Пятница, 23 мая 2025

Как снизить вероятность аварийных ситуаций на дорогах? — в нашей рубрике «Автобудни»

661

Ці актуальны тэхагляд?

Адзін з чытачоў «раёнкі» выказаў сумненне ў тым, што тэхнічны агляд, які абавязкова з пэўнай перыядычнасцю павінны праходзіць аўтамабілі, мае такую актуальнасць. Маўляў, калі прааналізаваць аварыі, што здараюцца на айчынных дарогах, то пераважная большасць з іх здараецца па віне так званага «чалавечага фактара». Калі апеляваць да абсалютных лічбаў, то чытач газеты мае рацыю: кожная пятае дарожна-транспартнае здарэнне адбываецца па віне п’яных вадзіцеляў або пешаходаў-веласіпедыстаў, кожнае трэцяе — з-за няўважлівасці ўдзельнікаў руху. Здараецца, што небяспеку ў аварыйнае становішча ўносяць умовы надвор’я. І толькі ў адной з дзясятка аварый вінавацяць тэхнічныя няспраўнасці аўтамабіля. 

Але на думку супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі, да такога аналізу неабходна падыходзіць з улікам іншых фактараў. Не трэба забываць, што паломкі тармазной або рухальнай сістэмы, разбурэнне канструкцыі машыны ў большасці выпадкаў маюць вельмі трагічныя наступствы. З-за падобных прычын ДТЗ нярэдка суправаджаюцца гібеллю ўдзельнікаў руху, а нярэдка з-за таго, што, напрыклад, некантралюемае аўто вынесла на аўтобусны прыпынак або пешаходны тратуар, атрымліваюць траўмы ўвогуле пешаходы. Ды і ў большасці выпадкаў, калі падчас руху якая-небудзь сістэма машыны выходзіць са строю, сітуацыя не паддаецца кантролю літаральна да поўнага спынення аўтамабіля.

Патрэбны больш сур’ёзны тэхнічны кантроль
Сярод спецыялістаў усё больш прыхільнікаў набірае адваротнае меркаванне: неабходна зрабіць тэхнічны агляд больш строгім. У якасці доказу прыводзіцца статыстыка з штогадовым ростам колькасці «тэхнічных» дарожна-транспартных здарэнняў. Яшчэ адным пацвярджэннем такой думкі можна лічыць інфармацыю, якую распаўсюдзіла кіраўніцтва сеткі аўтарызаваных станцый «Бош Аўта Сэрвіс», па ініцыятыве якой да пачатку чэрвеня на СТА гэтай кампаніі ўсе жадаючыя аўтааматары змаглі заказаць бясплатнае абследаванне свайго аўтамабіля. Такой магчымасцю скарысталася больш за тысячу жыхароў Брэсцкай вобласці. І атрыманыя лічбы не проста трывожаць, а па-сапраўднаму палохаюць.
Дзевяць з дзесяці правераных аўтамабіляў, якія, дарэчы, папярэдне атрымалі допуск да ўдзелу ў дарожным руху, маюць няспраўнасці, часцей за ўсё, у тармазной сістэме або блоку кіравання рухавіком. Пераважная большасць аўто на Брэстчыне ездзіць з рознага роду дэфектамі ў электронных блоках, з актыўнымі памылкамі ў блоку ABS (антыблакавальнай сістэмы) і цэнтральным блоку электронікі. На многіх аўтамабілях некарэктна працуе або зусім «маўчыць» сістэма кантролю, што павышае рызыку больш сур’ёзных пашкоджанняў.
Асабліва трывожыць колькасць аўтамабіляў з няспраўнай тармазной сістэмай, у некаторых яна ўвогуле знаходзіцца ў аварыйным стане. І гэта вельмі небяспечна, бо такія дэфекты павялічваюць тармазны шлях, а значыць, могуць прывесці да сур’ёзных аварый і ствараюць небяспеку на дарозе як для кіроўцаў, так і для пешаходаў.
Сярод іншых распаўсюджаных памылак — няспраўнасць датчыкаў ціску ў шынах, праблемы з фарамі бліжняга святла, падушкай бяспекі, сістэмай запальвання. У некаторых выпадках дыягностыка фіксавала перагрэў рухавіка.
Атрымліваецца, што ўсе названыя недахопы працэдура тэхнічнага агляду проста «прагледзела», а значыць, у яе актуальнасці можна сумнявацца?

Непакоіць стан аўтадарог

У немалой ступені аварыйнасць залежыць і ад стану аўтадарог. Нездарма Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на адным з нядаўніх пасяджэнняў даў даручэнне распрацаваць адпаведную праграму па аднаўленні дарог: спачатку да 2020 года асноўных, што злучаюць райцэнтры з абласнымі цэнтрамі, потым пад’езды да аграгарадкоў. 
Мы звярнуліся да начальніка ДЭУ‑25 У. І. Пунько, каб даведацца, як у гэтым плане ідуць справы на Пружаншчыне. Як зазначыў Уладзімір Іванавіч, неабходна неадкладна брацца за рамонт асноўных раённых трас, аўтамабільны паток па якіх штогод толькі павялічваецца.
— За апошнія гады фінансаванне на ўтрыманне дарог рэспубліканскага значэння, за стан якіх адказвае ДЭУ‑25, было зніжана на 10%, бягучы рамонт скараціўся амаль на 15%, а капітальны — увогуле ўтрая, — гаворыць начальнік дарожнага ўпраўлення. — У выніку ў гэтым годзе будзе, можна сказаць, нанова пабудавана толькі 1,2 км дарог па раёне. Таму назваць ідэальным стан аўтатрас, якія праходзяць праз Пружаншчыну, на жаль, немагчыма. Зрэшты, яшчэ 20 гадоў таму падобныя падыходы яшчэ былі апраўданы, бо і клімат быў іншы, і машын было значна менш. Цяпер жа 30-градусныя тэмпературы зніжаюць устойлівасць асфальтавага пакрыцця да нагрузкі, а яна, у сваю чаргу, толькі ўзрастае. Калі спыніцца ля гарадскога вадасховішча ды за дзень падлічыць, колькі фур праязджае, то можна ў асобныя дні налічыць сотню і больш. Велікагрузныя аўтамабілі аб’язджаюць платныя дарогі, а нашы трасы па тэхналогіях на такія нагрузкі не разлічаны. У выніку роўных дарог у раёне літаральна няма. А любому вадзіцелю вядома, якім чынам каляіны уплываюць на аварыйную сітуацыю.
— Уладзімір Іванавіч, якія ўчасткі неабходна неадкладна аднаўляць?
— У першую чаргу, увагі патрабуе дарога Р85 на ўчастку ад Пружан да Відамлі. У бок Ружан траса рамантавалася параўнальна нядаўна, таму гэты ўчастак яшчэ вытрымлівае павялічаную нагрузку. А вось ад Ружан да Слоніма каляінасць дасягнула ўжо крытычнага ўзроўню.
Вельмі сур’ёзная аварыйная сітуацыя зараз стварылася і на гарадскім кальцы, якое неадкладна трэба разгружаць. З абавязковым аднаўленнем пакрыцця. Сёлета сродкі ёсць толькі на тое, каб зрабіць з дарожнай пліткі адмостку каля бардзюраў, якія разбураюцца аўтамабільнымі коламі. Таксама ў накірунку Аранчыц з бардзюраў будзе выкладзены «астравок бяспекі», з дапамогай якога паток машын з гэтага боку будзе накіраваны на ўезд з боку Бярозы. Запланаваны капітальны рамонт веласіпеднай дарожкі ад вёскі Стараволя, якая была зроблена яшчэ тады, калі мы ў школу бегалі. У бягучым годзе зможам зрабіць палову, астатняе пакінем на наступны. Відавочна, што гэтага недастаткова, каб істотна паўплываць на аварыйнасць, але хаця б крыху знізіць яе нам удасца. У будучым, магчыма, выканаем усё запланаванае, але пры наяўнасці фінансавання.
— Будзем спадзявацца, што сітуацыя зменіцца… Але ж падчас правядзення рамонтных работ ці не будуць выкарыстоўвацца састарэлыя тэхналогіі, якія не адпавядаюць сучасным патрабаванням?
— Мы асвоілі тэхналогію паверхневай апрацоўкі «Слары Сіл», у якой выключаецца выкарыстанне дробнага шчэбню, які потым вылятае з-пад калёс. Да таго ж, ствараецца такое пакрыццё, якое працяглы час вытрымлівае і нагрузку, і тэмпературнае ўздзеянне. Напрыклад, адрамантаваная ў бок Шанёў ад Пружан дарога спакойна вытрымае належны стан яшчэ гадоў сем.
— Уладзімір Іванавіч, Вы нядаўна пабывалі за мяжой, у прыватнасці, у Фінляндыі, дзе вывучалі вопыт мясцовых дарожных арганізацый. Што з іх напрацовак мы маглі б пераняць і сабе?
— Пра аб’ём фінансавання гаварыць не буду, і так відавочна, што краіна з самым высокім даходам на душу насельніцтва ў Еўрасаюзе можа дазволіць сабе істотныя сумы ўкладання ў дарогі. Аднак іх адносіны да аўтатрас, якія яны лічаць «крывяноснымі» сасудамі для дзяржавы, вартыя да пераймання: мы на свае вочы пабачылі ў рэальнасці, якой павінна быць шаша.
Хаця ў апошнія гады Фінляндыя таксама церпіць ад кліматычных змен: раней зімой там ніколі не было плюсавых тэмператур, а цяпер пастаянная адліга ўжо не лічыцца анамаліяй. У выніку вялікія тэмпературныя ваганні таксама сур’ёзна ўплываюць на стан дарог.
Адзінае, што можна зараз выкарыстоўваць у нашай практыцы, гэта беражлівае расходаванне выдзеленых сродкаў. Напрыклад, фінскія дарожныя арганізацыі не адказваюць за стан прылеглай тэрыторыі. А колькі нам даводзіцца збіраць смецце, аднаўляць аўтобусныя прыпынкі пасля нападу вандалаў і гэтак далей? На ўсё гэта таксама выдаткоўваюцца вялізныя грошы. Там жа падтрыманнем прылеглай тэрыторыі займаецца кіраўніцтва бліжэйшых населеных пунктаў, а дарожныя арганізацыі адказваюць толькі за камфортны праезд па трасах.
Хаця часам даходзіць і да абсурду: калі выяўлены які-небудзь недахоп на дарозе, то кіраўніцтва адказнай за яе стан арганізацыі вывучае эканамічную складаемую: выдзяляць грошы на выкараненне недахопаў ці на аплату штрафных санкцый. І варта сказаць, што апошняе выбіраецца не так ужо і рэдка…

БАЛЫ ЗА ПАРУШЭННЕ ПРАВІЛАЎ?
Нядаўна грамадскае абмеркаванне прайшла новая рэдакцыя Закона «Аб дарожным руху», з якой можна было азнаёміцца ў электронным варыянце на Нацыянальным прававым партале.
Асноўнае змяненне ў дзеючае заканадаўства тычыцца новых падыходаў да пакарання парушальнікаў. Напрыклад, прапануецца ўвесці бальную сістэму: набраў 15 штрафных балаў за каляндарны год — пазбавіўся вадзіцельскага пасведчання на шэсць месяцаў. Пры гэтым у дзеянні застаюцца і грашовыя штрафы за адміністрацыйныя правапарушэнні, і імгненнае пазбаўленне вадзіцельскага пасведчання за сур’ёзныя, з пункту гледжання ПДР, учынкі.
Якім чынам прапануецца весці ацэнку і падлік парушэнняў? У новай рэдакцыі прапануецца за парушэнне выстаўляць ад 1 да 4 балаў у прамой залежнасці ад велічыні штрафаў: 1 бал — да трох базавых велічынь. Калі сума складае ад 3 да 5 базавых, то 2 балы, звыш 5 БВ — 3 балы, звыш 10 БВ — 4 балы.
На пачатку чэрвеня былі падведзены вынікі грамадскіх выказванняў, у якіх пераважная большасць айчынных вадзіцеляў падтрымала ўводзімыя змяненні. Калі законапраект будзе адобраны парламентам, то навінка будзе прыменена на практыцы.

Рэйтынг краін з самымі жорсткімі Правіламі дарожнага руху
5. Швейцарыя — са штрафамі ў залежнасці ад памеру даходу парушальніка: у 2013 годзе адзін грамадзянін нават за перавышэнне хуткасці да 100 км/у гадзіну атрымаў пакаранне ў суме 200 тысяч еўра. Гэта выклікала грамадскае абурэнне — і штрафы замянілі на турэмнае зняволенне з мінімальным тэрмінам у 1 год.
4. Аўстралія — з турэмным зняволеннем, калі двойчы трапіў у поле зроку дарожнай паліцыі за размову па мабільніку падчас руху. За трэцяе перавышэнне хуткасці ў гэтай краіне аўтамабіль канфіскуецца і адпраўляецца пад прэс.
3. Саудаўская Аравія — са штрафам у 400 долараў ЗША, 20 ударамі палкай і 20 днямі арышту за стварэнне аварыйнай сітуацыі на дарозе.
2. Кітай — з пажыццёвым зняволеннем за кіраванне ў нецвярозым стане і нават за праезд на чырвонае святло светлафора.
1. ЗША — з пазбаўленнем вадзіцельскага пасведчання на ўсё жыццё за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане, у дадатак можна атрымаць пяць гадоў турэмнага зняволення.

Алег Сідарэнка, фота Сяргея Талашкевіча

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *