Суббота, 14 декабря 2024

Как рождается хлеб? Фоторепортаж с хлебозавода

1 531

Выпечка хлеба, выраб мясных паўфабрыкатаў, рыбных кансерваў, а таксама выпуск безалкагольных напояў — вось няпоўны пералік харчовай прадукцыі, вытворчасцю якой займаецца камбінат кааператыўнай прамысловасці.

Дырэктар ККП П.М.Феранец паказвае новае кацельнае абсталяванне.

— Штодня нашы структурныя падраздзяленні,— расказвае дырэктар ККП П.М.Феранец,— адгружаюць дзясяткі тысяч хлебабулачных вырабаў, перапрацоўваюць тоны мяса і рыбы, а таксама разліваюць дэкалітры сітро і ліманаду. Такім чынам, камбінат на 100% запаўняе патрэбы раённай сістэмы спажыўкааперацыі ў гэтых відах харчовай прадукцыі. А значыць, кожны дзень грузавыя аўтамабілі развозяць смакату па населеных пунктах раёна для таго, каб напоўніць і разнастаіць сталы жыхароў раёна. Заказчыкамі прадпрыемства з’яўляюцца індывідуальныя прадпрымальнікі і сеткавы гандаль, таму што прадукцыя прадпрыемства карыстаецца нязменным і даволі істотным попытам сярод пакупнікоў.

Вось ён, шлях нараджэння хлеба. Мука праходзіць праз шматлікія сіты, якімі кіруе загрузчык-выгрузчык харчовай прадукцыі Л.С.Талай.

На пачатку бягучага стагоддзя структурнае падраздзяленне ККП — пружанскі хлебазавод — перажываў не лепшыя часы: зношанае абсталяванне, састарэлыя тэхналогіі не дабаўлялі ні рэнтабельнасці гэтай вытворчасці, ні папулярнасці ў спажыўцоў. Асабліва апошнія выказвалі шмат нараканняў. Аднак статыстыка сведчыць аб тым, што крызісныя часы для гэтага прадпрыемства засталіся ў мінулым. Напрыклад, наш хлебазавод не толькі займае значную долю пружанскага рынку хлебабулачных вырабаў, але і адпраўляе іх за межы раёна. Па словах Паўла Мікалаевіча, з ахвотай прадукцыю купляюць жыхары Жабінкаўскага раёна, абласнога цэнтра і нават шэрагу рэгіёнаў Гродзенскай вобласці. Ды і па папулярнасці фірменнага магазіна «Гарачы хлеб» можна меркаваць аб попыце на хлебную прадукцыю прадпрыемства: часта з-за аўтамабіляў, прычым не толькі з брэсцкімі нумарамі, на стаянцы побач няма свабоднага месца.

На ўчастку цеставядзення ідзе працэдура змешвання і атрымання аднароднага цеста, за якой сочыць цеставод Г.В.Русакевіч.

Канвеер на хлебазаводзе прастойвае рэдкія мінуты, бо тут практычна кругласутачна ідзе працэс выпечкі. За бесперапынны выпуск хлебабулачных вырабаў адказваюць шэсць дзясяткаў работнікаў, пераважная большасць з якіх — жанчыны. Чытачы, напэўна, чакаюць, што мы пачнём свой аповед з замесу мукі і дабаўкі ў цеста неабходных інгрэдыентаў. Аднак гэта будзе пазней, усё пачынаецца з тэхналогіі прыгатавання тых ці іншых найменняў хлеба. Сёння ў некаторых гандлёвых аб’ектаў ёсць свае міні-пякарні, прадукцыя якіх прыцягвае сваёй разнастайнасцю. Прычым асартымент мяняецца даволі часта. На хлебазаводзе ўсё інакш. Па-першае, распрацоўкай тэхналагічнай карты або рэцэпта займаецца спецыяльнае агенцтва, якое з’яўляецца аўтарам ідэі, дасканала вывучае, ці можа яна быць рэалізавана на пружанскім прадпрыемстве. Ацэньваюцца магчымасці вытворчасці, наяўнасць абсталявання і нават пакупніцкі попыт, бо не заўсёды спажыўцы гатовы рызыкаваць рублём, спрабуючы невядомы прадукт. Нярэдка рэцэпт даводзіцца дапрацоўваць з улікам санітарных і гігіенічных патрабаванняў. Словам, на канвеер павінна паступаць толькі рэнтабельная і адпавядаючая ўсім нормам прадукцыя. Па словах кіраўніка прадпрыемства, гэта можна праверыць самастойна: дастаткова пакласці хлеб у поліэтыленавы пакет, як унутры адразу з’явіцца кандэнсат. Гэта азначае, што прадукт дыхае, і ў ім праходзяць усе неабходныя біялагічныя працэсы, якія немагчымы, калі аб’ём кансервантаў і іншых хімічных дабавак перавышае норму.

Пасля таго, як хлеб «надыхаўся» кіслародам, пекар І.Л.Зарэмба ставіць прадукцыю ў печ.

— Аднойчы мы вырашылі змяніць працэс выпечкі традыцыйнага для некалькіх пакаленняў пружанцаў хлеба-«цаглінкі» і перайшлі на сучасную металічную печку. У выніку хлеб варыўся, губляў свой звыклы смак,— гаворыць дырэктар камбіната.— Таму вярнуліся зноў да выкарыстання каменнай печкі, дзе «цаглінка» набывае свой непаўторны выгляд і пах. Так  даўнія тэхналогіі паказалі, што і сёння захоўваюць сваю актуальнасць.

Не менш адказна правільна зрабіць укладку, што дасканала ведае ўкладчык хлебабулачных вырабаў А.А.Мязга.

Не менш важны фактар — рэнтабельная работа заводскай кацельні. Усе хлебныя інгрэдыенты каштуюць грошай, праца хлебапёка таксама павіненна аплачвацца. Сур’ёзных грошай патрабуюць і энергарэсурсы. З гэтага і складваецца цана канчатковага прадукту. Безумоўна, усім спажыўцам хацелася б, каб хлеб заставаўся недарагім, над чым і даводзіцца пастаянна працаваць. Так, дзякуючы маштабнай мадэрнізацыі кацельні, праведзенай у 2016 годзе, удалося істотна знізіць спажыванне энергарэсурсаў, што паслужыла патэнцыялам для стрымлівання росту цэн на пружанскі хлеб.

І за кожным этапам працэсу выпечкі хлеба сочыць лабараторыя прадпрыемства, з вынікамі праверкі якой лабарант хімічнага аналізу В.М.Гольмант знаёміць начальніка ўчастка хлебапякарнай вытворчасці Н.А.Жыдзецкую.

І вось, нарэшце, яшчэ адзін фактар — сама вытворчасць — тычыцца менавіта працэсу нараджэння хлеба. Як расказвае начальнік завода Н.А.Жыдзецкая, тут ніколі не будуць выпускаць паскораны хлеб, які толькі першыя некалькі гадзін пасля выпечкі захоўвае свае мяккасць і смакавыя якасці. Зразумела, што такі тавар адназначна «не даедзе» ў Брады, Роўбіцк ці Кабылаўку. Неабходна, каб на працягу ўсяго шляху ад печкі да стала хлебны кавалак захоўваў свой смак.

Хутка гэтыя машыны павязуць свежы хлеб. А яго загрузкай займаецца грузчык А.В.Лукша.

Нягледзячы на істотную механізацыю, робатаў, якія б маглі выпякаць хлеб, пакуль не прыдумалі. Агрэгаты значна дапамагаюць хлебапёкам, якія павінны прасейваць мяхі з мукой, вымешваць тоны цеста, фармаваць вырабы і накіроўваць іх у печкі. Уся работа выконваецца жанчынамі, кожная з якіх з’яўляецца спецыялістам сваёй справы. Практычна ўсе работніцы прайшлі спецыяльнае навучанне. Усё на кантролі.

За пагрузкай і адпраўкай хлеба спажыўцам з дапамогай ЭВМ сочыць аператар і экспедытар Т.А.Зеляняк.

Прыемна тое, што навучанне працягваецца і падчас самога вытворчага працэсу: напрыклад, ветэраны завода аказваюць своеасаблівую метадычную дапамогу маладым работніцам, якія толькі прыступілі да работы.

Гэтак «нараджаюцца» булачкі і буханкі. Кіруе працэсам машыніст В.К.Шыршова.

— Слабым духам няма месца ў нашай пякарні,— запэўнівае Ніна Адамаўна.— Штодзень знаходзіцца ва ўмовах высокіх тэмператур, несціхаючай работы абсталявання, у насычаным мукой і вільгаццю паветры пад сілу нямногім. Пры гэтым працаваць даводзіцца ў розныя змены, нават ноччу да світання, займаючыся карпатлівай справай, якая не дапускае дрэннага настрою. Таму лічу нашых жанчын сапраўднымі гераінямі, якія ствараюць самае святое для чалавека, прычым незалежна ад сітуацыі, у якой спатрэбіцца наш хлеб.

Алег СІДАРЭНКА,  Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *