчаныя, канешне, скажуць: спосаб засцерагчы сябе ад нітратаў — купляць не толькі кавуны, але і любую агародніну, садавіну на спецыялізаваных рынках, дзе ў прадаўца ёсць адпаведная даведка з лабараторыі. Але, як паказвае жыццё, рынак — не панацэя ад няякаснай бахчы…
Незалежны эксперымент паказаў
Перш чым падзяліцца з карэспандэнтам «раёнкі» сваёй гісторыяй, гараджанін Віктар Іванавіч робіць невялікае адступленне: «Я не дзеля склокі вырашыў правесці свой незалежны эксперымент: заўсёды прытрымліваўся актыўнай грамадзянскай пазіцыі, і мне не ўсё роўна, што адбываецца ў горадзе, дзе глыбока пушчаны мае карані».
А падштурхнула пружанца прыйсці ў рэдакцыю вось што. 11 верасня наш чытач хацеў паласавацца кавуном: прыйшоў на гарадскі рынак, падышоў да машыны, дзе прапаноўвалі смачную ягаду, як запэўніваў прадавец, астраханскую. Расплаціўшыся за пакупку, Віктар Іванавіч паспяшаўся дамоў. Адразу есці кавун не стаў — вырашыў выпрабаваць свой новы прыбор — экатэстар «СОЭКС» — і заадно праверыць ягаду на нітраты. Да ведама: такі прыбор спалучае ў сабе дзве функцыі — нітратамера, што дазваляе хутка ацэньваць бяспеку свежых агародніны і садавіны па ўтрыманні ў іх нітратаў, і дазіметр, які дае імгненную адзнаку радыяцыйнага фону як прадуктаў, так і паветра, любых прадметаў. Вынік, мякка кажучы, шакіраваў мужчыну: утрыманне соляў азотнай кіслаты ажно ў тры разы перавышала дапушчальнае — 184 мг/кг замест максімальных 60 мг/кг для кавуноў. Ашаломлены вынікам даследавання, Віктар Іванавіч адправіўся на рынак, каб вярнуць няякасны кавун прадаўцу.
— Да таго часу прадпрымальны гандляр паспеў рэалізаваць палову свайго тавару, — расказвае пакупнік. — Я папрасіў прадаўца кавуноў забраць свой тавар, прадэманстраваўшы перад людзьми, якія стаялі ў чарзе, прычыну вяртання пакупкі, і даць тлумачэнне. Але дакументаў ніякіх ён не мог паказаць.
Якім чынам кавуны, «перакормленыя» хіміяй, трапілі на прылавак, гараджанін хацеў даведацца і ў лабараторыі, што працуе на рынку. Але адказам кантралёра застаўся незадаволены.
— Час набліжаецца да поўдня, а мне тлумачаць: маўляў, гэты прадавец проста яшчэ не прайшоў праверку. Я так разумею, што людзі, якія рэалізуюць прадукты харчавання, увогуле не павінны дапускацца да гандлю з неправераным таварам.
Аналіз кавуноў у лабараторыі ўсё-такі зрабілі, без прысутнасці пабочных асоб: перавышэнне NO3, хаця і не такое вялікае, але таксама было — 89,8 мг/кг. Паводле слоў Віктара Іванавіча, даведку з адпаведнымі вынікамі, праўда, спачатку не хацелі яму выдаваць. Але адказаў на свае пытанні: чаму мела месца гэтая сітуацыя і якім чынам наладжаны лабараторны кантроль на пружанскім рынку, — мужчына не атрымаў.
Віктар Іванавіч правёў яшчэ некалькі сваіх «незалежных праверак». У магазіне «MART INN» уся агародніна аказалася абсалютна безнітратнай, а вось у пэўнай частцы сельгаспрадукцыі з уласных прысядзібных участкаў жыхароў раёна, якая прадавалася на рынку, яго прыбор паказаў павышаныя дозы азоту.
Як павінен адбывацца гандаль кавунамі?
Аб гэтым мы папрасілі расказаць урача-гігіеніста Пружанскага РЦГЭ Л.Л.Бяліцкую.
— Справа ў тым, што ў лабараторыі, якая працуе на гарадскім рынку, ёсць магчымасць праводзіць вельмі абмежаваны спектр даследаванняў. У прыватнасці, утрыманне радыенуклідаў і нітратаў можна вызначыць хіба што толькі ў прадуктах, традыцыйных для нашых прысядзібных участкаў.
Што тычыцца кавуноў, як зазначыла Людміла Леанардаўна, праверыць іх на канцэнтрацыю соляў азотнай кіслаты ў пружанскай лабараторыі праблематычна. Увогуле, адпаведнасць якасці гэтага тавару вызначаецца ў акрэдытаваных лабараторыях, дзе ёсць магчымасць вымераць цэлы пералік шкодных рэчываў. А гэта значыць, што на кавуны ў прадаўца яшчэ пры ўвозе на тэрыторыю краіны павінны быць адпаведныя дакументы — пратаколы даследаванняў, якія засведчваюць бяспеку і якасць ягады.
— А паказанні, якія атрымаў мужчына падчас сваёй экспертызы, на жаль, нельга браць у разлік, калі гэты прыбор пасля пакупкі не прайшоў паверку ў Цэнтры стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі.
У выніку, канешне, пытанне так і засталося адкрытым: як так атрымліваецца, што на прылаўках, «чыстку» якіх павінны рабіць паўнамоцныя асобы, аказваюцца прадукты з перавышэннем дапушчальных нормаў нітратаў? Калі вынікі замераў бытавымі прыборамі не з’яўляюцца нагодай для рэагавання, чаму да гандлю дапусцілі прадаўца, які нават не змог прадаставіць пакупніку дакументаў, якія пацвердзілі б адпаведнасць тавару нормам?
Чым шкодныя нітраты?
Нітраты — гэта солі азотнай кіслаты. Асноўнай крыніцай паступлення нітратаў у чалавечы арганізм з’яўляюцца прадукты расліннага паходжання і вада. Увогуле, сама па сабе прысутнасць нітратаў у арганізме чалавека натуральная.
Усё вырашае колькасць: шкоду наносіць лішак гэтых рэчываў — перш за ўсё пераўтварэннем у атрутныя нітрыты і нітразаміны, што адбываецца як у саміх прадуктах харчавання, так і ў арганізме чалавека. Разам са шчодрай дозай нітратаў чалавек атрымлівае шэраг праблем са здароўем. Самая бяскрыўдная небяспека, якая існуе пры перавышэнні максімальнага парогу ўтрымання ў прадукце, — атручванне. Прыкметы вострага атручвання могуць узнікаць праз адну-шэсць гадзін пасля паступлення таксічных доз у арганізм. Атручванне солямі азотнай кіслаты суправаджаецца млоснасцю, расстройствам кішэчніка, павелічэннем печані і болямі пры яе абмацванні, паніжэннем артэрыяльнага ціску. Могуць з’явіцца і больш сур’ёзныя сімптомы: галаўны боль, шум у вушах, сутаргі мышцаў твару, пагоршаная каардынацыя рухаў, страта прытомнасці і нават кома. У лёгкіх выпадках справа можа абмежавацца расстройствам кішэчніка, санлівасцю і прыгнечаным станам псіхікі.
Праверка на нітраты ў хатніх умовах
Ёсць некалькі прымітыўных спосабаў, якія носяць рэкамендацыйны характар, каб праверыць кавун на нітраты ў хатніх умовах. Паверцы, як, напрыклад, прыбор «СОЭКС», яны не падлягаюць, так што застаецца верыць на слова тым, хто гэта раіць.
* Цэлы кавун можна апусціць у ёмістасць з вадой (напрыклад, у ванну): калі ягада ўсплыве, значыць яна якасная, калі пойдзе на дно — з нітратамі.
* Калі зрэз кавуна няроўны, з крупінкамі — гэта добра. А гладкі зрэз можа сведчыць пра высокае ўтрыманне нітратаў.
* Буйныя жаўтаватыя ці бялёсыя пражылкі на разрэзе — відавочная прыкмета таго, што кавун «перакармілі» ўгнаеннямі.
* Кавалачак мякаці кавуна можна апусціць у чыстую ваду і пакінуць на 15 хвілін. Калі вада проста стане каламутнай ад мякаці — кавун нармальны, а калі афарбуецца ў яркі ружовы ці чырвоны колер — кавун перакормлены або падфарбаваны.
Ужыванне кавуна
Варта памятаць і элементарныя правілы ўжывання кавуна.
* Кавун — самастойная страва. Таму есці яго лепш за дзве га-дзіны да альбо праз дзве гадзіны пасля асноўнага прыёму ежы. Спалучэнне кавуна з іншай ежай можа перагрузіць страўнік.
* Перад ужываннем кавун неабходна старанна вымыць чыстай вадой.
* Больш за ўсё нітратаў назапашваецца ў лупінах пладоў, таму не варта выядаць кавун да самай лупіны.
Майце на ўвазе!
Дапушчальнае ўтрыманне нітратаў у некаторых пладах
Кавуны, яблыкі,
вінаград, грушы 60 мг/кг
Дыня 90 мг/кг
Таматы грунтовыя 100 мг/кг
Таматы цяплічныя 200 мг/кг
Агуркі грунтовыя 150 мг/кг
Агуркі цяплічныя 300 мг/кг
Бульба 150 мг/кг
Капуста
белакачанная 400 мг/кг
Морква 200 мг/кг
Цыбуля рэпчатая 80 мг/кг
Цыбуля-пяро
цяплічная 800 мг/кг
Буракі 1400 мг/кг
Радыс 1500 мг/кг
Кабачкі 400 мг/кг
Зеляніна 2000 мг/кг
Падрыхтавала Марына Вакульская.