Понедельник, 9 декабря 2024

Как участковый 5 мотоциклов «съездил»

839

У свае 79 гадоў Васіль Андрэевіч Хільковіч з в.Клятное Шаняўскога сельсавета захоўвае энергію і спрыт. Хаця жыццёвая доля яму прыпала нялёгкая. У малым узросце застаўся без бацькі, якога за сувязь з партызанамі расстралялі фашысты. Каб дапамагчы маці, на руках якой было чацвёра дзетак, з сямі гадоў працаваў у калгасе за працадні.

У 1957 годзе быў прызваны на Балтыйскі флот, дзе праходзіў службу на эсмінцы «Светлы». Пасля вяртання знаёмыя з’агітавалі пайсці ў міліцыянеры, ва ўчастковыя інспектары.

Тагачасны міліцэйскі хлеб быў горкім: атрымліваючы зарплату ў 49 рублёў, без выхадных і нармаваных працоўных дзён Васіль Андрэевіч калясіў на сваім матацыкле па вёсках трох сельсаветаў — Шаняўскога, Гарадзечненскага і Шчарчоўскага. Увогуле, за час службы  «з’ездзіў» пяць матацыклаў, наведваючы тры калгасы, 13 школ, 12  клубаў, чатыры вайсковыя часці і  26 магазінаў. Хапала на абслугоўваемым участку розных падзей: мірыў сем’і падчас сварак, ратаваў жанчын, якім пагражалі забойствам мужы на падпітку, шукаў злодзеяў, якія абрабавалі магазін. Пры гэтым, як успамінае, даводзілася здаваць справаздачы па 117 пазіцыях.

— Але людзі былі ўсё ж больш адказнымі, участковага ўспрымалі не як ворага, а свайго таварыша, які жадае дапамагчы і якому таксама патрабавалася дапамога. І я яе атрымліваў ад кіраўнікоў гаспадарак, ад народных дружыннікаў, ад радавых вяскоўцаў.

Памятаю жудаснае забойства, што адбылося ў вёсцы Паддубна. Мясцовы жыхар займаўся зборам зброі на месцы баёў і многае хаваў дома. Яго сын знайшоў маўзер, застрэліў 17-гадовую дзяўчыну, якая адмовіла яму ў яго пачуццях, і кінуўся на ўцёкі. Два месяцы мы шукалі ўцекача, які хаваўся па лясах ды балотах, рабілі засады ў тых месцах, дзе ён мог з’явіцца. І ўсё без толку. А потым мясцовыя жыхары падказалі  месца, дзе б ён мог быць. І там мы знайшлі яго застрэленым. Вось такая чалавечая справядлівасць…

За тэрмін службы Васіль Андрэевіч неаднаразова адзначаўся ў якасці прыкладу для іншых супрацоўнікаў міліцыі. Яго ўчастак на рэспубліканскім узроўні быў прызнаны ўзорным па грамадскім парадку, а сам участковы атрымаў званне заслужанага работніка МУС СССР, прычым адзіны сярод радавых супрацоўнікаў міліцыі на ўсю вобласць.

На заслужаны адпачынак В.А. Хільковіч пайшоў у званні маёра ў 1992 годзе, але не страціў актыўную жыццёвую пазіцыю: працаваў у калгасе, узначальваў раённы савет ветэранаў МУС, выбіраўся старастам сваёй вёскі.

Алег Сідарэнка.

Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *