Суббота, 15 февраля 2025

Как готовимся к «Дожинкам-2019»: новости из Ружан

801

Ці маглі падумаць жыхары Ружан яшчэ пару гадоў таму, што ў іх гарадскім пасёлку пройдзе абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла «Дажынкі»? Скажам так: марылі. З падрыхтоўкай да гэтага свята, натуральна, атаясамлівалі прыкметныя пераўвасабленні ў абліччы пасёлка. І вось сёлета ў Ружанах чакаюць свята, дзякуючы якому, на думку мясцовых жыхароў, існуючыя праблемы вырашацца адным махам. Пакуль рабочыя шчыруюць на шматлікіх аб’ектах, некаторыя пасялкоўцы застаюцца толькі староннімі назіральнікамі ўсяго, што адбываецца.

Тлумачальная работа вядзецца даўно
— Большая частка ружанскіх пабудоў — гэта жыллёвы фонд. Асаблівасць населенага пункта ў тым, што ён знаходзіцца на перакрыжаванні дарог, таму цалкам праязны. Вось і атрымліваецца, што практычна ўвесь пасёлак знаходзіцца быццам на далоні ў праязджаючых, — гаворыць старшыня Ружанскага сельвыканкама Аксана Юркоўская. — Гэтая асаблівасць была прынята да ўвагі, калі спецыялісты сельсавета пачалі рабіць абходы з мэтай выяўлення праблемных, непрывабных месцаў і падворкаў.
Варта адзначыць, што гэтая работа пачалася яшчэ вясной мінулага года. У першую чаргу ўвага была звернута на Савецкую, Урбановіча і Леніна — цэнтральныя вуліцы пасёлка. Прадстаўнікі мясцовай улады вялі размовы пра навядзенне парадку не толькі з юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, чые будынкі знаходзяцца на згаданых вуліцах, але і з гаспадарамі прыватных домаўладанняў.
— Тыя, хто думалі, што ў сувязі з падрыхтоўкай да «Дажынак» да яго прыйдуць і пафарбуюць фасад дома, памяняюць агароджу, моцна памыляліся: рыхтавацца да сустрэчы гасцей жыхарам пасёлка трэба самастойна.

Папярэджваць пра гэта мы пачалі яшчэ летась, каб людзі змаглі прадугледзець і час на выкананне неабходных работ, і фінансавую магчымасць, — удакладняе Аксана Уладзіміраўна.


У сельвыканкаме запэўніваюць, работа з насельніцтвам вядзецца вельмі плённая: дробныя пытанні вырашаюцца вусна падчас індывідуальных гутарак, а вось на істотныя хібы ўказваюць з дапамогай прадпісанняў, на сходах. Амаль год як мясцовая ўлада рассылае іх, сочыць за выкананнем сваіх патрабаванняў. На канец мая Ружанскім сельвыканкамам было выдадзена 203 такія прадпісанні, з якіх 12 юрыдычным асобам, 191 — фізічным.

Галоўнае — не дорага, а акуратна
Пасялкоўцы рэагуюць на неабходнасць навядзення «марафету» па-рознаму: адны ставяцца з разуменнем, іншыя абураюцца, наракаюць на недахоп грошай. Аксана Юркоўская падкрэслівае:
— Адзіных патрабаванняў да агароджы, фасадаў ніхто не ставіць: будзе гэта плот з метала-профілю, дрэва ці з сеткі, напрыклад, — не мае значэння. Галоўнае — каб агароджа не валілася, мела годны выгляд.
Старшыня сельвыканкама падкрэслівае, што тых, каму ўжо не сорамна сустракаць гасцей, усё-такі больш.
— Людзі, якія жывуць на ўездзе з Пружанскага, Ваўкавыскага боку, ужо замянілі платы. Са Слонімскага, Івацэвіцкага ўездаў работа таксама ідзе. З лепшага боку хочацца адзначыць гаспадароў домаўладанняў №45, 47 і 49 па вуліцы Леніна, па вуліцы Савецкай, што насупраць аўтавакзала. Адгукнуўся на просьбу абнавіць выгляд будынка былой аптэкі яго сённяшні гаспадар…
Тым не менш, на кожнай вуліцы знаходзіцца хаця б адзін праблемны аб’ект: альбо з-за чалавечага фактара, альбо па прычыне нейкіх пэўных нюансаў. Падчас абходу пасёлка Аксана Уладзіміраўна звяртае нашу ўвагу на недагледжаныя хаты з непрывабнымі сядзібамі па вуліцы Чырвонаармейскай, Камсамольскай, Дудзінскага… У большасці з іх гаспадары ёсць, але абставіны розныя.
— Ёсць у нас такі праблемны дом па вуліцы Пружанскай — каля самай дарогі на ўездзе ў пасёлак. Гэта ў свой час жыхар пасёлка пачаў будаваць сабе жыллё, неўзабаве памяняў месца жыхарства (цяпер жыве пад Мінскам), так і не ўступіўшы ў права ўласнасці. У выніку атрымліваецца, што ў недабудаванага дома быццам і ёсць гаспадар і ў той жа час — няма. А вось дому №50 па вуліцы Леніна, што побач з магазінам «Хіт!», удалося знайсці новага гаспадара, які ўзяўся навесці тут парадак. Акрамя таго, паралельна вядзецца работа з юрыдычнымі асобамі, у чыёй уласнасці сёння знаходзяцца вытворчыя плошчы былых мясцовых арганізацый і прадпрыемстваў.
Больш за тое, паводле слоў прадстаўніка мясцовай улады, тлумачальная работа па навядзенні парадку вядзецца і з жыхарамі вёсак, якія знаходзяцца на пад’ездах да Ружан: уласнікі домаўладанняў першай лініі ад дарогі ў Паўлаве, Далках, Байках, Каплях, Малочках, Манчыках і іншых населеных пунктах не маюць права на безгаспадарчасць.

Прасцей іншых крытыкаваць, чым самім працаваць
— На жаль, нярэдка людзі займаюць выключна спажывецкую пазіцыю і аддаюць перавагу назіранням за тым, як працуюць дарожнікі, камунальшчыкі і іншыя рабочыя, шукаюць у іх рабоце недахопы. Пры гэтым самі не жадаюць нічога рабіць для таго, каб унесці свой уклад у агульнае пераўвасабленне пасёлка.
Ну, што ж?! Пакуль такім пра іх абавязкі як уласнікаў проста нагадваюць, просяць прывесці дом, агароджу ў належны выгляд. З першага ліпеня абяцаюць перайсці да больш кардынальных мер: прымяняючы адміністрацыйную адказнасць, караць рублём.

Лепшыя сядзібы — «на аловак!»

Самыя лепшыя прыватныя сядзібы ў сельвыканкаме таксама «бяруць на аловак», як, напрыклад, вось гэты дом па вуліцы Леніна, 49. Сёлета мясцовай уладай ізноў праводзіцца традыцыйны конкурс на лепшы падворак гарадскога пасёлка. Самых руплівых гаспадароў адзначаць каштоўнымі падарункамі. Калі вы баіцеся застацца незаўважаным, можаце самі падаць заяўку на ўдзел у сельвыканкам.

Марына Вакульская, фота Сяргея Талашкевіча