Вторник, 5 ноября 2024

Кадравыя ратацыі, выкараненне кланавасці і медыцына ў вёсцы. Лукашэнка назначыў новага міністра аховы здароўя

77

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка назначыў новага міністра аховы здароўя Беларусі. Гэту пасаду заняў Аляксандр Хаджаеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Да гэтага назначэння Аляксандр Хаджаеў узначальваў РНПЦ псіхічнага здароўя, а раней працаваў у галоўным упраўленні арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя.

Пра экс-міністра Піневіча

«Хачу падкрэсліць, каб людзі ведалі і вы разумелі, што тут размова не ідзе аб нейкім вызваленні Піневіча (Дзмітрыя Піневіча, які да гэтага часу ўзначальваў Міністэрства аховы здароўя. — Заўвага БЕЛТА) з займаемай пасады. Проста я яго бачу на іншай пасадзе. Ён будзе працаваць на іншай пасадзе», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Чалавек ён малады, энергічны. Таму ніхто не збіраецца яго адпускаць на спачынак, вобразна кажучы», — сказаў Прэзідэнт. — З Дзмітрыем Леанідавічам Піневічам вы вызначыцеся — калі ён хоча працаваць у сістэме аховы здароўя — я пярэчыць не буду. Калі не, у нас дастаткова вакансій і работы для таго, каб ён працаваў і прыносіў карысць дзяржаве».

Пра кадравую ратацыю перад выбарамі

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што кадравая ратацыя напярэдадні важных выбарчых кампаній — гэта практыка, якая ўжо склалася ў краіне: «Зразумела, што эпапея пачалася не з вас. Ідзе замена, ратацыя кадраў ва ўсіх міністэрствах, ведамствах. Гэта практыка вядомая. Напярэдадні парламенцкіх, прэзідэнцкіх выбараў мы заўсёды абнаўлялі склад і ўрада, і мясцовых органаў улады. Аблвыканкамы, гарвыканкам Мінскі. Абнаўлялі, каб людзі бачылі, з кім далей мы будзем працаваць, прымаючы рашэнне на тых ці іншых выбарах, — ці варта давяраць гэтай камандзе. Даўно была такая практыка мною ўведзена. Не выключэнне і цяперашні момант».

«У нас прыйшлі да кіравання міністэрствамі і ведамствамі, асобнымі прадпрыемствамі новыя людзі. І яшчэ раз падкрэслю: такія дзеянні з майго боку (кадры — гэта прэрагатыва Прэзідэнта) будуць прадоўжаны і ў бліжэйшы час, аж да прэзідэнцкіх выбараў. Каб тут не было розных хістанняў і нейкай эквілібрыстыкі ў СМІ», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра выкараненне кланавасці і патрабаванні да кадраў

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вывучаў кандыдатуру Аляксандра Хаджаева, паколькі пасада кіраўніка Міністэрства аховы здароўя — гэта не радавая пасада. «Цікавіўся і мінулым вашым, і сучасным. Праблем я не бачу. Думаю, што вы здольны ўзначаліць міністэрства. Але нам давядзецца паглядзець і на само міністэрства, на склад міністэрства. Гэта самая першая ваша задача, — даручыў Прэзідэнт. — А так у нас атрымліваецца, калі нейкія недахопы — вінаваты кіраўнік. Так, ён у першую чаргу вінаваты. Але нясуць адказнасць за сітуацыю, за стан спраў і іншыя. І намеснікі, і начальнікі ўпраўленняў, аддзелаў і гэтак далей. Звярніце на гэта ўвагу».

«Павінны быць выключна прафесіяналы. Адданыя сваёй справе і дзяржаве людзі. Гэта найважнейшы элемент. І я вельмі разлічваю на гэта. Ведаю, што вы чалавек пазакланавы. Хоць у Міністэрстве аховы здароўя ў нас там і сямейныя дынастыі так званыя, і кланы, і іншае. Чаго толькі няма… Гэтага быць не павінна. Я вельмі разлічваю, што вы пакладзяце канец гэтаму. Адданы справе, прафесіянал, дзяржаўны чалавек. Каб ён не сядзеў на пасадзе і не глядзеў кудысьці там на суседнюю краіну, як бы хутчэй збегчы — ці то грошай больш, ці то яшчэ нечага. З гэтым мы таксама разбірацца пачалі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«А тое ў нас некаторыя збеглыя на Захадзе сядзяць, а тут сваякі і іншыя чыняць тое, што чынілі раней. Толькі цішком. Мы гэта бачым і прымаем меры процідзеяння. Сітуацыя няпростая. Страціць краіну мы не можам. Беларусь павінна быць суверэннай, незалежнай дзяржавай, не ствараць праблем суседзям. І гэта краіна, дзе павінны жыць і дзеці нашы, і ўнукі і гэтак далей», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Таму падыходзіць трэба з гэтай ідэяй да назначэння кадраў, фарміравання складу міністэрства і далейшых дзеянняў. Гэта ў вас станоўчая якасць, што вы — чалавек у гэтым плане свабодны ад усялякіх асоб і націску», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Пра медабслугоўванне ў вёсцы і малых гарадах

Гаворачы пра будучую працу Аляксандра Хаджаева на міністэрскай пасадзе, Прэзідэнт адзначыў, што давядзецца няпроста, але за апошні час нямала і зроблена як самім міністэрствам, так і пры ўдзеле камісіі, якая была створана па даручэнні кіраўніка дзяржавы.

«Яны значна прайшліся па пярвічным узроўні аховы здароўя. Вы добра разумееце, што вёску і малыя гарады мы страціць не можам. Гэта аснова нашай дзяржавы. Ды і там жывуць людзі, якія маюць патрэбу ў першую чаргу ў дапамозе. Я не гавару, што мы ў гарадах не будзем працаваць. Але ў горадзе мы больш-менш парадак навялі, і ў нас тут дапамога аказваецца на больш высокім узроўні, чым у сельскай мясцовасці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У гэтым плане, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ужо абазначана, што трэба рабіць, і адносны наведзены парадак. «Думаю, што ў бягучым годзе мы праблему гэту вырашым — з ФАПамі, раённымі бальніцамі, участковымі, дзе яны ёсць, бальніцамі сястрынскага догляду. Але далей трэба дзейнічаць больш рашуча», — падкрэсліў ён.

Пра недапушчэнне безгаспадарчасці і перспектывы

Аляксандр Лукашэнка ставіць перад сістэмай аховы здароўя задачу лічыць грошы і не дапускаць фактаў безгаспадарчасці.

«Трэба лічыць грошы, глядзець на тое, што адбываецца. Каб не было так, як у нас было раней у часы пандэміі і пасля: вакцынацыю праводзілі – не праводзілі, недзе ў сметнік гэтыя вакцыны выкінулі, а недзе знішчылі на месцы. Але гэта вялікія грошы. Такія факты былі. Безгаспадарчасці быць не павінна. Трэба наводзіць дысцыпліну і працаваць», — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ў краіне вырашаны шэраг пытанняў, якія датычыліся забеспячэння медыкаў – як у плане фінансавага аспекту, так і неабходнага абсталявання. «Прынамсі тое, што я абяцаў пасля пандэміі работнікам аховы здароўя, мы зрабілі. Пачынаючы ад зарплат і аснашчэння нашых урачоў», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Аляксандр Хаджаеў не старонні чалавек і ў курсе, што адбываецца ў ахове здароўя ў цэлым і профільным міністэрстве ў тым ліку. І на высокай пасадзе новаму міністру трэба будзе далей развіваць айчынную ахову здароўя, глядзець у тым ліку на экспарт паслуг.

«Мы пайшлі шырока і вельмі запатрабаваны ў краінах, якія сталі на шлях развіцця, асабліва ў афрыканскіх. Яны вельмі просяць нас дапамагчы нават не проста ўдасканаліць, а стварыць сістэму аховы здароўя, дапамагчы з падрыхтоўкай урачоў. Давядзецца працаваць і там, як бы ні было складана і цяжка», — паставіў яшчэ адну задачу кіраўнік дзяржавы.

БЕЛТА