У нашай краіне, дарэчы, у адной з нямногіх, вядзецца адміністрацыйны ўлік грамадзян, якім неабходна паляпшэнне жыллёвых умоў. Гэта працэдура патрэбна як для сістэматызацыі вырашэння жыллёвага пытання, так і для арганізацыі маштабнай дзяржаўнай падтрымкі асобных катэгорый грамадзян у выглядзе мэтавых крэдытаў з аблегчанымі ўмовамі, дапамог і датацый. У нашым раёне таксама складваюцца адпаведныя спісы такіх грамадзян. Як ім дапамагаюць палепшыць жыллёвыя ўмовы, нам расказаў начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі А.В.Бушук.
— Варта ведаць, што любы грамадзянін у адпаведнасці з Жыллёвым кодэксам нашай краіны, калі яму неабходна паляпшэнне жыллёвых умоў, мае права стаць на гэты ўлік,— зазначае Аляксандр Вячаслававіч.— Што дае даволі сур’ёзныя перавагі ў вырашэнні жыллёвага пытання. Аднак для праходжання адпаведнай працэдуры аднаго жадання недастаткова. Вызначаны шэраг аспектаў, з-за якіх у прыняцці на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў могуць адмовіць.
Уліковыя спісы складаюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі па месцы жыхарства грамадзян, а ў сельскай мясцовасці — сельскімі выканаўчымі камітэтамі. Працэдура даволі простая: для пастаноўкі на ўлік дастаткова падаць заяву аб прыняцці на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў па месцы жыхарства ў адпаведную адміністрацыю або па месцы работы (службы) — у дзяржаўны орган ці іншую арганізацыю.
— Спіс тых, каму патрэбна дапамога ў вырашэнні жыллёвага пытання, у народзе называюць чаргой. Цікава, ці рухаецца яна і колькі часу давядзецца правесці ў ёй да чаканых уваходзінаў у новы дом або кватэру?
— Хаця ўлік вядзецца адзін, на самай справе, спісаў складаецца некалькі. У першую, агульную, чаргу ўключаюцца ўсе, каму патрэбна дзяржаўная падтрымка ў вырашэнні жыллёвага пытання. Аднак асобна выдзяляюцца тыя грамадзяне, якія маюць права на пазачарговае або першачарговае атрыманне жылых памяшканняў, у тым ліку і сацыяльнага карыстання.
Большую частку ў нашым раёне складаюць заяўнікі, якія вымушаны жыць на плошчы менш за 15 квадратных метраў на чалавека; маладыя або шматдзетныя сем’і, дзеці-сіроты і дзеці, пакінутыя без апекі бацькоў. Так на Пружаншчыне па стане на 1 чэрвеня 2020 года на ўліку грамадзян, якім неабходна палепшыць жыллёвыя ўмовы, знаходзілася 1624 чалавекі. Тых, хто жыве ў сціслых умовах (менш за 15 «квадратаў» на чалавека) — 533, маладыя сем’і — 505, шматдзетныя сем’і — 314, дзеці-сіроты і дзеці, пакінутыя без апекі бацькоў — 141. Дадзеная колькасць штомесяц змяняецца.
Складана сказаць, колькі часу ў сярэднім праводзіць у чарзе адзін заяўнік, бо многія грамадзяне некалькі разоў адмаўляюцца ад прапанаваных ім варыянтаў паляпшэння жыллёвых умоў, зыходзячы з асабістых жыццёвых сітуацый, фінансавага становішча. Разам з тым, апошняе накіраванне на заключэнне дамовы ўзвядзення кватэры шматкватэрнага жылога дома выдавалася райвыканкамам шматдзетнай сям’і, якая знаходзілася на адпаведным уліку са снежня 2018 года. А субсідыя на крэдытаванне на будаўніцтва (рэканструкцыю) жылога дома выдавалася шматдзетнай сям’і, якая была пастаўлена ў чаргу з кастрычніка мінулага года.
— Памяншаецца або павялічваецца ў апошнія некалькі гадоў чарга і з чым гэта звязана?
— Агульная чарга грамадзян, якія ўключаны ў чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў, па Пружанскім раёне за апошнія гады выглядае наступным чынам: на пачатак 2016 года на ўліку знаходзілася 1735 чалавек, на 2017 — 1652, на 2018 — 1625, на 2019 — 1610. З пачатку бягучага года колькасць крыху ўзрасла — да 1642 чалавек, а па стане на 1 чэрвеня 2020 года — 1624. Як раней я сказаў, гэта лічба штомесяц мяняецца. Змяншэнне агульнай чаргі бачна па новых мікрараёнах жылой забудовы ў райцэнтры, у г.п.Ружаны, якія рэгулярна прырастаюць дадатковымі аб’ектамі. І гэты працэс гарантавана яшчэ не скончаны.
Актывізавана работа і са шматдзетнымі сем’ямі. Напрыклад, чатыры гады таму ў чаргу было ўключана 200 чалавек, праз год — 214, а зараз ужо, як раней я сказаў, 303 шматдзетныя сем’і. Такі рост звязаны з прыняццем нарматыўных прававых актаў, што прадугледжваюць выдзяленне дзяржаўнай падтрымкі падобным сем’ям, пачынаючы ад адначасовай дзяржаўнай падтрымкі ў форме безнаяўных грашовых сродкаў (сямейны капітал) з магчымасцю датэрміновага распараджэння гэтымі фінансамі і заканчваючы новымі варыянтамі льготнага крэдытавання і субсідзіравання.
Гутарыў Алег Сідарэнка