Да нядаўняга часу яна была для мяне звычайнай, нічым не адметнай прыхаджанкай, якая ціхенька прадавала свечкі ў Спаса-Праабражэнскім храме. Я нават імя яе не ведала… Але пачуўшы пра тое, што гэтая сціплая жанчына ў шэрым ажурным шаліку — мама святара, я прыйшла да яе не толькі па свечкі…

— Дайце мне, калі ласка, свечку і… параду. Як трэба выхоўваць сына, каб ён паімкнуўся стаць святаром?
— У сына майго была свая — што тут крывіць душой — вельмі звілістая і доўгая дарога да Бога, — шчыра адказвае мне Зінаіда Мікалаеўна Сысаляціна. — Я нічога не магла яму падказаць, паколькі сама доўгі час была духоўна сляпым чалавекам. Праўда, амаль падсвядома хапалася за ласку Божую, як за выратавальную нітачку, і заўсёды сваімі словамі малілася: “Выратуй і барані сына!” Нядаўна сын нават з сумам пажартаваў: “Відаць, зашмат ты, маці, прасіла”…
Пра тое, што шчырая матуліна малітва здольна дастаць з дна мора, мая суразмоўца ведала з самага дзяцінства. Будучы з нара-джэння надзвычай хваравітым дзіцём, яна, па ўласным прызнанні, не раз стаяла ля краю магілы… У тры гадкі ёй нават пашылі новую шапачку і сукенку…
— Не для свята… Урачы нават не спадзяваліся на маё выздараўленне, — са слязамі на вачах дзеліцца перажытым жанчына.
Нарадзіўшыся ў вёсцы Алішавічы ў 1951 годзе, Зінаіда Мікалаеўна яшчэ заспела старую Куп-лінскую Прачысценскую царкву, у якую яе мама ва-дзіла па вялікіх святах.
— Благадатны быў час! Але чамусьці ў памяці маёй засталося зусім мала ўспамінаў пра яго. Запомнілася толькі, як пасля прычасця там давалі нейкую салодкую запіўку, а потым добрыя прыхаджанкі нас, дзетак, яшчэ хлебушкам падкорм-лівалі… Памятаю яшчэ букеты палявых кветак на Успенне, фарбаваныя яйкі на Вялікдзень і асвечаную соль… Не раз, калі прабягала міма дома святара, хацелася зайсці і асабіста пазнаёміцца з ім, але так і не адважылася…
Затое надоўга ў памяці захаваліся мураваная арка, якая вяла на куплінскі цвінтар, і стары іканастас, іконы з якога пасля закрыцця царквы ў 1962 годзе былі перавезены ў Свята-Аляксандра-Неўскі сабор г.Пружаны, а пасля — усталяваны ў Спаса-Праабражэнскім храме.
— Я, калі ўпершыню зайшла ў новую царкву на могілках, адразу не магла ўспомніць, дзе бачыла гэтыя абразы “Бога Уседзяржыцеля” і “Багародзіцы”. А потым настаяцель распавёў пра іх цярністы шлях…
Вось і ўся мая памяць! Галава была занята больш “высокімі” ідэямі, у якія я тады вельмі верыла… Мама маўчала, маралямі не стамляла і толькі ціха малілася за мой лёс. У цэлым мая матуля ніколі і нікога не асуджала і заўсёды казала: “Як можна асуджаць людзей, калі ў самой тры дачкі растуць, і ў кожнай свой нораў”… Выходзячы з дому, я заўсёды адчувала, што яна мяне бласлаўляе, — прызнаецца жанчына.
У піянеры Зінаіда Сысаляціна афіцыйна не ўступала: адвучылася ў пачатковай Куплінскай школе і перайшла ў Круглянскую васьмігодку акурат пасля таго, як дзяцей там ужо прынялі ў ленінскую арганізацыю.
— Але чырвоны гальштук настаўніца ўсё ж загадала купіць і павязаць на шыю… А вось камсамолкай я была. Можа, таму, што настаўнікі ў нашай школе, наколькі памятаю, не займаліся надакучлівай атэістычнай прапагандай. У хату ніхто з праверкай ніколі не ўрываўся, і бацькам не даводзілася хаваць абразы, як у некаторых мясцінах было… Толькі калі ў вёсцы зносілі паклонны крыж і людзі пачалі абурацца і плакаць, я стала трохі сумнявацца ў правільнасці свайго шляху, — адкрыта распавядае пра сябе мая суразмоўца, бацька якой, між іншым, незадоўга да сваёй смерці прымаў удзел ва ўсталяванні новага крыжа.
— Бацькоў маіх ужо шмат гадоў, як няма са мной. А крыжык той у Алішавічах стаіць, нагадваючы вяскоўцам, што «без Бога не да парога»…
Прайшоў час, і неўзабаве гэтае народнае прыслоўе стала галоўным жыццёвым законам маёй гераіні.
Пасля закрыцця васьмігодкі Зінаіда перайшла вучыцца ў СШ №3 г.Пружаны. Была вельмі здольнай вучаніцай: шмат чытала, пісала вершы і апавяданні. Але, скончыўшы школу, у інстытут не паступала, адразу паехала працаваць у Кобрын, на швейную фабрыку. Пазней адвучылася ў Навагрудку на бухгалтара і вярнулася ўжо дыпламаваным спецыялістам. Праўда, надоўга ў роднай вёсцы Зінаіда Мікалаеўна не затрымалася: выйшла замуж і з’ехала за маладым мужам у Днепрапятроўск, да ягоных бацькоў, якія, як аказалася, пра Бога і слухаць не хацелі.
— Іконка, якой мяне мама на дарогу блаславіла, так і засталася ляжаць у чамаданчыку. А я задыхалася на чужыне без маіх любімых алішавіцкіх бяроз і пружанскіх каштанаў, якія нагадвалі мне царкоўныя свечкі… Праз тры месяцы пасля нараджэння сына, бачачы мае душэўныя пакуты, муж прыняў рашэнне вярнуцца на Пружан-шчыну…
Але на гэтым выпрабаванні для Зінаіды Сысаляцінай не скончыліся. Неўзабаве цяжка захварэў сын. Дні, праведзеныя ў бальніцы, здаваліся ёй бясконцасцю.
— І аднойчы літасцівы Гасподзь падказаў мне, дзе шукаць дапамогі. Разам з намі ў палаце ляжала жанчына з дзіцём, муж якой, па ўласным прызнанні, займаў высокую пасаду ў выканкаме… Неяк ноччу я прачнулася і бачу: яна нахілілася і стала з малітвай хрысціць сваё дзіця… Я стала маліцца часцей і больш старанна. Сярожа, падрастаючы, часта пытаўся: мама, што ты шэпчаш? Я маўчала…
Моўчкі малілася Зінаіда Сысаляціна і падчас пахавання мужа, які трагічна загінуў у маладым узросце, міжволі пакінуўшы яе адну з маленькім сынам… Моўчкі, насуперак просьбам свекрыві, вырашыла нанесці на помніку мужа выяву крыжа… Моўчкі на саракавы дзень прынесла ў Свята-Аляксандра-Неўскі сабор кашу, а потым усю службу праплакала каля сценачкі…
— Прасіла ў Бога больш нікога не караць за мае грахі. А Багародзіцу ўмольвала аберагаць майго адзінага сына на ўсім яго жыццёвым шляху… Ішоў Сярожа ў школу — бласлаўляла, бег на вуліцу з дзецьмі гуляць — я зноў звяртала свой позірк на абраз… А калі служыў у арміі недалёка ад Чачні — не ўставала з каленяў… Толькі на Бога спадзявалася.
І Бог не падвёў. Прайшоў час, сын Зінаіды Мікалаеўны знайшоў сваю дарогу да храма, а з часам — пабудаваў свой храм. Цяпер ён — настаяцель царквы ў гонар іконы Прасвятой Багародзіцы «Неспадзяваная Радасць» у Новых Засімавічах… А яго маці прыслужвае ў храме і шчыра радуецца за кожнае дзіця, якое бацькі прыводзяць да прычасця, за кожнага новага верніка. І жадае ўсім адчуць тую ж ласку, што калісьці ў цяжкую хвіліну адчула сама.
— Часта даводзіцца бачыць, як маладыя людзі прабягаюць міма храма і нават не глядзяць у яго бок. Я ў такія хвіліны думаю: Гасподзь пакліча вас, дзеткі, тады, калі трэба будзе. У кожнага з нас свая гадзіна і свой тэрмін.
Алена Зялевіч, фота аўтара